Стрыжак: «Вам будзе дастаткова аднаго арышту на тысячы праехаўшых спакойна. Калі гэты арышт будзе ваш»

Кіраўнік фонда Bysol — пра самую вялікую памылку: думаць маштабамі статыстыкі пра дзяржаўны тэрор.

Андрэй Стрыжак

Вам будзе дастаткова аднаго арышту на тысячы праехаўшых спакойна. Калі гэты арышт будзе ваш, — піша Андрэй Стрыжак.

— Ніхто ня ведае сапраўдных лічбаў арыштаваных на мяжы за час святаў. Самі арыштаваныя нам не пішуць, за кратамі мабілаў няма. Сваякі ня ведаюць куды пісаць/баяцца/разгубленыя/не давяраюць.

Любыя лічбы па тэроры ў Беларусі неканчатковыя і іх галоўны сэнс — фіксацыя тэндэнцый і практык. Візіты ў Беларусь па-ранейшаму небяспечныя для ўсіх, хто:

  • данаціў;
  • быў падпісаны на незалежныя медыя;
  • пакідаў крытычныя каментары ў сацсетках;
  • ужо адбыў раней пакаранне за пратэсты.

Спіс няпоўны, але ж гэта людзі ў самай высокай зоне рызыкі.

Напярэдадні BYSOL паведаміў, што яму вядома пра не менш за 8 арыштаў на мяжы пры вяртанні беларусаў на радзіму на святы.

12 студзеня канал сілавікоў пахваліўся затрыманнем цяжарнай 31-гадовай жанчыны. Яе затрымалі па вяртанні ў Беларусь з Літвы, абвінавачваюць у абразе міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова.