Общество

Сябры пра Віталя Шышова: «Ён быў ураўнаважаны, пазытыўны, шмат каму дапамагаў»

Ранкам 3 жніўня знайшлі павешаным беларуса, які быў кіраўніком «Беларускага дому ва Ўкраіне». Паліцыя праводзіць расьсьледаваньне. 26-гадовы праваабаронца зьехаў з Беларусі ва Ўкраіну ўвосень 2020 году, разам са сваёй сяброўкай Бажэнай Жолудзь, пiша Радыё Свабода.

«Яму было 25, калі ён пераехаў ва Ўкраіну. Недзе месяц ці паўтара таму мы сьвяткавалі ягоны дзень нараджэньня, 26 гадоў, на Майдане. І ў мінулую нядзелю ён быў на традыцыйнай акцыі на Майдане. Бо ён быў адміністратарам тэлеграм-каналу „Беларускі дом ва Ўкраіне“, таксама адміністраваў сайт арганізацыі. Ён шмат працаваў — рыхтаваў акцыі, звароты, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў», — распавёў беларус Віталь Сьляпухін, які жыве ў Кіеве.

Ён характарызуе Віталя як «абсалютна пазытыўнага чалавека».

«Ён ня піў, займаўся спортам, спакойны, добры, стараўся нават тут рабіць справы для Беларусі і перамогі над нелегітымнай уладай. Ён дапамагаў беларусам прадуктамі, рэчамі. Якраз цяпер мы рыхтавалі акцыю да 9 жніўня, і ён займаўся арганізацыйнымі момантамі. Тое, што за ім маглі сачыць... Тут гэта нічога новага...», — зазначыў Валер.

Арцём Моладаў, беларус з Кіева, кажа, што Віталь выклікаў «толькі станоўчыя эмоцыі».

«Ён быў жыцьцярадасны чалавек з мноствам плянаў, у якога ўсё жыцьцё наперадзе. Пра нейкі сум ці дэпрэсію не было ніякай гаворкі — гэта не пра яго», — дадаў Арцём.

Бажэна Жолудзь, дзяўчына Віталя Шышова, апавяла Свабодзе пра апошнія дні жыцьця хлопца.

Яны абое з Рэчыцы, і пераехалі ў Кіеў пасьля перасьледу беларускіх уладаў.

«У Віталя не было бацькоў і сям’і — усе памерлі. Працаваў ён айцішнікам-фрылансэрам. Не было такога, каб ён скардзіўся, што за ім сочаць. Але апошнім часам Віталь стаў больш уважлівым — бывала, глядзеў, што за машыны пад’ехалі, хто зь іх выходзіць.

Прамых пагрозаў Віталю не паступала, але ў яго было кепскае прадчуваньне. Мне ён яго не выказваў, але аднаму нашаму знаёмаму пісаў за тыдзень да трагедыі: у мяне кепскае прадчуваньне, калі што, прыглядзі за Бажэнай. Каб канкрэтна незнаёмцы падыходзілі да Віталя — такога не было.

Да мяне аднойчы на вуліцы ў цэнтры горада падыходзілі нейкія людзі — як потым высьветлілася, запісвалі і здымалі», — расказала Бажэна.

Паводле дзяўчыны, Віталь выходзіў на прабежку не заўсёды, але пэрыядычна, па жаданьні. У ягоных паводзінах нічога незвычайнага, дзіўнага апошнім часам не было.

«Мы абое хварэлі з тыдзень, ляжалі ў ложках, глядзелі фільмы. Канечне, настрой у хворага чалавека ня ўзьняты, але ніякіх кепскіх думак у Віталя не было. Упэўнена, што ён ня мог учыніць самагубства. У яго не было для гэтага падстаў. І так са мной ён зрабіць ня мог. У нас былі сумесныя пляны на будучыню», — дадала дзяўчына.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(11)