Турарбекава: «Адкрыўшы адзін раз скрыню Пандоры масавых рэпрэсій, зачыніць яе, назад вярнуцца рэжым не можа»

Гісторык і палітолаг Роза Турарбекава — пра маніпуляцыі беларускіх уладаў, палітычныя вынікі года і прагнозы на 2025-ты.

— Мяне вельмі хвалюе тое, якія заявы робяць чальцы каманды Дональда Трампа, — гаворыць Роза Турарбекава ў эфіры Еўрарадыё.

Як прыклад яна прывяла пост мільярдэра Ілана Маска ў падтрымку ўльтраправай нямецкай партыі AfD. Пры тым, нагадала экспертка, многія радыкальныя правыя партыі ў Еўропе так ці інакш фінансуюцца і Крамлём і выступаюць за скарачэнне альбо спыненне вайсковай дапамогі Украіне.

Роза Турарбекава

На думку Розы Турарбекавай, гэта вельмі трывожны знак, і ў 2025 годзе ў сусветнай палітыцы можа адбывацца сапраўдны трэш, бо палітыка ЗША аказвае каласальны ўплыў на еўрапейскія ўрады — а таму гэта можа непасрэдна адлюстравацца і на становішчы беларусаў у выгнанні.

— Наш спадзеў на тое, што падзеі на фронце ва Украіне будуць мець іншы характар, на жаль, не спраўдзіліся, — зазначае палітолаг, — больш за тое, да ўлады ў ЗША прыйшла тая адміністрацыя, якая відавочна не хоча падтрымліваць Украіну.

Эфект ад гэтага будзе адгукацца ў 2025 годзе — гэта будзе некампетэнтная, небяспечная палітыка з вельмі непрадказальнымі, хутчэй адмоўнымі, вынікамі не толькі для ЗША, але і для Еўропы, і для нашага рэгіёна. 2025 год будзе, па маіх адчуваннях, вельмі цяжкі і з вялікай колькасцю адмоўных трэндаў і падзей.

Ёсць і рызыка перагляду амерыканскай палітыкі датычна рэжыму Лукашэнкі, мяркуе Роза Турарбекава — але для гэтага Мінску давядзецца вельмі пастарацца, каб прыцягнуць увагу адміністрацыі Трампа і перастаць быць у іх вачах нявартай дробяззю.

— Не дробязь для Трампа — выкананне ягоных перадвыбарчых абяцанняў. А там нідзе і ніяк Беларусь не фігуруе, самае галоўнае ў іх — дасягненне міру паміж Расіяй і Украінай. Вось дзе мы можам трапіць у фокус увагі.

Калі перамоўны працэс сапраўды пачнецца, у чым я, па шчырасці, вельмі сумняюся (бо магчымае спыненне агню, але замароўкай канфлікту вайна не скончыцца, толькі будзе прыпыненая) — тады Лукашэнка трапіць у фокус увагі Дональда Трампа. Перадусім у той частцы, дзе гаворка ідзе пра бяспеку межаў Украіны. У любой дамове пра доўгатэрміновы мір мусяць быць закладзены гэтыя пытанні: уласна, правядзенне межаў і маніторынг іх бяспекі.

Думаю, з украінскага боку адным з галоўных патрабаванняў будзе якраз бяспека беларуска-ўкраінскай мяжы, улічваючы тое, з чаго пачалася вайна. Але ці захочуць бачыць Лукашэнку і ягоную каманду за сталом перамоў Украіна і краіны Захаду — вялікае пытанне. Хутчэй не, чым так.

Калі ж Беларусь запішуць у заўзятыя стратэгічныя партнёры Кітая — на ўдзеле ў перамовах і спробах наладзіць стасункі з ЗША лукашэнкаўскай адміністрацыі можна наогул ставіць крыж, дадае экспертка.

Пакуль жа правіцель спрабуе намякнуць сваім чыноўнікам, што наступны ягоны тэрмін будзе звязаны са змякчэннем стасункаў з Захадам — на думку Розы Турарбекавай, заявы пра амерыканскіх дыпламатаў, якія нібыта «просяцца» ў Мінск, могуць быць часткай перадвыбарчай кампаніі Лукашэнкі.

— І частка з іх, верагодна, яму верыць, бо, на жаль, наш бюракратычны апарат далёка не ўвесь кампетэнтны. Ёсць шмат дзяржаўных службаў, у якіх думкі адносна міжнароднай сітуацыі — на ўзроўні Лукашэнкі, калі не Азаронка.

Што да чарговай партыі памілаваных палітвязняў — гэта, лічыць палітолаг, частка тактыкі, але не стратэгіі рэжыму. Курс яго захоўваецца рэпрэсіўным, і паралельна з вызваленнямі адбываюцца новыя, больш маштабныя затрыманні (а частка палітычнага пераследу нават не трапляе ў публічную прастору з-за таго, што людзі запалоханыя).

— Узмацненне рэпрэсій, якое назіраецца за апошнія месяцы, не дазваляе думаць аб тым, што старонка перагорнутая, — падкрэслівае Роза Турарбекава.

Якасць рэжыму змянілася, і, адкрыўшы адзін раз скрыню Пандоры масавых рэпрэсій, зачыніць яе, назад вярнуцца ён не можа. Ён можа лавіраваць, выкарыстоўваць новую тактыку, імітаваць гуманізм — і для нас гэта нагода разважаць, як падштурхнуць яго вызваляць яшчэ больш людзей. Але пры гэтым трэба вочы трымаць расплюшчанымі, а галаву цвярозай, не ўяўляць тое, чаго няма.

Я таксама хацела б у гэта паверыць, але як гісторык не магу пераканаць сама сябе ў тым, што гэта змяненне курсу. Бо ўсё астатняе сведчыць: курс на рэпрэсіі захоўваецца. Я за тое, каб, калі ёсць такая магчымасць, выратаваць як мага больш людзей, за перамовы па гуманітарным трэку. Але не лічу, што гаворка ідзе пра змену палітычнага курсу Лукашэнкі.

Улада па сваёй сутнасці з часоў Навухаданосара не мяняецца, гэта зло, якое не адпускае. У гісторыі чалавецтва ёсць усяго некалькі прыкладаў, калі чалавек па сваёй волі аддаў уладу і сышоў, будучы пры гэтым здаровым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(15)