Общество

«Сядзеў са Знакам, Латыпавым і Цыгановічам». Расеец напісаў кнігу пра свой досьвед за кратамі ў Беларусі

Грамадзянін Расеі Ўладзімір Патокаў адседзеў амаль два гады ў зьняволеньні ў Беларусі па абвінавачаньнях у крадзяжы праз «мадыфікацыю кампутарнай інфармацыі» і ў падробцы дакумэнтаў. Пасьля вызваленьня ён напісаў кнігу «Нараджэньне герояў», у якой расказвае пра нялюдзкія ўмовы зьняволеньня і пра палітвязьняў, зь якімі разам быў за кратамі.

Пра ўбачанае ён таксама распавёў «Р*дыё Свабода».

— Я выйшаў 1 чэрвеня 2022 году, потым яшчэ знаходзіўся пад міліцэйскім наглядам. Выезд мне быў забаронены. Тэрмін у мяне скончыўся сёлета 16 лютага.

Два тыдні таму я выехаў у Грузію, папярэдне пераканаўшыся, што на мяжы мне ня будуць рабіць перашкодаў.

Знаходзячыся ў Беларусі, выдаць гэтую кнігу было абсалютна немагчыма. Я выехаў, каб падзяліцца сьведчаньнямі катаваньняў і тых умоваў, у якіх знаходзяцца ня толькі палітзьняволеныя, але і ўсе зьняволеныя Беларусі.

— Вас арыштавалі на пачатку верасьня 2020 году, і вы пішаце, што гэта, хутчэй за ўсё, было на заказ расейскіх уладаў. Чаму вы так лічыце?

— Калі я прыехаў у Беларусь, я стараўся ніякім чынам не ўключацца ў беларускую палітыку, нават не чытаў навінаў. Але я больш за 10 гадоў перад тым быў пад ціскам спэцслужбаў, бо займаўся грамадзка-палітычнай працай у Расеі.

Быў такі вялікі накат, што ў 2018 годзе нашая сям’я вырашыла пакінуць РФ, бо мне спрабавалі інкрымінаваць фінансаваньне тэрарыстаў у Сырыі з майго QIWI-гаманца, хоць у мяне ўвогуле не было QIWI-гаманца.

— Вы пішаце, што былі ў зьняволеньні разам з шэрагам вядомых палітычных вязьняў, у прыватнасьці са Сьцяпанам Латыпавым і Ўладзімерам Цыгановічам. З вашых назіраньняў — як арганізаваны ціск на палітвязьняў у СІЗА-1 Менску і ў калёніі «Віцьба», дзе вы былі зьняволеныя?

— Мяне ўзялі ў палон у Менску, і першыя паўтара месяца я правёў у Жодзіне ў турме № 8. Туды палітычныя «заяжджалі» ўвесь час. Але ў асноўным гэта былі хлопцы, якіх бралі на вуліцы за ўдзел у мітынгах. З Валодзем Цыгановічам, са Сьцёпам Латыпавым я пазнаёміўся ўжо ў кастрычніку 2020 году, калі мяне перавялі на «Валадарку». Мяне зьмясьцілі ў камэру, дзе 90 працэнтаў людзей былі палітвязьні.

Калі прыводзяць новага чалавека, зьбіраюцца ўсе насельнікі камэры, але найбольшы інтарэс да мяне праявіў менавіта Сьцяпан Латыпаў. Ён мне ўсё паказаў, расказаў, накарміў. Бо калі мяне бралі ў палон, у мяне практычна нічога не было — толькі штаны, куртка і кепка. Ягоная гасьціннасьць мне вельмі дапамагла.

Людзі, якія трапляюць у гэтую сыстэму, адчуваюць жахлівы псыхалягічны ўдар. Па-першае, ад стаўленьня супрацоўнікаў адміністрацыі. Па-другое, ад тых памяшканьняў, у якія вы трапляеце, і ад тых умоваў, у якіх вы знаходзіцеся. Там увесь час холад, увесь час дзьме. Вакол вас тытунёвы дым, мат, пагрозы фізычнай расправы.

Ваш сьвет папросту перакульваецца: вы былі звычайным нармальным чалавекам — і раптам вас зьмясьцілі, па сутнасьці, у бэтонную яму памерам 6 на 3 мэтры, дзе трымаюць 12–15 чалавек.

У вас пачынаецца сэнсарная дэпрывацыя. У звычайным жыцьці вы прызвычаіліся бачыць розныя колеры, чуць розныя гукі, адчуваць розныя пахі. У турме нічога гэтага няма — усё адмыслова так пабудавана.

У гэтай бэтоннай скрыні няма дзённага сьвятла, толькі бляклая лямпачка. Гукі звонку туды амаль не трапляюць. А калі вы седзіце ў адзіночцы, дык вы нікога ня бачыце. Ужо праз паўтары-дзьве гадзіны ў многіх людзей проста пачынаюцца галюцынацыі. Я асабіста ведаю двух чалавек, якія ў штрафных ізалятарах пачыналі чуць галасы, то бок у людзей пачыналася шызафрэнія, яны незваротна гублялі здароўе.

Я гэта называў «пасіўныя катаваньні» — яны з вамі ўвесь час. І для вашага псыхалягічнага стану надзвычай важныя любыя нармальныя чалавечыя адносіны — у тым ліку тыя, якія паміж сабой праяўлялі палітвязьні.

— У кнізе вы шмат апісваеце гэтыя «пасіўныя катаваньні» і, сярод іншага, пішаце пра адсутнасьць мэдычнай дапамогі, асабліва ў СІЗА-1 на Валадарскага. Ці маглі б вы пра гэта расказаць? Пагатоў вы былі там якраз падчас эпідэміі ковіду...

— Гэта асобная гісторыя. Я раней зьдзіўляўся, чаму людзі, якія трапляюць у турму ці ў папраўчую калёнію, так хутка страчваюць здароўе. Нейкую мэдычную дапамогу ў СІЗА атрымаць вельмі цяжка. Калі была пандэмія ковіду, фэльчары не замяралі тэмпэратуру тым людзям, у якіх яна відавочна была высокая. Мералі толькі тым, па кім было відаць, што чалавек у нармальным стане і тэмпэратуры няма.

Яны мелі ясную інструкцыю ад адміністрацыі СІЗА-1 не фіксаваць хваробы. А потым, калі [начальнік СІЗА-1 Андрэй] Цэдрык прыходзіў да нас у камэру, яго якраз Валодзя Цыгановіч запытаў пра гэта, на што Цэдрык сказаў: «Мы не дапусьцілі пандэміі ковіду тут, у турме, і гэта вялікая заслуга адміністрацыі і нашых дактароў».

— Гэтыя спосабы ціску прысутнічаюць увесь час і для ўсіх. А як адрозьніваліся падыходы адміністрацыі да палітвязьняў?

— Першыя два месяцы — з кастрычніка па лістапад 2020 году — СІЗА проста запаўнялася палітвязьнямі. Тады стаўленьне было больш-менш такое ж, як да ўсіх астатніх. Але потым пачаліся зьмены.

Па-першае, ім павесілі прафіляктычны ўлік — чырвоныя альбо жоўтыя біркі. «Схільны да экстрэмізму і дэструкцыйнай дзейнасьці», «схільны да суіцыду», «схільны да ўцёкаў».

Прыходзіў нейкі супрацоўнік адміністрацыі і выпісваў рапарт за парушэньне. Да прыкладу, Сьцёпу Латыпаву выпісалі парушэньне за тое, што ён павесіў ручнік сушыцца на сваю «шконку» — гэта мэталічная нара, на якую вы кладзяце тоненькую прасьцінку і на ёй сьпіце.

Але павесіць сушыцца ручнік у прынцыпе няма куды — на батарэю нешта вешаць забаронена, зрабіць вяровачку, каб павесіць на яе, таксама забаронена. Калі мы пыталіся, дзе нам сушыць рэчы, нам адказвалі: «Дзе хочаце, там і сушыце».

— З вашага досьведу, ці была нейкая прынцыповая розьніца паміж Жодзінам і СІЗА на Валадарскага?

— У Жодзіна было страшней. Хоць самі камэры там большыя і там не было браку паветра, як на «Валадарцы».

Душ раз на тыдзень і на «Валадарцы», і ў Жодзіне. У жодзінскай турме вы павінны разьдзецца ў камэры і ў адных майтках ісьці некалькі дзясяткаў мэтраў да душавой камэры. Гэта тычыцца ня толькі мужчын, але і жанчын. Узімку там вельмі холадна і паўсюль дзьме.

Вас заводзяць у душавую камэру па 15–20 чалавек на 15 хвілін, а там усяго 6 кранікаў. Паспрабуйце за гэты час памыцца нармальна, а потым вы распараны і голы выбягаеце, і вас вядуць назад. Рэсьпіраторныя хваробы, прастуды пасьля гэта вам гарантаваныя. Увесь побыт пабудаваны так, каб ваша здароўе ўвесь час прыгняталася.

Вось чаму праз год-паўтара ў сьледчых ізалятарах і турмах у людзей адкрываюцца розныя хваробы. Для тых, хто ўжо меў сур’ёзныя хваробы, гэта было ня проста катаваньне. Турэмная лякарня — гэта фактычна месца, куды людзей кладуць паміраць.

— Як бы вы параўналі ўмовы ў СІЗА і ў папраўчай калёніі «Віцьба», дзе вы потым адбывалі свой тэрмін?

— Галоўны плюс калёніі — гэта тое, што вы бачыце неба. Гэта можа прагучаць дзіўна ці сьмешна, але я больш за год быў у сьледчым ізалятары. І зь іх недзе паўгода я быў у камэры, дзе сонечнага сьвятла не было ўвогуле.

Гэта моцна прыгнятае зрок, і калі вы прыяжджаеце ў папраўчую калёнію і выходзіце з аўтазака, вы бачыце неба, лятаюць птушкі. Ваша сьвядомасьць пераварочваецца, бо вас да таго паўтара года трымалі ў бэтоннай скрыні. Гэтае вяртаньне ў «натуральную экасыстэму» — таксама шок.

Таксама ў калёніі можа зрэдку быць магчымасьць схадзіць на спартовую пляцоўку, калі вы не працуеце ў гэты час. А яшчэ вы камунікуеце з большай колькасьцю людзей. Калі коратка, дык галоўныя плюсы калёніі параўнальна са сьледчым ізалятарам — гэта прастора і людзі.

Цяпер пра мінусы. У СІЗА вашы сваякі ці валянтэры могуць рэгулярна перадаваць вам нейкія прадукты, хоць і ёсьць абмежаваньні па вазе на месяц. У папраўчай калёніі такога няма — туды так проста не прыедзеш, а харчаваньне там надзвычай беднае. Я зразумеў, чаму ў людзей выпадаюць зубы, чаму яны рэзка худнеюць.

Там забаронены любыя малочныя прадукты, практычна няма ніякіх вітамінаў. А калі вы ходзіце на дрэваапрацоўку, на зборку мэталаў ці нейкую іншую ня надта прыемную вытворчасьць, вы нават ня маеце магчымасьці закіпяціць сабе гарбаты і папіць нечага гарачага.

Галоўным катаваньнем для палітвязьняў у папраўчай калёніі быў цэх дрэваапрацоўкі. Гэта вялізнае бэтоннае памяшканьне, мэтраў 200 у даўжыню і 50 у шырыню, заваленае драўнінай і стружкай.

З 250–300 чалавек, якія там знаходзяцца, рэальна працуюць чалавек 30, бо для іх ёсьць праца. Усе астатнія проста ходзяць сюды-туды. Уявіце: на вуліцы мінус 10–15, а вы 8 гадзін вымушаныя знаходзіцца ў такім становішчы. Вы нават прысесьці ня можаце. Вакол вас драўнінны пыл, які забіваецца вам у лёгкія.

Да таго ж адміністрацыя мае дакладную інструкцыю ўсіх палітвязьняў рэгулярна праводзіць праз штрафныя ізалятары. Гэта маленькае бэтоннае памяшканьне, куды амаль не трапляе гук. Там увесь час гарыць маленькая бляклая лямпачка. У сьцяну ўбудаваная дошка, якую адкідаюць на ноч. Вам не даюць ні бялізны, ні падушкі — нічога. Вы сьпіце на халоднай дошцы.

Вам даюць адмысловае адзеньне для штрафнога ізалятара — футболку з доўгім рукавом, штаны, шкарпэткі і тапачкі. Больш вы нічога ня маеце. Вас так могуць трымаць да 30 дзён. Калі нехта не падабаецца адміністрацыі, дык яго могуць вярнуць у атрад літаральна на дзень, а на наступны дзень — зноў у штрафны ізалятар. Гэта таксама форма катаваньня.

— У кнізе вы апісваеце правакацыю адміністрацыі, калі іншы зьняволены ўдарыў вас. Наколькі пашыраны фізычны гвалт з боку адміністрацыі, у тым ліку рукамі іншых вязьняў?

— Той выпадак, вядома ж, для мяне быў асаблівы. У калёнію прывезьлі грамадзяніна Францыі, а я маю спэцыяльнасьць вайсковага перакладчыка з францускай мовы, і гэта, відаць, ёсьць ва ўсіх дакумэнтах. Мне загадалі дапамагчы яму перакладам. Я б у любым выпадку дапамог яму адаптавацца, але ад мяне яшчэ запатрабавалі, каб я паведамляў пра кожны ягоны крок. Ад гэтага я адмовіўся.

Паколькі я ў калёніі працаваў цырульнікам, дык раз на тыдзень мусіў наведваць штрафны ізалятар і стрыгчы там людзей. І вось літаральна ў наступныя выходныя пасьля таго, як я адмовіўся, супрацоўнікі адміністрацыі завялі мяне ў штрафны ізалятар у пустую камэру.

І раптам у камэру заходзіць яшчэ адзін зьняволены, здаравяка, былы забойца. Я ў яго пытаюся: «Ты стрыгчыся прыйшоў?» А ён, нічога ня кажучы, проста бʼе мяне па галаве, прычым даволі прафэсійна. Я ўпаў і страціў прытомнасьць. Калі ачуняў, людзі з адміністрацыі мне сказалі: «Бяры свае рэчы і ідзі». Потым яны зрабілі выгляд, што разьбіраюцца ў сытуацыі. Праз паўгадзіны гэта скончылася так: «Ты ж да яго прэтэнзій ня маеш? Ён да цябе таксама ня мае».

Штука ў тым, што любая бойка для кожнага ўдзельніка азначае штрафны ізалятар. А калі вы туды трапляеце, дык ужо ня можаце прэтэндаваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне і на нейкія іншыя рэчы. То бок гэта было, каб мяне пакараць і націснуць, каб я ў далейшым выконваў іх загады.

Наконт біцьця іншых людзей, я ў кнізе апісваю аднаго палітвязьня, якога сустрэў на «Валадарцы», Андрэя-баксэра. У яго фактычна гніла нага. Высьветлілася, што ён праездам у Навінкі, бо ў яго шызафрэнія другой ступені — ён увесь час чуе галасы.

Адміністрацыя знарок не давала яму заспакаяльных таблетак. Яго завялі да нас у пятніцу і трымалі бязь лекаў да аўторка, што было катаваньнем і для яго, і для астатніх, бо ён уначы ня спаў, чуў галасы.

Высьветлілася, што раней ён сядзеў у Жодзіне, і за нешта яго пасадзілі ў карцар. А там супрацоўнікі адміністрацыі білі яго дубінкамі па галаве. Адбілі яму галаву так, што ў здаровага мужчыны адкрылася шызафрэнія.

— На вашую думку, ці маглі б цяпер міжнародныя арганізацыі — той жа Чырвоны Крыж — нешта зрабіць, каб у Беларусі палепшылі ўмовы ўтрыманьня зьняволеных, у тым ліку сытуацыю з мэдычнай дапамогай?

— Мне цяжка гэта ацэньваць. Трэба ўвесь час нагадваць, што ёсьць палітвязьні, што ім патрэбна дапамога. Вядома ж, трэба ўвесь час ціснуць на адміністрацыі калёній, каб дапамога палітвязьням аказвалася.

— Як у калёніі праходзіла 24 лютага 2022 году — пачатак маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну?

— У СІЗА і ў калёніі вы, па вялікім рахунку, існуяце ў інфармацыйным вакуўме — ня ведаеце, што рэальна адбываецца звонку. У калёніі прасьцей, бо там больш людзей і там ёсьць званкі сваякам. Плюс у так званым «ленінскім пакоі», дзе раней стаялі бюсты Леніна, ёсьць тэлевізар, дзе раз на дзень паказваюць афіцыйныя беларускія навіны.

За месяц да таго паказалі выступ міністра замежных спраў Расеі Лаўрова, яшчэ некага, і было зразумела, што нешта пачнецца. Але адна рэч разумець гэта тэарэтычна, а іншая рэч — калі нехта пачынае братазабойчую вайну.

Я тыя дні добра памятаю, бо ў мяне сарвалася спатканьне з жонкай. Я ёй патэлефанаваў, а яна кажа: «Ты ведаеш, што вайна пачалася? Не магу цяпер пакінуць дзяцей адных і таму не змагу прыехаць». Я тады моцна знэрваваўся і ў мяне здарыўся нейкі ўдар, думаў, што ўвогуле там памру.

У ПК-3 утрымліваецца шмат іншаземцаў, у тым ліку ўкраінцаў. Ім было асабліва цяжка, амаль усе ляжалі з высокім ціскам. Калі вы нэрвуецеся, маючы мізэрнае харчаваньне, гэта можа даваць вельмі сур’ёзныя ўскладненьні на здароўе.

Яны ўсе кінуліся да тэлефонаў, але сувязь нейкі час не працавала. У месяц 3-4 разы вы можаце патэлефанаваць сваякам, калі вы ў сьпісе. Гэтыя сьпісы складае начальнік атраду — такі ж зьняволены, як і вы.

Вы павінны быць у сьпісе загадзя, але калі агулам у калёніі каля тысячы чалавек, дык кожны дзень нехта стаіць каля тэлефонаў. І, вядома ж, украінцы таксама тэлефануюць сваім сваякам. 24–25 людзі, якія мелі магчымасьць, стаялі натоўпам каля тэлефонаў і пыталіся: «Хлопцы, вы датэлефанаваліся да сваіх ва Ўкраіну? Што там адбываецца?» Але ніхто нічога ня ведаў.

Маштабы гэтай катастрофы мы зразумелі тыдні праз два ці тры, калі па афіцыйных тэлеканалах паказалі кадры Марыюпалю. Горад быў цалкам разбураны. Было страшна, проста страшна.

У калёніі людзі паміж сабой палітычных пытаньняў асабліва не абмяркоўваюць, бо ўсе баракі праслухоўваюцца, стаяць відэакамэры, а сярод саміх вязьняў шмат людзей, якія бегаюць дакладаць адміністрацыі, хто што сказаў і хто куды хадзіў.

Я гэта ведаю, бо цырульня, дзе я працаваў, была насупраць будынка адміністрацыі. І я адтуль бачыў, хто ўвесь час шмыгаў у тыя дзьверы. Гэта не было асаблівым сакрэтам ні для кога. Асабліва гэта было характэрна для людзей, якія «заяжджалі» паводле артыкулу 328, за наркотыкі, бо яны маюць вельмі вялікія тэрміны і такім чынам спрабуюць выжыць.

Нармальныя чалавечыя адносіны ў калёніі звычайна паміж тымі, хто туды трапіў «за палітыку» альбо за нейкія выпадковыя рэчы.

Я памятаю, быў вялікі ажыятаж, калі да нас прыехаў Максім Знак. Ён трапіў у суседні атрад, і я яго пэрыядычна бачыў. На карантыне я яго стрыг, і атрымалася перакінуцца парай словаў. Пра Знака я чуў яшчэ зь СІЗА-1, бо яго пэрыядычна саджалі ў карцар за тое, што ён пісаў заявы і скаргі на адміністрацыю калёніі. На Знака ціснулі вельмі сурʼёзна.

— З кім яшчэ з палітвязьняў вы перасякаліся і размаўлялі?

— У нашым узросьце дзіўна заводзіць сяброў, але калі вы разам у закрытым памяшканьні і разам пакутуеце, дык узьнікаюць нейкія сяброўскія адносіны. Я магу назваць такіх людзей — Уладзімер Цыгановіч, Сьцяпан Латыпаў, Аляксандар Курдзюкоў, Арцём Пархамовіч, Дзяніс Сакалоўскі. Мы ўвесь час размаўлялі, абмяркоўвалі палітыку. Зь Ягорам Канецкім мы доўга сядзелі ў камэры для асуджаных. У маёй кнізе ёсьць і іншыя прозьвішчы.

Галоўнае, што палітзьняволеныя ня толькі пераканаліся ў тым, што мелі рацыю, але і ўсьвядомілі, што мірнымі пратэстамі скінуць усю гэтую набрыдзь папросту немагчыма.

Ня ведаю, як будзе далей. Вельмі спадзяюся, што ўсе палітзьняволеныя будуць вызваленыя ў адносна добрым здароўі, хоць цяжка гэта ўявіць — асабліва пасьля паведамленьняў, што зрабілі зь Віктарам Бабарыкам і іншымі вязьнямі.

Усе гэтыя людзі будуць вельмі сурʼёзнай новай сілай беларускага супраціву гэтаму рэжыму. Лукашэнка і ягоныя сілавікі на пустым месцы зрабілі ворагаў са сваіх грамадзян — прыстойных сямейных людзей, падаткаплатнікаў.

Я ня ведаю, ці ўвогуле тут можа быць нейкае прымірэньне. Бо людзей пазбавілі ня толькі гадоў жыцьця і здароўя. Многія страцілі семʼі — бо было ўжо столькі разводаў. У некага памерлі родныя, і вязьні не маглі паехаць на пахаваньне маці ці бацькі.

Улада стварыла такую нянавісьць паміж людзьмі, што я нават не ўяўляю, як гэта можна будзе вылечыць у будучыні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(15)