Общество

Таксіст — жонцы Андрэя Скурко: Вязні будуць сядзець датуль, дакуль мы дазволім

Паўліна, жонка палітзняволенага нашаніўца Андрэя Скурко, распавяла шчымлівую гісторыю ў Facebook.

«Перадавала Андрэю перадачу — ежу і куртку. З курткі сказалі зрэзаць шнуркі — знізу і на капюшоне, далі нажніцы. Я стаю ля акенца, думаю, як іх, прышытыя ўнутры, вынуць. Раптам дзявочы галасок: можа, неяк вам дапамагчы? Дзяўчынка, такая мілая, з сінімі валасамі. Перадавала перадачы студэнтам. З ёй сябар у масцы з вышыўкай «Найлепшы матэматык».

Гэтае спалучэнне юнацтва і стойкасці — як яно кранае!

З усіх сядзельцаў студэнтаў шкада найбольш. Можа, у мяне гэта мацярынска-сястрынскае, не знаю.

Нашы зайчыкі, наш гонар і надзея, так хочацца іх атуліць, затуліць ад дэбілаў і скатоў. Застаецца верыць, што набытая імі моц і загартоўка прыдасца і ім, і ўсім нам. І праз дзесяць гадоў гэта моладзь будзе лідарамі грамадства.

Ішла з Валадаркі на паштамт і шкадавала, што мае ружовыя валасы схаваныя пад шапкай.

Адправіла з паштамта ліст і, спазніўшыся на электрычку, выклікала таксі.

З таксістам маўчалі ўсю дарогу (што я вельмі цаню), а калі я стала паказваць, дзе лепш з'ехаць з кальцавой, ён расплыўся: «Як прыемна чуць беларускую мову! А то вакол адны манкурты».

— Чаго ж манкурты, — кажу, — такіх, як мы з вамі, 80%.

— А чаго яны папёрліся на Дзень горада? Такія натоўпы былі, як на Новы год! Последніе теплые денькі, кажуць мне! Я плюнуў, паехаў дамоў: хай нехта іншы гэтых ябацек возіць.

Аказалася, чалавека затрымлівалі ў жніўні і з Акрэсціна нават вывозілі ў сумнавядомы канцлагер на Случчыне.

«Казалі: тут і застаняцеся. Я думаў: печаў няма, каб нас спаліць, дык, напэўна, расстраляюць. Жонка пасівела — тры дні не ведала, дзе я».

І ўсё паўтараў мне таксіст: вязні будуць сядзець датуль, дакуль мы дазволім.

Пакінула вялікія чаявыя. Хацела большыя, ды ён не ўзяў».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(31)