Тышкевіч: «Для Ўкраіны беларускі «дэмакрат», які лічыць РФ «страной-другом», а Крым расейскім, нічым не лепей за расейскага чарнасоценца»

Палітолаг тлумачыць, чаму беларусаў не пускаюць у Ўкраіну, і як дзейнічаць тым, хто хоча перасекчы мяжу.

— Грамадзянаў краіны пачалі пільна даглядаць на мяжы з Украінай і часта-густа заварочваюць назад. Асабліва калі гаворка йдзе пра мужчынаў прызыўнога веку. І тут пад раздачу патрапілі адразу некалькі асобаў, якія раней засьвяціліся ў пратэстах супраць Лукашэнкі, — піша Ігар Тышкевіч. — Паспрабую патлумачыць сытуацыю па пунктах:

1. Пра пагрозу агрэсіі ў выкладзе заходніх (у першую чаргу амэрыканскіх СМІ) чулі ўсе. Але ёсьць пагроза унутранай дэстабілізацыі, правакацый, тэрактаў. Сюды ж дадам фактар эканамічнага ціску – пытаньне паставак энэрганосьбітаў, паліва, дзе Крэмль спрабуе стварыць дадатковыя праблемы для Кіева.

2. Беларусь усё больш і больш збліжаецца з РФ. Ужо гэта падстава для пільнасьці. Але ёсьць і другі бок: РФ ускрай зацікаўленая ў правакацыях, якія б адбіліся на эканамічным супрацоўніцтве Менску ды Кіева. Бо ў кароткатэрміновай пэрспэктыве (да 6 месяцаў – года) гэта аслабляе як адных, так і другіх.

3. Негатыўныя заявы беларускіх уладаў і (чаго не было раней) спроба Лукашэнкі гуляцца з апанэнтамі Зяленскага. Так, афіцыйны Менск упершыню за апошнія 10 год актыўна спрабуе знайсьці праваднікоў сваіх інтарэсаў сярод розных (апазыцыйных) групаў.

І, нарэшце, галоўнае – гаворка не можа ісьці пра агрэсію Расеі ў Украіну. РФ напала ў 2014-м, адхапіўшы Крым і пачаўшы вайну на Данбасе. І вайна йдзе (няхай яе і не называюць вайной) ужо 9-ы год.

На гэтым вяртаемся да пытаньня абураных беларусаў. Асабліва тых, хто лічыць сабе дэмакратам і барацьбітом з рэжымам. Маўляў, як жа так?! Ок. Паспрабуйце паставіць сабе на месца ўкраінскіх палітыкаў і сілавікоў. І задаць некалькі пытаньняў:

- калі пасьля жніўня 2020 «лідары беларускага пратэсту» першы раз выцягнулі з сабе словы што Крым – Украіна? Якія былі заявы да гэтага і чаму, напрыклад, Цапкала баіцца вяртацца ў Кіеў?

- як камунікавалася стаўленьне да РФ. Напрыклад, у сьпешна выдаленым з сацыяльных сетак запісу камунікацыі штабу Ціханоўскай з прадстаўнікамі дыяспараў (тое самае відэа з прамым пытаньнем, што да расцяжкі РФ-Украіна, зададзеным беларусам з Украіны). Альбо твіт наконт таго, што «белорусы не будут никого обижать»?

Такім чынам ёсьць Лукашэнка, які гаворыць багата чаго рэзананснага, нават па Крыму, але пры гэтым пазыцыя беларускай дыпляматыі па тых пытаньнях нязьменная. І ёсьць гандаль, які на сёньня важны. І ёсьць разуменьне, што гандаль гандлем, але мужчына прызыўнога веку можа несьці небясьпеку ў часе эскалацыі.

Бярэм другі бок. Аналагічныя Лукашэнку выказваньні па ключавых пытаньнях. Хіба без негатыву і казак пра украінскую пагрозу Беларусі. Але з прэтэнзіямі, чаму Кіеў не рубіць эканамічныя сувязі зь Менскам. Без прапановаў што на замену – проста чаму не вырашае за беларускіх «дэмакратаў» іх праблемы. І ёсьць «уважаемый Владимир Владимирович» альбо «русские нам близки и друзья».

У такім выпадку лагічнае аналагічнае згаданаму (даруйце за каламбур) стаўленьне да мужчынаў прызыўнога веку. Бо для Ўкраіны беларускі «дэмакрат», які лічыць РФ «страной-другом», Крым расейскім, ці не разумее, чаму яго кампанію хейцяць у Ўкраіне за спробы выставіць патрабаваньне «говорить по-русски», нічым не лепей за расейскага чарнасоценца.

Той жа J:MOРС дзівіцца, чаму іх не пусьцілі ў Украіну. Хлопцы, а вы на сваім афіцыйным сайце ўласную афішу глядзелі? Канцэрт у Кіеве, пасьля канцэрты ў Піцеры і Маскве. Я разумею што «это же другое». Але украінскі памежнік – не. Бо яны служаць ратацыйна: пэўны час у тылу, пасьля на фронце. Дзе па той бок расейскія ЧВК ці мясцовыя фармаваньні пад камандаваньнем спецоў з РФ. Гэта не другое – гэта прычына сказаць «нехай щастить» у вольным перакладзе на расейскую мову.

Што ж рабіць у такім выпадку?

Рэжым пільнага дагляду, верагодней за ўсё, будзе яшчэ колькі тыдняў. Прынамсі да пачатку красавіка. Таму, калі пільна трэба ў Украіну, варта парупіцца пра некалькі пунктаў:

1. Калі едзеш па справах – падумаць, хто на украінскім баку можа выказацца на тваю карысьць.

2. Згадаць што ёсьць беларуская мова. Практыка паказвае, што стаўленьне да беларускамоўных іншае. Праверана.

3. Не быкуй і пакінь «віртуальную карону цэнтру сусьвету» дома. Але й памятай пра свае правы на мяжы. Таму варта пацікавіцца спецыфікай пераходу.

4. Так, фармальныя патрабаваньні (напрыклад, страхоўка, грошы на побыт і г.д.) існуюць, каб выконваць. Нават калі на іх не зважалі гадамі.

Неяк так. Для тых хто разумее «Нехай щастить». Для тех, кому нужен русский перевод фразы – погуглите иллюстрации.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(20)