Общество

Стрыжак: Берасцейскія і гарадзенскія сілавікі пашырылі практыку гвалту пры затрыманнях. Людзей збіваюць падчас аблаваў

Кіраўнік фонда салідарнасці BYSOL — пра ўзмацненне рэпрэсій у Беларусі.

— З пачатку верасня ўсе службы фонда BYSOL адзначаюць значнае ўзмацненне рэпрэсій. Як па форме, так і па сутнасці, — піша Андрэй Стрыжак.

Тыпалогія рэпрэсій

  • Берасцейскія і гарадзенскія губазікі пашырылі практыку гвалту пры затрыманнях. Людзей збіваюць падчас аблаваў.
  • Асаблівую цікаўнасць у сілавікоў выклікаюць людзі, што давалі каментары ці інтэрв’ю незалежным медыя ў 2020-2023 гадох. Калі ў вас у анамнезе ёсць такія каментары і інтэрв’ю і вы на тэрыторыі Беларусі зараз, улічвайце рызыкі.
  • За апошнія тыдні ўзмацніліся рэйды па прафесійных групах — пад ударам актыўныя настаўнікі і асветнікі, а таксама грамадскія актывісты. Калі вы з іх кола і знаходзіцеся ў Беларусі, улічвайце рызыкі.
  • Значна павялічылася колькасць заявак на эвакуацыю і кансультацыю што рабіць у выпадку пераследу. Па розных накірунках нашай дапамогі рост колькасці заявак ад 50 да 80%.

Прычыны ўзмацнення рэпрэсій

Звязваем такую актыўнасць са сканчэннем адпачынкаў у сілавікоў, напрацоўкай вялікай базы па крымінальных справах, а таксама ў гібрыдным новым падыходзе.

Новы падыход у тым, каб адной рукой вызваляць нейкую колькасць палітвязняў, а іншай яшчэ больш закручваць гайкі і сажаць усё новых людзей.

Паралельна дзяржпрапаганда актыўна эксплуатуе вобраз «гуманітарнасці» дзеянняў лукашыстаў праз узорныя кейсы (Пратасевіч) і непублічнае ўздзеянне — у першую чаргу на спартоўцаў і дзеячоў культуры.

Спробы схіліць на свой бок

І спартоўцы і дзеячы культуры паведамляюць пра тое, што да іх звяртаюцца эмісары рэжыму з прапановамі рознага кшталту — ад пагрозаў сваякам і блізкім да прапановаў згарнуць актыўнасць ці вярнуцца ў краіну і атрымаць дараванне.

Бачна значнае павелічэнне ўпамінання дыскурса «перагортвання старонкі» як сярод прапагандыстаў, так і сярод асобных дзеячоў дэмакратычнага поля.