Лица

Святлана Курс: «Жанчыне трэба ў 10 разоў болей старацца, каб чагосьці дамагчыся»

Пісьменніца — пра жыццёвыя прышчэпкі ад страху, гідлівасці і варожасці.

Пераможца літаратурнай прэміі Гедройца, пісьменніца Святлана Курс (Ева Вежнавец) дала вялікае інтэрв’ю Нашай Ніве, у якім распавяла пра свой псеўданім, узяты ад ваенрука, і працу сацыяльнай работніцай, пра гендэр у літаратуры і ўласныя чытальніцкія густы, успаміны дзяцінства і асэнсаванні сталасці. Выбралі некаторыя цікавыя фрагменты з размовы.

— Мяне выхоўвалі абедзве мае бабкі, а ў іх часы не было прынята цырымоніцца з дзецьмі. Таму да маіх трох-пяці гадоў я ўжо ведала ўсё пра жорсткасць гэтага свету.Як б’юць свінню, як палілі людзей у вёсках… Але гэта ў дзяцінстве ўспрымаецца нармальна. І атрымаўшы такую прышчэпку, ты потым спакойна глядзіш на ўсе іншыя няшчасці.

— Напачатку 90-х людзі вырваліся з-пад каменя савецкага, які ляжаў на нацыі 70 гадоў. І калі раптам гэты камень ад нас адвалілі (мы пад ім былі як блеклая трава, якая не спадзявалася пабачыць сонца), то, канечне, рванулі ўсе ў рост. І 1994-ы, калі гэты камень быў навалены зноў, мы цяжка перажылі — тры наступныя гады быў удар за ўдарам. 

Тады мы былі чужымі на гэтым свяце жыцця, бо ўсіх усё задавальняла. І ўсе нашы кліканні, што гэта фашызм, што будзе кепска, ніхто не слухаў. Усе лічылі, што прыйшла моцная рука, парадак навядзе, на божым судзе ўсім на жопе будзе. Вось так я запомніла 90-я. 

— Мне найбольш страшна за тых, хто цяпер у турмах беларускіх. Калі я чытаю, што навуковец паставіў свечачку на вакно, а яго запхнулі ў каменны мех на 10 сутак, трымалі без вады, без ежы, на падлозе халоднай, а пасля выкінулі з працы. Вось гэта раніць мяне наймацней. І яшчэ я баюся, што свет замала на гэта рэагуе.

— Жанчын выхоўвалі, каб яны былі даволі зручныя, пражылі канвенцыяльна шчаслівае жыццё. Гэта азначае, што ў пэўны час яны павінны скончыць адукацыю, выйсці замуж, нарадзіць і выхаваць дзяцей, зрабіць якую-ніякую кар’еру альбо працаваць на стабільных працах. А потым у гадоў 50-60 мірна састарэць, вязаць шкарпэткі, глядзець унукаў і думаць пра могілкі.

У гэтай схеме жыцця няма месца на шчасце асабістае. Не трэба бунтавацца супраць грамадства — лепей рабіць выгляд, што ты цалкам згодны, і абыходзіць яго ўстаноўкі.

Не трэба выходзіць замуж за каго папала, не трэба сядзець на абы-якой працы, ісці на хлебнае месца, калі ты ненавідзіш гэтую прафесію. Выбар заўсёды ёсць. За дурным прэстыжам не трэба зайчыкам скакаць. Нашыя жанчыны павінны больш дбаць пра свае інтарэсы, хобі і мары, а не пра іншых. 

— Мне не падабаюцца некаторыя мізагіністычныя культуры, мізагіністычныя рэлігіі. Я кепскай думкі пра іх магчымасць інтэгравацца ў еўрапейскае грамадства, паважаць правы жанчыны. Паставіць свецкае права вышэй за рэлігійнае яны не могуць.

Я ўчора глядзела размову карэспандэнта ВВС з імамам адной мячэці. Імам яму проста растлумачыў, што ні адзін не можа выйсці з рэлігіі без таго, каб ён не быў вінны смерці, што мужчыну для разводу дастаткова сказаць слова, а жанчына, паколькі яна нараджае і мае месячныя, занадта дурная, каб падаць на развод без шарыяцкага суда.

Мне іх логіка зразумелая, толькі я не хачу, каб яна панавала. Мне сорамна, але я гэтага не хачу.

— Складаныя часы мяне зусім не падштурхоўваюць шукаць паратунку. Я папросту пачынаю збірацца і супраць іх выступаць.

…Алкаголь для мяне — гэта святкаванне і цэлебрацыя прыгажосці гэтага свету. А калі ў мяне цяжкія часы, няма работы ці хвароба, то я пачынаю болей завіхацца. Інакш не выжывеш. Калі тапіць гора ў алкаголі, то яно становіцца ў 30 разоў болей.

— Ёсць чалавек, якога я ненавіджу цягам амаль 30 гадоў, і гэта пачуццё толькі мацуецца.

— Мужчыны маюць лепшыя стартавыя ўмовы — ва ўсіх прафесіях так. Жанчыне трэба ў 10 разоў болей старацца, каб чагосьці дамагчыся.

…Але я цяпер не гатовая змагацца за гендэрную роўнасць у Беларусі. Калі я пачула як мужчыны крычаць на Акрэсціна, мне іх так шкада глыбока было… Я ўдзячна за прэмію. Гэтыя дзве акалічнасці мяне пакуль эфектыўна пасадзілі на месца. Я не жадаю ні за што змагацца, пакуль адбываюцца такія рэчы. Пакуль не скалупнуць гэта ўсё, нішто не мае сэнсу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(14)