Пры зменах у інфаполі, да прыкладу, калі пераважаюць пазітыўныя навіны пра супрацоўніцтва паміж грамадствамі або паміж дзяржавамі, адбываецца змена грамадскай думкі. Няма такіх навінаў — грамадская думка не змяняецца альбо пагаршаецца. Такія арэлі лагічныя, яны заўсёды ёсць.
Тышкевіч: «На жаль, традыцыйна ва ўкраінскім грамадстве стаўленне да народа ёсць праекцыяй стаўлення да кіраўніцтва дзяржавы»
Аналітык Ігар Тышкевіч — пра тое, як украінцы ўспрымаюць сёння Беларусь і што можа змяніць цяперашнюю карціну.
Амаль дзве трэці ўкраінцаў выступаюць за поўны разрыў стасункаў з Беларуссю. Такія вынікі сацыялагічнага апытання, праведзенага ў верасні Украінскім цэнтрам эканамічных і палітычных даследаванняў імя Аляксандра Разумкова (УЦЭПД). Пра «цалкам станоўчае» стаўленне заявілі ўсяго 2,5% рэспандэнтаў, у той час як «зусім негатыўнае» выказалі 61,4%.
Дзяржавай, якая ваюе супраць Украіны, лічаць Беларусь крыху больш за 78% апытаных — у параўнанні з аналагічным даследаваннем у лютым сакавіку гэтая лічба на пару адсоткаў зменшылася. Але ж у перспектыве поўны разрыў стасункаў, уключна з забаронай на ўезд беларусаў, адназначна падтрымлівае амаль палова рэспандэнтаў — 43,8% (хоць гэты паказчык таксама крыху паменшыўся).
Пра тое, наколькі вынікі апытання адлюстроўваюць рэальнасць і што можа змяніць карціну, Филин распытаў аналітыка Украінскага інстытуту будучыні Ігара Тышкевіча.
— Гэта адзін з сацыялагічных набораў, — звяртае ўвагу Ігар Тышкевіч, — апытанне праводзіцца перыядычна, і лічбы знаходзяцца плюс-мінус у тым жа самым дыяпазоне. Што цяпер, у стане вайны, лагічна.
Аналітык робіць важныя засечкі для разумення прыведзеных лічбаў. Перадусім ён звяртае ўвагу, што апытанне ладзілася сярод людзей, якія проста цяпер знаходзяцца ва Украіне:
— А гэта штодня — паветраныя трывогі, інфармацыя пра загіблых, і агулам дастаткова негатыўны інфармацыйны фон. І на ім яшчэ рэгулярна з’яўляюцца заявы Лукашэнкі пра тое, што «мы саюзнікі з Расіяй». Для ўкраінскага грамадства, для медыяпрасторы таксама важна, хто гандлюе з Расіяй, хто пастаўляе запчасткі і іншае — а тут такія шчырыя і адкрытыя заявы.
На жаль, традыцыйна ва ўкраінскім грамадстве стаўленне да народа ёсць праекцыяй стаўлення да кіраўніцтва дзяржавы. І пры такім раскладзе чакаць нейкіх іншых лічбаў банальна не выпадае.
Пры гэтым казаць, што гэта ўжо назаўсёды, што кропка і далей нічога, я б таксама не стаў.
Не сакрэт, гаворыць Ігар Тышкевіч, што ва ўкраінскім грамадстве ёсць розныя геапалітычныя ўпадабанні і перавагі. У людзей унутры краіны — адна пазіцыя, якая, аднак, не жалезабетонная і можа змяніцца, калі баявыя дзеянні прыпыняцца. А калі тыя самыя пытанні задаваліся б украінскай дыяспары, бежанцам у розных еўрапейскіх краінах, лічбы і сімпатыі былі б крыху іншымі.
Трэці складнік грамадства, хоць шмат хто можа не пагадзіцца — украінцы, якія жывуць пад акупацыяй альбо з’ехалі ў Расію, і відавочна, да Беларусі ставяцца значна лепш.
— Пры ўмове пазітыўнага заканчэння вайны гэта таксама будзе тая група, якая будзе праецыраваць сваё стаўленне да Беларусі, і лічбы зноў-такі зменяцца, — разважае аналітык. — З пункту гледжання зменаў больш грунтоўных — я б таксама не драматызаваў. Умоўна кажучы, у выпадку, калі вайна сканчваецца і пачынаюцца перамовы або нейкія кантакты, і змяняецца рыторыка — адпаведна, змяняецца стаўленне. Тут грае ролю і эмацыйны чыннік, і канфліктнасць/бесканфліктнасць у стасунках між дзяржавамі.
Аналітык прыводзіць прыклад, як трансфармавалася стаўленне ўкраінцаў да Польшчы (гэтая дынаміка, дарэчы, таксама прасочваецца ў розных хвалях апытанняў УЦЭПД імя Разумкова — Ф.).
— Факты блакады мяжы, факты спрэчак пра гістарычную памяць — гэта ўжо змяніла ў горшы бок стаўленне да палякаў. Тое самае адбываецца і з імі.
Наступнае пытанне — міжасабовыя кантакты, наколькі яны адновяцца пасля вайны. Таму што цяпер ёсць негатыўнае інфаполе, межы закрытыя, і фактычна такіх кантактаў няма.
Іншы важны складнік, які можа змяніць карціну — інфармацыйная праца ў тым ліку апанентаў Лукашэнкі.
Ёсць тэза, што трэба адрозніваць беларусаў ад улады, народ ад рэжыму, але яна не структураваная ў нейкую інфармацыйную палітыку на ўкраінскім накірунку.
Ёсць недапрацоўка і з украінскага боку (так, калі згадаць пра беларускіх добраахвотнікаў, стаўленне ўкраінцаў адразу змяняецца на пазітыў).
Калі прадстаўнікі дэмсілаў кажуць пра тое, што трэба размяжоўваць беларусаў і Лукашэнку, узнікае пытанне: а каго яны разумеюць пад беларусамі? Тых, хто ўнутры Беларусі, або тых, хто ў Вільні, Варшаве і г.д.? Калі правесці рысу па дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, маўляў, тыя, хто выехалі, добрыя, а тыя, хто ўнутры — такія, як ёсць, то негатыўныя вынікі ў сацыялогіі мы будзем мець і далей.
На маю думку, калі задзейнічаць гэтыя ключавыя складнікі, зладзіць большае інфармаванне, у тым ліку праз партнёраў ва Украіне, узмацніць супрацоўніцтва з рознымі медыя, узаемадзеянне дыяспар, перафарматаваць тэзу пра мяжу між насельніцтвам і Лукашэнкам — усё гэта будзе мець свой плён.
Ці залежыць нешта ад Лукашэнкі і ягоных заяў? На думку аналітыка, рыторыка правадыра рэжыму ўсё ж важная:
— Калі пару год таму Зяленскага ён называў «гнідай», то цяпер выключна «Уладзімір Аляксандравіч», — зазначае аналітык. — І надалей пытанне, што будзе гучаць датычна Украіны з вуснаў як Лукашэнкі, так і ягонага атачэння, ці моцным будзе нахлёст прапагандыстаў.
Калі рыторыка зменіцца на нейтральна-пазітыўную — будзе ў нечым змяняцца і стаўленне ўнутры Украіны. Але хутчэй яно будзе змяняцца праз пазітыўныя сігналы.
Просты прыклад: тое, што пачалі «падсвечваць» збіццё расійскіх беспілотнікаў — пры ўсім негатыве да Лукашэнкі і да Беларусі адпаведна, ва Украіне гэты факт успрынялі пазітыўна.
Читайте еще
Избранное