Беседка

Анастасія Зелянкова

Тарас: «Такія змагары за родную мову, што не ведаеш – смяяцца ці плакаць?!»

З нагоды завяршэння серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» заснавальнік і рэдактар Анатоль Тарас распавёў «Салідарнасці», ці адчувае задавальненне ад зробленай працы, у чым ён расчараваўся, а таксама адказаў тым крытыкам, якія называюць яго «зацятым русіфікатарам».

Выйшлі з друку пяць апошніх кніжак серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры». Яны прысвечаныя паэту Уладзіміру Жылку, пісьменніку і грамадскаму дзеячу Аляксею Карпюку, літаратуразнаўцу Генадзю Кісялёву, гісторыку Міхасю Чарняўскаму, фалькларысту Арсеню Лісу.

— Выданне серыі скончана. Якія пачуцці ахопліваюць?

— Канешне, задавальненне. Бо калі пачынаў у кастрычніку 2012 года, ніхто не верыў, што я здолею давесці гэты праект да заканчэння.

Напрыклад, вядомы літаратар Сымон Барыс сказаў мне тады пры шматлікіх сведках: «Будзе вельмі добра, калі вы здолееце выдаць у сваёй серыі хоць бы 15 кніжак». Яго можна зразумець. Амбіцыйных заяў было шмат, а вось скончаных доўгатэрміновых праектаў няма. Таму я вельмі рады, што ў мяне атрымалася.

— Вы падкрэсліваеце, што гэта ўнікальная серыя. Але ж біяграфіі многіх дзеячаў можна знайсці ў энцыклапедыях. У чым тады адметнасць?

—Так, імёны «кандыдатаў у героі» прысутнічаюць у беларускіх энцыклапедыях. Са 100 там не згаданы толькі два: Віктар Сташчанюк ды Леанід Маракоў. 

«Эта книга посильнее тысяч публикаций про режим Лукашенко»

Але, па-першае, прыкладна палове персон з серыі не было прысвечана ніводнай кнігі, пра іх можна знайсці толькі адзін-два артыкулы ў часопісах ды нататкі ў газетах. Па-другое, як каардынатар і рэдактар я імкнуўся выводзіць на першы план аналіз творчасці герояў, а не іх біяграфіі.

Вось, напрыклад, Язэп Янушкевіч апублікаваў у 1995 годзе кніжку «Неадменны сакратар Адраджэння», прысвечаную Вацлаву Ластоўскаму. У ёй 68 старонак. Біяграфія выкладзена добра. Але аналіз творчасці адсутнічае. І так амаль ва ўсіх нашых аўтараў: біяграфіі, біяграфіі, біяграфіі… А дзе іх творчыя здзяйсненні? Бо калі няма здзяйсненняў, нікому не патрэбныя і біяграфіі.

Нагадаю ў гэтай сувязі аднаго з герояў серыі – Мікалая Крукоўскага. Пры жыцці яму рабілі шмат поскудзяў. А пасля смерці сталі казаць, што ён быў філосафам сусветнага ўзроўню (!), адным з найвялікшых у ХХ стагоддзі (!), выдалі збор твораў у пяці тамах… Дарэчы, выдалі ў Расіі, пераклаўшы з беларускай мовы!

Ні ў аднаго з сотні дактароў і прафесараў філасофіі на Беларусі, жывых і нябожчыкаў, няма збору твораў. Затое яны ўзначальваюць кафедры, друкуюць артыкулы і кнігі, чытаюць лекцыі студэнтам. Аднак мы іх не ведаем, і дзякуй Богу, што не ведаем! Каму цікавыя іх біяграфіі, акрамя ўласнай радзіны?! 

Па-трэцяе, сярод персон серыі не толькі беларусы, але і прадстаўнікі іншых народаў, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё беларускай культуры. А нашы сучасныя «барацьбіты», як усім вядома, прызнаюць выключна «сапраўдных беларусаў» – такіх жа вяскоўцаў, як яны самі. Іншыя для іх не існуюць.

— А чаму толькі дзеячы культуры? Дзе палітыкі, ваенныя, навукоўцы?

— Таму што ў XIX стагоддзі і амаль да самага канца ХХ-га ў нас не было незалежнай дзяржавы. Адпаведна, не даводзілася казаць пра дзяржаўных, ваенных і навуковых дзеячаў Беларусі. Усе яны служылі Расіі, СССР, Польшчы ці яшчэ каму-небудзь. Напрыклад, Мікалай Судзілоўскі праславіўся ў Румыніі, Балгарыі, Кітаі, нават на Гавайскіх выспах; Андрэй Грамыка быў міністрам замежных спраў СССР і ніколі не наведваў родную вёску ў Веткаўскім раёне...   

А вось дзеячы беларускай культуры былі – пісьменнікі, драматургі, літаратуразнаўцы, гісторыкі, мастакі, скульптары, музыкі, рэжысёры...

— Азіраючыся назад, можаце сказаць, што ўсё ўдалося з задуманага? Ці сёння нешта зрабілі б інакш?

— Нават на Сонцы бываюць плямы. А мы ўсяго толькі людзі, з усімі нашымі слабасцямі, памылкамі і дурасцямі.

Аднак крытыкаваць сваю серыю я не хачу. Гэтым старанна займаюцца іншыя людзі. Ім усё не падабаецца, нават фармат і аздабленне кніжак. Што ж, няхай спачатку зробяць лепш за мяне хоць 20 кніжак, перш чым адкрываць рот!

Зразумела, што аўтары серыі – людзі з рознымі поглядамі і здольнасцямі. Таму і кніжкі атрымаліся розныя.

— Дарэчы, а хто аўтары? 

— Калі распачынаў серыю, спадзяваўся, што 100 кніжак напішуць 100 розных аўтараў. Але хутка зразумеў, што гэтая думка не мела ніякіх шанцаў на рэалізацыю. Людзей, здольных пісаць добрыя навукова-папулярныя тэксты, у нас амаль што няма.

Усе даследаванні, якія былі апублікаваны за 60 з лішнім гадоў пасля ХХ з’езда КПСС, падзяляюцца на дзве групы. Адна – гэта падрабязныя біяграфіі, другая – развагі пра сэнс і значэнне творчасці тых, каго афіцыйна залічылі ў ранг класікаў, прычым аб’ёмам не менш за 250-300 старонак. Для нашай серыі не падыходзілі ні першыя, ні другія. А пісаць кароткія творы так, каб словам было цесна, а думкам – вольна, яны не здольныя.

Таму 100 кніжак напісалі не 100 аўтараў, а толькі 30. Больш за ўсё — Андрэй Мельнікаў, Уладзімір Арлоў (кінарэжысёр), Алесь Марціновіч і я.

Тут яшчэ адна праблема: наш праект існаваў, галоўным чынам, на грамадскіх пачатках. Як толькі людзі даведваліся, што аўтарскі ганарар не прадугледжаны, жаданне «ахвяраваць сябе дзеля беларускай справы» адразу знікала. 

Апошнія 20 брашур мы наогул выдалі за свае ўласныя грошы, таму іх наклад толькі 40 асобнікаў, тады як спачатку выдавецтва друкавала па 1500.

Аднак, акрамя недахопу грошай, быў яшчэ адзін чыннік – адсутнасць маральнай падтрымкі гэтага праекта з боку грамадства.

— Што вы маеце на ўвазе? Цікавасць з боку дзяржавы ці нейкія прэміі ад грамадства? 

— Калі казаць пра дзяржаву, дык для службоўцаў я абсалютны нуль. Цалкам па Акудовічу: «мяне няма». І гэта добра. Бо мы ведаем: калі службоўцы раптам зважаюць на нейкую ініцыятыву грамадзян, то з адзінай мэтай – забараніць яе, а ўдзельнікаў – пакараць. 

Калі ж узяць тых асоб, якія лічаць сябе «нацыянальна свядомымі», дык яны даюць прэміі прадстаўнікам адной і той жа маленькай «тусоўцы», якіх кожны раз «тасуюць» па-рознаму. Персон для ўзнагарод выбіраюць з гэтага кошыка «дырыжоры» ў Празе ці Варшаве. Для іх я, магчыма, існую, але выключна як вораг.  Бо для іх ворагі ўсе, хто не хоча спяваць па іх нотам ды кланяцца тымтэйшым «дырыжорам».   

Дарэчы, ад «тусоўкі свядомых» узнагароды былі – у выглядзе велізарных хваляў хлусні, абраз, абсалютнага непрымання. Але ж я працаваў дзеля Бацькаўшчыны, а не ўзнагарод! Таму ўсё нармалёва.

— Што вас абурае ў гэтай сувязі? 

— Мяне нічога не абурае. Але смешна, калі мяне называюць «зацятым русіфікатарам». Асабліва, калі гэта гучыць ад аўтараў адной-дзвюх танюсенькіх кніжачак вершаў вучнёўскага ўзроўню або дурных «постаў» у Сеціве! Ну, такія змагары за родную мову, што не ведаеш, лепш смяяцца ці плакаць?! 

Усе кніжкі серыі «100 дзеячаў» выдадзены па-беларуску. Усе 6400 старонак! Акрамя гэтага, у нашым грамадскім Інстытуце беларускай гісторыі і культуры, а таксама ў выдавецтве «Харвест» я выдаў яшчэ 22 кнігі на роднай мове.

Агулам — 122 беларускія кнігі, 24 з якіх напісаў сам і яшчэ 4 пераклаў з расейскай мовы на беларускую. Усё гэта без аніякай падтрымкі і ад дзяржавы, і ад грамадства. А што зрабілі мае крытыкі?

— Аднойчы вы самі сказалі, што лічба 100 – умоўная, дзеячаў беларускай культуры, годных таго, каб ім былі прысвечаны кніжкі, значна больш. Ці будзеце працягваць серыю?

— Раней такая думка ў мяне была. Але працягаваць выданне серыі выключна на голым энтузіязме немагчыма. Таму я вырашыў зачыніць наш выдавецкі праект.

У траўні 2012 года, на прэзентацыі грамадскага Інстытута беларускай гісторыі і культуры, я выклаў план: выдаць хоць бы 50 кніжак адпаведнай тэматыкі. Прайшло 7 гадоў. За гэты час было выдадзена амаль у чатыры разы больш. Гэта 100 брашур, 49 манаграфій, 26 альманахаў, 11 зборнікаў артыкулаў. Як бачыце, той план мы вельмі значна перавыканалі: не 50 кніжак, а 186, з іх – нагадаю яшчэ раз – 122 на беларускай мове. 

Крыніц для фінансавання далейшых выданняў наш Інстытут не мае. Спонсары адсутнічаюць, грантаў нам ніхто ніколі не даваў, а нашу грамадскасць больш за ўсё цікавяць спартовыя відовішчы, аўтамабілі ды гулянкі з гарэлкай. На гэта людзі грошай не шкадуюць. Асобныя «фанаты» айчыннай гісторыі і культуры з асобных інтэрнэт-сайтаў агульную карціну ніяк не мяняюць.

Таму надышоў момант, калі трэба апусціць заслону і запаліць святло ў залі. Усім, хто нас слухаў ці чытаў – дзякуй. І бывайце!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(46)