Так выглядае «элегантная победа»
Гэтымі днямі ў сядзібе БНФ праходзіць выстава знанага беларускага мастака Аляксея Марачкіна. Яна адкрылася прэзентацыяй новага твору пад красамоўнай назвай “За элегантную “победу” (“Адмарозкі”). Пра сваю працу над гэтай карцінай, прарочыя ўласцівасці сваіх твораў і цяжкасці, з якімі даводзіцца сутыкацца, распавёў “Салідарнасці” Аляксей Марачкін.
Карціна і сапраўды
зроблена ў лепшых традыцыях канспірацыі. Фармальна ніводная яе дэталь не можа
стаць падставай для абвінавачання. Мастак нават не намаляваў галоўнага
“віноўніка ўрачыстасці” ва ўсім сваім абліччы. За “элегантную победу” падымаюць
валасатымі рукамі келіхі з чырвоным віном-крывёй два дыктатары — Гітлер і
Сталін. Праўда, ёсць на заднім плане яшчэ адна валасатая рука — яна вытыркаецца
з-за спінаў бязлікіх людзей, з галовамі, як качаны, і жалезнымі шчытамі,
памятымі ў барацьбе з апазіцыяй, і пераможна трымае клюшку.
— За “элегантную
победу”, лічу, падымуць найперш два тыраны — Гітлер і Сталін. Гітлер яшчэ і
таму, што, паводле кіраўніка дзяржавы, рэспубліка Трэцяга рэйха ёсць узор для
развіцця нашай краіны. Слова “победа” я спецыяльна ўжываю па-расейску, бо
менавіта так мы яго чуем ад першых асоб. Ужо столькі наеліся гэтай “элегантной
победой”, што на прэзентацыі карціны вырашылі, што, відаць, пасля чарговай
фальсіфікацыі трэба будзе ў працяг традыцыі перайменаваць плошчу Победы ў
плошчу Элегантной победы.
На адваротным баку
палатна мастак зрабіў такі надпіс: “Гэты твор накіраваны супраць дыктатуры і
тыраніі, супраць усялякіх ліній Сталіна і Гітлера... супраць фальшы, дэмагогіі
і падману, супраць злачынства і знішчэння вядомых палітыкаў на Беларусі”.
Цікава, што другая
назва карціны — “Адмарозкі” — стала ў пэўным сэнсе прарочай.
— Я неяк інтуітыўна
адчуў, што выбары будуць не восенню, а зімой ці вясной. А, з другога боку,
задумана карціна была яшчэ восенню, а напісана перад Новым годам. Усё думаў,
можа, памыляюся? І раптам — дачакаўся — сакавік, нават снег яшчэ не сыдзе. Вось
вам і зімовы сюжэт — “Адмарозкі”. І Гітлер, і Сталін у інеі, усё заледзянелае,
заснежаная таксама клюшка.
Дарэчы, вобразаў-сімвалаў
на палатне хапае. Так, напрыклад, механічная птушачка ўнізе карціны — гэта наш
электарат: завядуць, кінуць нейкія зярняткі, а яна і пайшла дзяўбсці.
На жаль, пабачыць
карціну на выставе зараз ужо немагчыма. Мастак прызнаецца, што сам вырашыў
забраць яе з офіса БНФ, каб пазбавіць арганізатараў лішніх праблем.
— Сёння сядзіба БНФ
— адзіная выспа свабоды. Толькі тут можна выстаўляць творы, падобныя да гэтага.
Ніхто іншы за гэта не возьмецца, ды і не дадуць.
Аднак астатнія
нонканфармісцкія творы Аляксея Марачкіна ўсё яшчэ знаходзяцца выставе. Сярод іх
ёсць і старыя, ужо досыць вядомыя працы, як, напрыклад, “Маўчанне”, “Каін і
Авель”, “Мая Атлантыда”, “Расейская частушка”. Дарэчы, апошні твор таксама
аказаўся сваго роду прадказаннем. Карціна была напісана ў 2000 годзе — яшчэ да
таго, як Пуцін стаў расійскім прэзідэнтам. Але калі паглядзець, то ў твары
гарманіста — яго вачах, носе — можна знайсці відавочнае падабенства з расійскім
прэзідэнтам, хоць на той час Пуціна нават не было на палітычным небасхіле.
Выстава будзе
доўжыцца да пятніцы.
Читайте еще
Избранное