Филин

Юлія Кот

Святлана Галаўнёва: «Гэта працуе на стварэнне карцінкі высокай яўкі»

Беларускім выбаршчыкам, якія прыйшлі на ўчасткі ўпершыню, раздаюць адмысловы мерч. А так наогул можна? Филин абмеркаваў з праваабаронцай, калі выбарчыя сувеніры не ідуць на карысць.

Усім маладым выбаршчыкам, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі ў Беларусі ўпершыню, уручаюць адмысловыя сувеніры, а таксама футболкі з надпісам «Мой голас ПЕРШЫ!».

«Ініцыятыва дзейнічае на працягу многіх выбарчых кампаній у нашай краіне», — зазначае, напрыклад, салігорская раёнка «Шахцёр».

І дадае, што сёлета для віншавання грамадзян, якія галасуюць у першы раз, ЦВК, мінінфармацыі і выдавецтва «Беларусь» падрыхтавалі адмысловае падарункавае выданне — «Сімвалы суверэннай Беларусі». У Салігорску і раёне такія сувеніры плануюць уручыць 966 маладым выбаршчыкам.

Праўда, ні гэтая, ні іншыя дзяржаўныя газеты чамусьці не ўдакладняюць, за якія сродкі выпускаецца і рэалізуецца такая сувенірная прадукцыя.

Филин пацікавіўся ў эксперткі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Святланы Галаўнёвай, як такая раздача сланоў ацэньваецца з гледзішча закону, і дзе яшчэ, акрамя Беларусі і Расіі, распаўсюджана падобная практыка — альбо ў еўрапейскіх краінах яна трактуецца як подкуп выбаршчыкаў?

— Само па сабе заахвочванне маладых выбаршчыкаў прыняць удзел у выбарах можа быць добрай практыкай па падвышэнню грамадскага ўдзелу ў важных для лёсу краіны палітычных працэсах. Супер-вядомы прыклад пазітыўнага падмацавання ўдзелу ў выбарах — стыкеры I Voted у ЗША, — гаворыць праваабаронца. — Але, канешне, важна глядзець на кантэкт: што гэта за падарункі, адкуль бярэцца фінансаванне на іх, і які магчымы пасыл яны нясуць.

Калі гэта нейтральны сімвалічны сувенір, прафінансаваны з дзяржбюджэту, каб падтрымаць удзел грамадзян у выбарах — такая практыка ў прынцыпе мае права на сваё існаванне.

Аднак гэта ўсё датычыцца выбараў, якія праводзяцца пры працуючай дэмакратычнай сістэме падзелу ўладаў, стрымак і супрацьвагаў паміж галінамі ўлады, працуючай незалежнай судовай сістэмы.

У выпадку цяперашніх «выбараў» у Беларусі — з першага погляду нейтральныя меры працуюць зусім не на тыя мэты, на якія павінны былі б.

Невялічкія падарункі маладым выбаршчыкам быццам бы робяцца, каб падвышаць удзел моладзі. Але ў бягучай сітуацыі, такая мера працуе на стварэнне карцінкі высокай яўкі і, такім чынам, падтрыманне легітымнасці  «выбараў».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)