Общество

«Сёньняшняе жыцьцё не прамяняў бы на беларускую стабільнасьць»

Радыё Свабода з гісторыямі траіх былых добраахвотнікаў, якія вярнуліся з вайны.

З 2022 году беларусы змагаюцца за Ўкраіну ў розных падразьдзяленьнях, асноўнае зь якіх — полк Каліноўскага. Ня менш за 60 беларусаў загінулі на вайне. Усе яны ня могуць вярнуцца ў Беларусь, бо ўлады прызналі полк Каліноўскага «тэрарыстычнай арганізацыяй». Вяртаюцца ў Польшчу, Літву, дзе маюць шмат праблемаў зь легалізацыяй, працай і псыхікай.

Былыя добраахвотнікі пры вяртаньні ў «мірнае» жыцьцё маюць праблемы — псыхічныя, эканамічныя, сацыяльныя. Як яны даюць рады?

«Я не сутыкаўся з ПТСР, дэпрэсіяй»

Аляксандар Камісараў са сваім сабакам у Беластоку, фота з архіву суразмоўцы

35-гадовы Аляксандар Камісараў у Беларусі працаваў майстрам цэху на БелАЗ. Меў заробак, кватэру, дом і машыну. Некалькі разоў трапляў на «суткі» ў 2020 годзе і быў вымушаны ўцякаць зь Беларусі. Так трапіў у Польшчу, жыў у Варшаве.

У 2023 годзе паехаў ваяваць ва Ўкраіну. Прабыў на фронце зь лютага па лістапад 2023 году, служыў мінамётчыкам. Кажа, што быў комплекс прычын, каб паехаць у Польшчу, адна зь якіх — зламаў нагу і разумеў, што бегаць зь мінамётам больш ня зможа.

За час, пакуль быў ва Ўкраіне, Аляксандар расстаўся з жонкай. Калі вярнуўся ў Польшчу, працаваў у таксі ў Беластоку, потым на заводзе. Пасьля перабраўся ў Варшаву — там больш магчымасьцяў.

— Я не сутыкаўся з ПТСР, дэпрэсіяй, бо калі мы ў Польшчы праходзілі падрыхтоўку, то нас вучылі, што гэта такое, з чым мы можам сутыкнуцца. Я быў падрыхтаваны. Гэта мяне абышло бокам, у нейкай ступені псыхалягічна я быў падрыхтаваны да вайны, — тлумачыць былы добраахвотнік.

Ён зазначыў, што многія знаёмыя мелі псыхалягічныя праблемы, яны ня могуць вярнуцца ў мірнае жыцьцё, «глядзяць ролікі пра вайну і ў іх «цячэ дах».

Аляксандар кажа, што за час яго адсутнасьці ў Варшаве вырасьлі цэны, як на жытло, так і на жыцьцё, і яму, апроч асноўнай, давялося шукаць дадатковую працу. Але ён не наракае і ня скардзіцца. Таксама ён пайшоў у Каардынацыйную раду, таму мае «грамадзкую нагрузку».

Аляксандар падкрэсьлівае, што ня мае расчараваньня ці жаданьня вярнуцца ў Беларусь, якой яна была «да пратэстаў», скажам, у 2019 год.

— Я б не памяняў цяперашняе жыцьцё на тое, стабільнае. Гэтыя гады далі мне ўсьведамленьне таго, як пабудавана чалавечае жыцьцё і чалавечыя каштоўнасьці. Што нерухомасьць — гэта ня важна, важней чалавечыя стасункі і што ўсе жывыя і здаровыя, — лічыць былы добраахвотнік.

Аляксандар Камісараў на фронце, фота з архіву суразмоўцы

Ён дадае, што пры «звычайным, стабільным» жыцьці ня меў бы столькі знаёмстваў зь цікавымі людзьмі, як цяпер. На вайну паехаў, як сам кажа, каб атрымаць досьвед, каб разумець, што ў патрэбны момант не спалохаецца.

— Гэты досьвед варта было атрымаць і ўсьвядоміць, — дадаў ён.

«Пратэсты, вайна, эміграцыя загартавалі, раней бы зламаўся»

Былы добраахвотнік Аляксандар Клачко («Кусь») жыве ў Вільні. Нядаўна ён заснаваў асабісты брэнд «Кусь». На вайне ён быў з сакавіка 2022 году. Але ў 2023-м Аляксандра камісавалі па стане здароўя. Ён меў і мае сур’ёзныя праблемы з ныркамі. Цяпер Клачко жыве ў Вільні з жанчынай і дваімі дзецьмі.

— Па ўнутраных адчуваньнях Літва для мяне — другая пасьля Беларусі краіна, у якой адчуваецца нешта сваё, не магу дакладна перадаць. Тут быў пахаваны Кастусь Каліноўскі, тут ёсьць рынак з паэмы «Новая зямля», Вострая брама зь верша «Пагоня» Багдановіча, дом, дзе жыў Якуб Колас, мяжа побач, — тлумачыць Аляксандар.

Кажа, што калі зразумеў, што няма магчымасьці вярнуцца на вайну, то хутка перастроіўся маральна, меў разуменьне, што фронт ужо далёка, недасяжна, і трэба вяртацца да мірнага жыцьця.

Аляксандар Клачко («Кусь») са сваёй сяброўкай Любоўю, фота з архіву суразмоўцы

Ва Ўкраіне пасьля фронту Клачко ваяваў зь мясцовай бюракратыяй. Напрыклад, у шпіталі спачатку не хацелі прызнаваць, што хвароба нырак зьвязаная з баявымі дзеяньнямі, даводзілася даказваць гэта.

Аляксандар гаворыць, што ў мірным жыцьці яго ратуе беларуская тэматыка, у якую ён «паглыбіўся з галавой» у Вільні. Хаця праблем у яго шмат. Галоўная — легалізацыя.

Ужо восем месяцаў былы добраахвотнік чакае адказу на запыт аб прытулку. З гэтага выцякаюць іншыя праблемы — немагчыма лячыцца, працаваць. З пазытыву — Аляксандру прапанаваў дапамогу іншы беларус, які жыве ў ЭЗ, і пагадзіўся аплачваць яму лекі.

Аляксандар падкрэсьлівае, што беларусы пасьля вайны ва Ўкраіне маюць праблемы як зь легалізацыяй, так і працай у краінах ЭЗ менавіта ад таго, што ўдзельнічалі ў вайне.

— Нас дыскрымінуюць, гэта так. Фонды нам ня могуць дапамагаць, бо ў нас «ваенны кейс» і на такое не даюць грошай, міграцыйныя службы, напэўна, уяўляюць, што мы зь сякерамі будзем бегаць па вуліцы. Працадаўцы таксама могуць глядзець коса, — кажа былы ваяр.

Ён дадае, што «каб не беларушчына, каб яе закінуў, то папросту зламаўся б».

— Я бачу сваю мэту. Калі гучна — гэта вызваленьне Беларусі, калі дыпляматычна — вяртаньне ў Беларусь. Яна дае мне ўнутраную моц, не дае спыніцца, зламацца, дапамагае ісьці далей. Я ня ведаю, як гэта працуе ў мяне, але яно працуе чамусьці, — кажа Аляксандар.

Брэнд «Кусь» — гэта заклікі да беларусаў ад кацяняці кшталту «Ведай мінулае», «Змагайся творча». Тавары ад брэнду можна набыць у беларускай краме «А2прынт» у Вільні. 10% ад выручкі ідзе на дапамогу беларускім добраахвотнікам.

— Я захаваўся: мяне загартавалі пратэсты, эміграцыя і вайна. Раней бы гэта ўсё мяне зламала. Загартоўка зрабіла мяне моцным. Мне падабаецца пачуцьцё, калі я пераадольваю ўсе складанасьці. Каб іх не было, было б сумна жыць. Жыцьцё ў мяне не наладжана, але я лічу, што прайду ўсё гэта. І буду ўдзячны ўсім, хто мне дапаможа, — закончыў ён.

«Самадысцыпліна, досьвед, беларуская мова»

Беларус Сяргей (імя зьмененае дзеля бясьпекі блізкіх) быў на вайне каля паўтара года. Ён там працаваў апэратарам дрона.

— Мне ўсяго толькі 22 гады, і я заўсёды ў пошуку сябе. І можна так сказаць, што мой час у палку Каліноўскага — гэта частка пошуку сябе. Я туды паехаў, я там сябе знайшоў, мне там спадабалася. І, што самае галоўнае, я там знайшоў шмат крутых людзей, бо такіх цікавых людзей я амаль ня бачыў, усе нейкія розныя, размаўляеш на розныя тэмы і многа чаго можна даведацца, — расказвае Сяргей.

Ён зазначыў, што ў палку ў яго было на 99% беларускае атачэньне. Ва Ўкраіне ён навучыўся размаўляць на беларускай мове.

— Я не скажу, што перайшоў на яе на 100%, але ў любы момант, калі маю настрой, магу перайсьці на даволі чыстую беларускую мову. Дзякуючы ў асноўным атачэньню, бо я пасябраваў з чалавекам, які размаўляе па-беларуску і ніколі на расейскай. Празь некалькі месяцаў атрымалася, — зазначыў былы ваяр.

На вайне ён навучыўся самадысцыпліне. Былы добраахвотнік адзначае, што «там было войска ў нармальным сэнсе гэтага слова», дзе ніхто ня цюкае нікога, не прымушае ложкі запраўляць пад лінейку.

— Проста трэба быць, мяне гэтаму слову там навучылі, „раздуплёным“: трэба хутка думаць, знайсьці, што трэба, сабраць, паехаць на баявыя заданьні. Для гэтага трэба, каб усё было больш-менш у парадку. Таму што ты сам ведаеш (табе ніхто нічога ня кажа), калі не прыбярэш, то ты гэта забудзеш і ў вас сарвецца баявы выхад і ўсе будуць казаць: «Што за фігня», — патлумачыў Сяргей.

Ён кажа, што да вайны быў «трохі неахайны», цяпер жа гэта зьмянілася. Да вайны Сяргей меў праблемы са знаёмствамі з новымі людзьмі і камунікацыяй, бо інтравэрт. Але цяпер яму лягчэй размаўляць зь людзьмі і пры шчырай размове ён не ўпадае ў ступар, як гэта было раней.

Малады чалавек лічыць працу апэратара дрона параўнальна бясьпечнай. Зазначае, што калі рабіць усё правільна, то рызыкі загінуць невялікія.

Сяргей лічыць, што для ягонай псыхікі вайна прайшла бяз страт. Ён ня мае ПТСР, дэпрэсіі, ня сьніць кашмары, не адчувае віны, што «яны там, а я тут», адзінае, што пакуль азіраецца на гукі рэактыўных самалётаў. Па словах Сяргея, у яго зьявіліся «сур’ёзныя і цікавыя пляны на жыцьцё». Ён вырашыў атрымаць новую адукацыю ў Польшчы, таму прыехаў туды і неўзабаве распачне вучобу.

— Бо было незразумела і ніхто ня дасьць адказу, што будзе зь беларусамі ва Ўкраіне, калі закончыцца вайна. Гэтая няпэўнасьць у будучыні была таксама тым фактарам, каб ехаць вучыцца, — дадаў ён.