Общество

Сяргей Ціханоўскі з турмы: «Катлеты майго рэцэпту могуць мець попыт»

Тры месяцы Гомельскі абласны суд разглядае крымінальную справу Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакава, Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Папова. Суд закрыты, ён праходзіць у будынку гомельскай турмы.

У апошнім лісьце зь СІЗА-3 Сяргей Ціханоўскі піша пра сваю любоў да роднага Гомлю і катлеты «па-ціханоўску», паведамляе Свабода.

Палітвязень у лісьце згадвае Гомель — родны для яго горад, дзе ён вучыўся ў школе і ўнівэрсытэце, ажаніўся і працаваў.

«Люблю сквэр Грамыкі, набярэжную, парк, Савецкую да „Турыста“, праспэкты Перамогі і Леніна. Ёсьць шмат цудоўных гамельчукоў. Вось няма толькі нейкай гомельскай стравы. Магчыма, калі-небудзь гэта будуць „катлеты па-ціханоўску“», — піша палітзьняволены.

Адзін з турэмных малюнкаў Сяргея Ціханоўскага

Сяргей тлумачыць, што фірмовыя катлеты ён ужо шмат гадоў гатуе сам для сваіх блізкіх і сяброў.

«Зь цяляціны, як варыянт — зь ялавічыны і сьвініны. Гатуюцца на грылі, падаюцца зь зяленівам, соўсам наршараб, і на гарнір — сьвежая гародніна. Для аматараў — маладая вараная бульба. Пры асабістай сустрэчы выдам сакрэтны рэцэпт і пачастую. Калі буду на волі, упэўнены, што ўсе мы зможам правесьці дэгустацыю ў розных гарадах. Магчыма, ня толькі ў Гомлі іх возьмуць на ўзбраеньне. Трэба ўвогуле трохі беларускую кухню асьвяжыць, а то іншаземцы ведаюць толькі дранікі. Паколькі Ціханоўскіх ужо няблага ведаюць у сьвеце, то катлеты майго рэцэпту могуць мець посьпех», — напісаў палітзьняволены.

Сяргей Ціханоўскі стаў папулярным блогерам у 2019 годзе. Увесну 2020 году ён заявіў пра прэзыдэнцкія амбіцыі і трапіў у турму. Быў арыштаваны 29 траўня 2020 году. З таго часу — у турме, са жніўня 2020 году — у адзіночнай камэры.

Цяпер яго судзяць у закрытым судзе ў будынку гомельскай турмы разам з Ігарам Лосікам, Уладзімерам Цыгановічам, Міколам Статкевічам, Арцёмам Сакавым, Дзьмітрыем Паповым. Усім ім пагражае 12-15 гадоў зьняволеньня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(36)