Святлана Курс: «Беларусы стаяць і будуць стаяць»
Пісьменніца Святлана Курс завітала ў эфір марафону салідарнасці з палітвязнямі.
— Браць права ў свае рукі — гэта пра беларусаў. Бачыце, які ціск аказваецца. Яны вырашылі прыйсці да кожнага, але дух наш не падае, хаця людзі і плачуць, людзям вельмі цяжка. Людзей калечаць — забіраюць здароўе, сем’і, бацькаўшчыну, а людзі стаяць і будуць стаяць.
Я не адчуваю ніякай падзеленасці беларусаў. Я вельмі захапляюся беларусамі, якія засталіся ў Беларусі, нашымі нязломнымі палітвязнямі, і нават зломленымі таксама захапляюся, бо не зламацца ў такіх умовах... Я б ужо зламалася тысячу разоў. Я не адчуваю раздзеленасці і не разумею гэтых спрэчак.
Так, ёсць людзі, якіх лёс узяў за шкірку і занёс у вольныя краіны — такія людзі павінны быць удзячныя лёсу і маліцца за тое, што яны на свабодзе і дапамагаць сваёй бацькаўшчыне. Ніхто з нас не вінаваты…
Гэта не мы кавадла, а яны, а мы проста пад яго патрапілі. Мы ўсё роўна звёны аднаго ланцуга, імя якому беларускі народ — вечны беларускі народ.
Калі казаць пра адзіны вобраз беларускіх палітвязняў, то пісьменніца ставіць у прыклад журналістку Ірыну Леўшыну і памерлага ў зняволенні мастака Алеся Пушкіна.
— Ірына Леўшына — чалавек шляхетны, высокай дабрыні, інтэлігентнасці, высокага розуму, які хутка вучыўся, любіў усё навакольнае, сваіх звяроў, людзей, падначаленых, сваю сям’ю. Ну і, канешне, нязломны Алесь Пушкін, які з жыцця і смерці зрабіў перформанс высокай якасці. Які, я ўпэўнена, будзе натхняць многія пакаленні беларусаў на такую ж самую нязломнасць.
Читайте еще
Избранное