Суд у Баўгарыі стаў на бок беларуса, якому адмовілі ў прытулку. Будзе новы разгляд справы
Першапачаткова міграцыйныя ўлады Баўгарыі палічылі, што просьбіту абароны нічога не пагражае ў Беларусі, якую ён пакінуў «бесьперашкодна і легальна», піша Радыё Свабода.
Грамадзянін Беларусі Антон (імя героя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) кажа, што ў 2020 годзе з жонкай і дзецьмі жыў у Менску, працаваў інжынэрам. Жонка — у галіне IT. Па словах суразмоўцы, падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ён запісаўся ў адну з ініцыятыўных груп па зборы подпісаў у падтрымку альтэрнатыўнага кандыдата.
— Актыўна зьбіраў подпісы ў падтрымку Бабарыкі, хадзіў на пратэсты, трапляў на відэа, бо даваў інтэрвію СМІ. Гэта прыклаў і да справы, калі падаваўся ў Баўгарыі на прытулак. Жонку затрымлівалі на адным з маршаў, пазьней прызначылі штраф, — успамінае свае прыгоды ў 2020 годзе Антон.
У 2022-м сям’я пераехала ў Грузію, пазьней — у Баўгарыю, дзе беларус у 2024 годзе папрасіў прытулку. Але Агенцтва ў справах уцекачоў палічыла, што ягоных аргумэнтаў недастаткова, каб даць прытулак. Міграцыйныя ўлады Баўгарыі прыйшлі да высновы аб неабгрунтаванасьці пададзенага прашэньня.
«Прычыны, на падставе якіх замежны грамадзянін зьвяртаецца з прашэньнем, не пацьвярджаюць абгрунтаваных страхаў перасьледу ці рэальнай небясьпекі прычыненьня сур’ёзнай шкоды», — гаварылася ў адмове.
Паводле вэрсіі Агенцтва, аналіз гісторыі ўцекача паказваў, што «адзінай прычынай, зь якой заяўнік зьвярнуўся па абарону ў Баўгарыі, была зробленая ягонай жонцы прапанова аб працы ў Баўгарыі».
Просьбіт абароны «бесьперашкодна і легальна пакінуў Беларусь 17 лютага 2022 году». Агенцтва таксама задавала пытаньне, чаму замежны грамадзянін не папрасіў прытулку ў Грузіі, і ставіла пад сумнеў сьцьверджаньні, што той пакінуў Беларусь, баючыся перасьледу.
Гісторыю Антона міграцыйныя ўлады Баўгарыі расцанілі як «няўмелую спробу надаць палітычнае адценьне сваёй гісторыі ўцекача, рэальнай і адзінай мэтай якой зьяўляецца легалізацыя знаходжаньня ў Баўгарыі». Агенцтва пры разглядзе справы спасылалася на заключэньне міжнародных структур аб сытуацыі ў Беларусі за 2014 год.
«Увага сьвету пераключылася на іншыя сур’ёзныя крызісы»
У кастрычніку 2024 году Антон зьвярнуўся ў Адміністрацыйны суд у Сафіі з просьбай перагляду яго заяўкі на атрыманьне прытулку. Пры разглядзе скаргі беларуса суд даслаў запыт у Агенцтва ў справах уцекачоў адносна сытуацыі ў Беларусі.
Як вынікае з атрыманага беларусам адказу, на гэты раз Агенцтва скарысталася абноўленай інфармацыяй. 16 сьнежня Антон атрымаў рашэньне Адміністрацыйнага суду, дзе абскарджваў адмову ў даваньні прытулку (копія дакумэнта ёсьць у рэдакцыі. — РС).
«У той час, калі ўвага сьвету пераключылася на іншыя сур’ёзныя гуманітарныя крызісы, беларусы па-ранейшаму сутыкаюцца з жорсткімі рэпрэсіямі, якія часта застаюцца незаўважанымі і не асьвятляюцца ў СМІ. Масавыя рэпрэсіі супраць народу Беларусі не сьціхаюць», — гаворыцца ў новай даведцы ад Агенцтва ў справах уцекачоў.
Суд таксама палічыў неабгрунтаванымі довады міграцыйных уладаў аб тым, што Грузія зьяўляецца бясьпечнай краінай, бо «сытуацыя там напружаная, яна ахопленая пратэстамі, краіна масава адмаўляе беларусам у прытулку».
Адміністрацыйны суд Сафіі вырашыў адмяніць рашэньне Агенцтва ў справах уцекачоў і абавязаць яго прыняць новае рашэньне ў справе беларуса.
Антон задаволены прынятым рашэньнем. Кажа, што нарэшце сустрэўся з поўным разуменьнем кантэксту сытуацыі ў Беларусі, бо першае рашэньне міграцыйных уладаў для яго было досыць абсурдным. Цяпер ён можа разьлічваць на некалькі варыянтаў разьвіцьця падзей.
Напрыклад, Агенцтва ў справах уцекачоў можа абскардзіць рашэньне Адміністрацыйнага суду ў Вярхоўным. Але калі Вярхоўны суд стане на бок беларуса, то міграцыйныя ўлады Баўгарыі будуць абавязаныя пераглядзець справу ў пазытыўны для Антона бок. Агенцтва ў справах уцекачоў можа пагадзіцца з Адміністрацыйным судом і вынесьці новае рашэньне ў справе.
— Яшчэ варыянт — тэарэтычна, у межах закону, я цяпер магу спагнаць з Агенцтва расходы на адваката, пераклады і так далей. Гэта магчымасьць прапісаная ў рашэньні суду. Але я магу гэтага не рабіць і пакуль не рабіў. Спадзяюся, мірна дамовімся з Агенцтвам, — разважае беларус.
Антон лічыць, што такое рашэньне суду можа ў будучыні пазытыўна паўплываць на рашэньні спраў беларусаў, якія будуць падавацца на прытулак.
— Парадавала, што судзьдзя лягічна расьпісаў, што Грузія не зьяўляецца для беларуса бясьпечнай краінай. Бо міграцыйныя ўлады акурат папікалі мяне, што я мог бы падацца на прытулак у Грузіі, — дадаў Антон.
Ён спадзяецца, што ягоная справа вырашыцца пазытыўна.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное