Турарбекава: «Лукашэнка мае патрэбу не толькі ў выхадзе з міжнароднай ізаляцыі, але і ў пошуку свабодных сродкаў, шляхах абыходу санкцый»

Гісторык, экспертка па міжнароднай палітыцы Роза Турарбекава — пра тое, чаму беларускія ўлады спрабуюць задружыцца з Аманам і ці атрымаецца ў рэжыму Лукашэнкі выбіць сабе месца на мірных перамовах па Украіне.

У мінулыя выходныя Аляксандр Лукашэнка паляцеў у Султанат Аман — як паведаміла прэс-служба правіцеля, з мэтай абмеркаваць «стан і перспектывы развіцця стасункаў», а таксама абмяняцца «думкамі па актуальнай міжнароднай павестцы дня». Чаму беларускім уладам цікавая гэтая краіна, і ці сапраўды перспектыўна сябраваць з ёй?

— Гэтая краіна адметная, яна адыгрывае сваю ролю ў сістэме бяспекі ў Персідскім заліве, — тлумачыць экспертка па міжнароднай палітыцы Роза Турарбекава ў эфіры Еўрарадыё. — Эміры Амана заўжды выконваюць ролю пасярэднікаў паміж суніцкім і шыіцкім ісламам, умоўна, зараз гэта шыіцкі Іран і, напрыклад, Саудаўская Аравія. І гэта вельмі важна, бо на Блізкім Усходзе цяпер нават на афіцыйным узроўні паміж гэтымі галінамі ісламу вельмі напружаныя адносіны.

Роза Турарбекава

Па-другое, Аман грае вельмі цікавую ролю ў сувязях паміж краінамі Афрыкі і Блізкага Усходу, а таксама паміж Індыяй і краінамі Блізкага Усходу — на мапе гэта вельмі добра бачна па іх геаграфічным становішчы.

Беларусь жа, нагадвае гісторык, актыўна развівала супрацоўніцтва з Аманам у 2019-2020 гадах, тады сумесныя праекты рэалізоўвалі нацыянальныя мастацкія музеі, а ў БДУ нават адкрылі адмысловы Аманскі цэнтр па вывучэнні арабскай мовы.

Але з пункту гледжання міжнароднай палітыкі, нягледзячы на больш чым 30-гадовыя дыпламатычныя стасункі, гэта не надта важны партнёр для Беларусі, таму, што там робіць Лукашэнка зараз, пытанне адкрытае.

— Адносіны ў нас у 2019-2020-м толькі пачалі развівацца, потым перарваліся. І мабыць, зараз спрабуюць гэта рэанімаваць, бо краіна багатая, — мяркуе Роза Турарбекава, — а Лукашэнка мае патрэбу не толькі ў выхадзе з міжнароднай ізаляцыі, але і ў пошуку свабодных сродкаў, шляхах абыходу санкцый, у тым ліку фінансавых. Бо краінам Персідскага заліву вядома, як гэта робіцца: у свой час некаторыя банкі дапамагалі, напрыклад, Ірану абыходзіць санкцыі.

З пункту гледжання афіцыйных двухбаковых стасункаў Беларусі і Амана — эканамічных, палітычных, культурных — выбачайце, але ўсё ў зачаткавым стане. Хіба што беларускіх трактароў там не хапае ў параўнанні з італьянскімі ці нямецкімі — людзі пры грашах закупаюць больш якасную тэхніку, не думаю, што беларуская ўваходзіць у гэты лік.

У краіны Персідскага заліву ўвесь свет пастаўляе свае тавары, гэта вялікі гандлёвы хаб на шляху паміж Еўропай і Азіяй. Шансы нешта беларускае, тую ж малочку, прасунуць туды ёсць. Але сёння тавараабарот настолькі смеху варты — 5 мільёнаў долараў!

У гэтым рэчышчы цікава, у колькі сам візіт абышоўся. Хаця зразумела, што ездзіць цяпер Лукашэнку асабліва няма куды. Што ж да эфекту ад гэтай паездкі — паглядзім, што будзе праз год.

«Толькі жадання амерыканскай адміністрацыі для перамоў па Украіне недастаткова»

Сумнеўны, мякка кажучы, плён прыносяць і спробы беларускай улады «застаўбіць» сабе месца ў магчымых мірных перамовах па Украіне — ні пра тэрміны, ні пра ключавыя ідэі і ўдзельнікаў яшчэ нічога не вядома, але афіцыйны Мінск ужо заяўляе, што без яго падобная гутарка немагчымая. І патрабуе гарантый бяспекі. А якіх і ад каго?

— Лукашэнка хоча атрымаць гарантыі бяспекі ад Захаду і ад Украіны, — адзначае Роза Турарбекава. — Не тое, каб «супраць» кагосьці, а «за тытана Лукашэнку» — ад розных бядот, якія могуць здарыцца. На ўсякі выпадак. Не ведаю, можа, ад падзення метэарыта альбо ад нейкіх ІГІЛаўцаў, якія могуць уварвацца і скінуць ягоны рэжым, як рэжым Асада… Словам, гарантый як для сябе асабіста, так і для сваёй улады на тэрыторыі Беларусі.

Мяркую, прадметам гутаркі можа быць не толькі ваенная бяспека, не толькі межы, але і, напрыклад, спыненне падтрымкі апазіцыі. Звярніце ўвагу, як беларускі МЗС ацэньвае стратэгічны дыялог дэмакратычных сіл і ЗША: як «умяшальніцтва ва ўнутраныя справы».

Насамрэч яны хацелі б абмеркаваць нешта падобнае — але наўрад ці хто пойдзе на такі дыялог. А вось з Украінай, на маю думку, знойдзецца аб чым пагутарыць: мяжа, полк Каліноўскага і шмат чаго яшчэ. І Украіне спатрэбяцца гарантыі бяспекі з боку Беларусі — хоць я не ўпэўнена, што яны ўспрымаюць Лукашэнку як самастойнага суб’екта. У яго ёсць невялікі шанс ускочыць у апошні вагон цягніка, аднак, хутчэй, яны будуць размаўляць з Расіяй на гэты конт.

Калі справа датычыцца не замарозкі ваеннага канфлікту, а перамоўнага працэсу, мэта якога — дасягнуць дамовы аб міры, то без гэтага кампаненту, гарантый бяспекі на беларуска-ўкраінскай мяжы, такая дамова дакладна немагчымая. На мой погляд, пакуль мы бачым рух у бок спынення агню, замарозкі канфлікту, але гаворка не ідзе аб заключэнні сур’ёзнай дамовы наконт міру.

Для таго, каб апошняе стала магчымым, абодва бакі мусяць быць гатовымі дамаўляцца — а я не ўпэўненая ў гэтым. А толькі жадання амерыканскай адміністрацыі для гэтага недастаткова.

Белы дом у свой час абламаў зубы на Блізкім Усходзе, і перамовы там нічым не завяршыліся. А цяпер гэта можа быць наогул немагчымым. Прыкладна такая ж гісторыя можа быць і з Украінай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)