Общество
Алесь Дашчынскі, ”Радыё Свабода”

Сёньня А.Мілінкевіч атрымае прэмію імя Сахарава

Сёньня ў францускім Страсбуры адбудзецца ўручэньне прэміі імя Андрэя Сахарава былому кандыдату ў Прэзыдэнты Беларусі Аляксандру Мілінкевічу. Афіцыйная цырымонія заплянавана падчас сэсіі Эўрапейскага парлямэнту. Аляксандар Мілінкевіч таксама сустрэнецца сёньня з прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту Жазэпам Барэлям. Адбудзецца іх сумесная прэсавая канфэрэнцыя.

Прэмія імя Андрэя Сахарава ёсьць вышэйшай узнагародай Эўрапейскага зьвязу ў галіне правоў чалавека. Яна прысуджаецца асобам альбо арганізацыям, якія зрабілі вялікі ўклад у справу абароны грамадзянскіх свабодаў. Сярод ляўрэатаў гэтай прэміі – Нэльсан Мандэла і Кофі Анан. У 2004 годзе яе атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У склад намінантаў, якія сёлета таксама прэтэндавалі на атрыманьне гэтай прэміі ўваходзілі былы кандыдат на прэзыдэнта Калюмбіі Інгрыд Бэтанкур, ліванскі журналіст і дыплямат Гасан Туэні. Эўрапэйскія дэпутаты прагаласавалі за ўганараваньне Аляксандра Мілінкевіча. Ён атрымае чэк на 50 тысяч эўра.

Паводле каардынатаркі беларускага дэмакратычнага руху пры Эўразьвязе Вольгі Стужынскай, падчас уручэньня Аляксандар Мілінкевіч выступіць з прамовай, якую можна будзе паслухаць на тэлеканале “Эўраньюс”. Акрамя сустрэчы з прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту Жазэпам Барэлям, Аляксандар Мілінкевіч пагутарыць з рабочай групай у справах Беларусі Эўрапейскага парлямэнту.

Як ставяцца беларускія праваабаронцы да ўганараваньня Аляксандра Мілінкевіча прэміяй імя Сахарава? Лідэрка грамадзянскай ініцыятывы “ Мы памятаем” Ірына Красоўская сказала:

(Красоўская: ) “Я вельмі рада і ўзрушана тым, што спадар Мілінкевіч атрымлівае гэту прэмію. Бо гэта прызнаньне ня толькі Мілінкевіча, а і ўсіх грамадзянаў Беларусі, якія змагаюцца за свабодную краіну”.

Сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак вітае такое рашэньне Эўрапарлямэнту:

(Гулак: ) “Гэта перш за ўсё цікавасьць да Беларусі, да тых праблем і працэсаў, якія адбываюцца на Беларусі. Гэта прызнаньне тых грамадзкіх зрухаў, якія мы бачылі ў Беларусі ўвесну гэтага году”.

Паводле Алеся Бяляцкага, тое, што цягам апошніх гадоў прэмія імя Сахарава дастаецца беларусам сьведчыць пра занепакоенасьць становішчам з правамі чалавека ў краіне.

(Бяляцкі: ) “Гэта ёсьць адзнака той вялікай працы па адбудове дэмакратыі ў Беларусі, якую рабілі цягам апошніх гадоў аб’яднаныя апазыцыйныя сілы і ўвогуле ўсе дэмакратычныя людзі ў Беларусі. Гэта прэмія ёсьць уганараваньнем усёй дэмакратычнай апазыцыі, усіх дэмакратычных сілаў у Беларусі, той моладзі, якая хоча пераменаў, якая хоча жыць разам з Эўропай”.

Прэмія імя А.Сахарава “За свабоду думкі“ заснаваная Эўрапарлямэнтам у 1988 годзе. Яна прызначаецца штогод за “дасягненьні ў справе абароны правоў чалавека і яго асноўных свабодаў”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)