Филин

Ганна Севярынец

«Тое, чаму наканавана аджыць і скончыць свой сюжэт, тое скончыць»

Цяпер падзеі разгортваюцца незалежна ад волі канкрэтных людзей — не важна, на якім яны баку.

Дзеянні ўжо закладнікі сітуацыі. І ўсе, у тым ліку і людзі, якія прымаюць высокія рашэнні, зыходзяць з логікі сваіх папярэдніх дзеянняў. То бок, хто дзейнічаў у русле стрэліць сабе ў нагу, той так і робіць — у яго няма ўжо іншых шляхоў.

Падзеі закруціліся так, што кожны ідзе да сваёй мэты па логіцы гістарычнага развіцця. Тое, чаму наканавана аджыць і скончыць свой сюжэт, тое скончыць. Той, каму наканавана развівацца і рушыць далей, той будзе развівацца. Мы можам толькі назіраць. І мне падаецца, не надта важна, якая канкрэтна падзея адбываецца: увод санкцый, карэкціроўка санкцый ці там адказ на санкцыі — гэта ўжо такі гістарычны клубок, які неадменны.

Тое, што ўсе гэта б’е па простых людзях — а як можа быць, каб так не было? Як бы нам не хацелася адчуваць, што мы на адным баку, а яны на іншым, — ўсе ў адной лодцы. І мы нікуды не падзенемся ад усведамлення таго, што гэтая ўлада была абраная народам, мела падтрымку і цяпер у пэўным сэнсе мае. Ну а што мы хацелі? Пастаяць убаку?

Я ў гэтым сэнсе гістарычны фаталіст. Разумею, што знаходжуся ў гістарычным патоку, і тут ужо як адбываецца — так адбываецца. Пасадзіла бульбу, закатаю агуркоў і пастараюся, каб мая сям’я змагла пражыць гэты час.

Мая задача заставацца сумленным чалавекам, пільнаваць сваю сям’ю, сачыць за тым, каб я не станавілася зверам, дапамагаць тым, каму патрэбна дапамога ў межах маіх магчымасцяў, пісаць лісты тым сябрам і блізкім, якія знаходзяцца за кратамі і не забывацца, на тое, што кожны з нас стварае вакол сябе прастору любові, надзеі, дабра. Болей мы нічога не можам. Але трэба перажыць гэты час.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(101)