Политика
Анастасія Зелянкова

Статкевіча перавозяць як уцекача

Палітзняволены Мікалай Статкевіч едзе адбываць пакаранне ў вёску Сітнікі Пухавіцкага раёна. Больш як год спатрэбілася выканаўчым органам, каб зразумець, што палітык адбывае назначаную яму “хімію” не ў тым, дзе трэба, месцы.

Афіцыйная версія пераводу Статкевіча з Баранавічаў – неабходнасць адбываць назначаны тэрмін у раёне прапіскі. Таму з Брэсцкай вобласці яго цяпер накіравалі ў Мінскую.

-- Мне нават не далі нармальна сабраць рэчы, -- расказаў карэспадэнту “Салідарнасці” Мікола Статкевіч, якога наш тэлефонны званок заспеў ужо ў дарозе. – Звычайна, калі адбываецца перавод, чалавеку даецца трое сутак, каб сабрацца. Гэтая працэдура не датычыць толькі тых, хто ўцёк. Да мяне ж сёння прама на працу прыйшлі супрацоўнікі камендатуры і загадалі тэрмінова збірацца. Нават свае рэчы я пакаваў пад іх наглядам.

Свой перавод на іншае месца Мікола Статкевіч разглядае як спробу яго ізаляваць. На думку палітыка, улады маюць намер усчыніць супраць яго правакацыю, каб потым пасадзіць у турму.

-- Гэта спрабавалі зрабіць яшчэ ў Баранавічах. Мне падкідалі наркотыкі, імкнуліся справакаваць драку. Карацей, падвесці пад крымінальную справу. Тады гэта не ўдалося, хоця апошнія месяцы супрацьстаяць было вельмі цяжка. Тым не менш у Баранавічах сёння застаўся мой хворы бацька, і я не ведаю, што з ім будзе далей.

Нагадаем, Мікола Статкевіч быў асуджаны на два гады выпраўленчых работ за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэферэндуму-2004. Вось ужо год, як ён адбывае пакаранне – як высветлілася, з парушэннем заканадаўчых нормаў. Зараз, дзякуючы намаганням выканаўчых органаў, гэтая “несправядлівасць” выпраўленая. На жаль, так пашанцавала пакуль не ўсім палітзняволеным. Напрыклад асуджаны за антыпрэзідэнцкія графіці Артур Фінькевіч, хоць і мае мінскую прапіску, дагэтуль адбывае пакаранне ў Магілёве, а менчук Андрэй Клімаў зараз знаходзіцца ў Гомельскай вобласці – у горад Крупкі яго яшчэ зімой перавялі якраз з Мінскай вобласці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)