Политика
Павел Міхайлаў

Суды над “маладафронтаўцамі” пачаліся з затрыманняў

11 чалавек былі затрыманы ў Салігорску каля будынка суда, куды яны прыйшлі падтрымаць актывіста “Маладога фронту” Івана Шылу, якого судзяць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Па гэтым жа артыкулу сёння ў Нясвіжы судзяць і актывістку Насту Азарку.

Як паведаміў ”БелаПАН” Франак Вячорка, маладых людзей, якія сабраліся каля будынку Солігорскага суда з мэтай падтрымаць Івана Шылу, супрацоўнікі міліцыі спецыяльнага прызначэння пагрузілі ў аўтобус і адвезлі ў адзяленне.

— Многіх пры гэтым білі па спіне, па нырках, у мяне падралі ўсе адзенне. Як нам давялося высветліць, так дзейнічалі мінскія міліцыянеры, якіх спецыяльна даставілі ў Салігорск, — расказаў Франак Вячорка.

Дарэчы, напярэдадні ноччу Іван Шыла разам з яшчэ трыма актывістамі быў затрыманы за расклейванне ўлётак. Праз некалькі гадзін яго адпусцілі, каб сёння ён зноў прадстаў перад судом.

За дзейнасць ад імя незарэгістравана арганізацыі сёння судзяць і актывістку Насту Азарку. Ёй, як і іншым, пагражае да двух гадоў турэмнага зняволення. Падтрымаць дзяўчыну прышлі таксама некалькі дзесяткаў чалавек.

Нагадаем, па артыкуле 193 Крымінальнага кодэкса ўжо судзілі сем маладафронтаўцаў. На чарзе яшчэ суд над Яраславам Грышчэнем з Баранавіч, дата якога пакуль невядомая.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)