Филин

Яна Сакалова

Тышкевіч: «Калі вайна зацягнецца, не выключаю далейшую канфіскацыю і продаж актываў беларускіх кампаній ва Украіне»

Палітычны аналітык Ігар Тышкевіч у інтэрв’ю Филину — пра арышт маёмасці беларускіх прадпрыемстваў.

Служба бяспекі Украіны паведаміла, што ў Жытомірскай вобласці арыштавалі актывы беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў на агульную суму больш за 30 мільёнаў грыўняў (болей за $1 020 000).

Пры гэтым назвы кампаній не агучваюцца, але СБУ піша, што канчатковымі бенефіцыярамі прадпрыемстваў з’яўляліся прадстаўнікі крамлёўскіх бізнес-структур.

На мінулым тыдні ва Украіне былі арыштаваныя актывы беларускай паліўнай кампаніі на $683 тыс. Мяркуецца, гаворка ідзе пра «БНК-Украіна». СБУ піша, што кампанія мела «непасрэднае дачыненне да фінансавання агрэсіі Расіі супраць Украіны»

Якіх яшчэ актываў могуць пазбавіцца беларускія кампаніі ва Украіне? Якія шанцы вярнуць іх пасля вайны?

— Арыштаваны актыў — гэта не тое ж самае, што канфіскаваны, — тлумачыць Ігар Тышкевіч. — Гэта азначае, што забаронена яго прадаваць, змяняць ягоныя характарыстыкі, забаронена ўводзіць новых акцыянераў і ў выпадку, калі працягвае працаваць, забаронена фактычна распараджацца прыбыткамі. Можа быць заблакаваны рух па рахунку, у такім выпадку праца блакуецца цалкам.

Далей яны передаюцца ў Нацыянальнае агенцтва па выяўленні, вышуку і кіраванні актывамі АРМА. У выпадку, калі суд прымае рашэнне пра канфіскацыю ў даход дзяржавы, тады АРМА перадае ў кіраванне ці для продажу іншым ведамствам.

Апроч канфіскацыі часткі вагонаў і грузавікоў МАЗ, уся астатняя маёмасць беларускіх кампаній пакуль арыштаваная. Гэта азначае, што па фіналу рашэнне яшчэ не прынятае. І гэта база для будучых перамоваў у выпадку, калі дзяржавы вырашаць аднаўляць гандаль.

Тое, што канфіскавана, ніхто вяртаць не будзе. Па астатнім будуць весціся перамовы. Калі казаць пра «БНК-Украіна», пра некалькі кампаній Вараб’я, то пад арыштам найбольш яго бізнес, але гэта звязана не столькі з беларускім трэкам, колькі з трэкам Мядзведчука. Частка з іх ужо канфіскаваныя.

А калі казаць менавіта пра беларускія кампаніі, думаю, што ёсць некалькі больш дробных прадпрыемстваў, напрыклад, «Белаўтадор Украіна», «Белцэмент Украіна», карацей, каля дзясятка прадстаўніцтваў розных беларускіх кампаній з той ці іншай маёмасцю на тэрыторыі Украіны існуюць.

Іх актывы могуць існаваць у прынцыпе, але далейшы іх лёс істотна будзе залежаць ад таго, у якім фармаце будзе працягвацца вайна, у якім фармаце будзе працягвацца суседства Беларусі і Украіне. Калі вайна зацягваецца больш чым на 4-5 месяцаў, не выключаю далейшую канфіскацыю і продаж гэтых актываў.

Частку кампаній абміне гэты лёс, таму што ў гандлі Беларусі і Украіны ёсць некалькі таварных групаў, яны не масавыя, але гэта прадукцыя, якая ключавая для нацыянальнай эканомікі. Каб вы разумелі, нават зараз, не зважаючы на поўны абвал гандлю, паглядзіце на дадзеныя Белстата, мінімальны гандаль менавіта такімі таварамі на ўзроўні беларускага экспарту 14 мільёнаў даляраў быў нават у красавіку. Не зважаючы на закрытыя межы, мінімальныя аб’ёмы па крытычных таварах засталіся.

Такім кампаніям хутчэй за ўсё нічога пагражаць не будзе. Прынамсі на пераходны перыяд, пакуль Украіна не атрымае пэўную альтэрнатыву. У выпадку пагаршэння адносінаў паміж Беларуссю і Украіне ім будзе пагражаць хутчэй пазіцыя беларускага боку, чым украінскага. Але ў дадзеным выпадку яны па-за ўдарам як з аднаго, так і з другога боку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)