Политика
Радыё Свабода

Статкевіча ізалявалі ў спэцінтэрнат

Міколу Статкевіча перавялі з хатняга рэжыму адбыцьця пакараньня ў спэцінтэрнат. Яму патлумачылі гэта "складанай апэратыўнай абстаноўкай" у Баранавічах.

Апазыцыйны палітык з 29 ліпеня адбывае пакараньне на так званай “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацый 18 і 19 кастрычніка 2004 году супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Напрыканцы лістапада яго перавялі на хатні рэжым, каб ён начаваў у свайго хворага бацькі. Цяпер ён будзе штодня ад 7 вечара да 8 раніцы ізаляваны ў спэцкамэндатуры.

Мікола Статкевіч лічыць заканамерным перавод з хатняга рэжыму ва ўмовы ізаляцыі. Ён упэўнены, што гэта зьвязана з набліжэньнем даты прэзыдэнцкіх выбараў, 19 сакавіка.

(Статкевіч: ) “Я чакаў гэтага крыху пазьней. Безумоўна, гэта зьвязана з выбарамі. У мяне не было ні кроплі сумневу, што ўлады будуць намагацца ізаляваць мяне як мага больш. Калі пачалі ўвечары дахаты хадзіць, калі пачалі рэгістраваць мяне тры разы на дзень, у той час, калі звычайных асуджаных — толькі адзін раз, то безумоўна, гэта прагназавалася”.

Мікола Статкевіч не выключае, што нагодай для пераводу ў інтэрнат стала паседжаньне каардынацыйнага камітэту “Эўрапейскай кааліцыі”, якое адбылося ў Баранавічах.

(Статкевіч: ) “Мабыць, у нейкай ступені паскорыла прыняцьцё гэтага рашэньне тое, што спачатку “Народная Грамада”, а потым “Эўрапейская кааліцыя” на паседжаньнях тут, у Баранавічах, зрабілі пэўныя захады, каб паскорыць прыняцьце Аб’яднанай эўрапейскай кааліцыяй рашэньня аб абароне сапраўдных вынікаў галасаваньня 19 сакавіка ў 20:00”

Пад час знаходжаньня на хатнім рэжыме Статкевіч мусіў штодня хадзіць на працу, а а 7-й вечара адзначацца ў камэндатуры, а потым тэлефанаваць туды а 22-й гадзіне. Апроч таго, яго некалькі разоў на дзень правяралі супрацоўнікі міліцыі. Тыдзень таму Мікола Статкевіч падпісаў паперу аб тым, што яго будуць наведваць і ўначы.

Раней апазыцыйнаму палітыку адмаўлялі наведваць сваю сям’ю ў Менску, матывуючы гэта складанай апэратыўнай абстаноўкай у сталіцы. Цяпер такая абстаноўка, паводле міліцыянтаў, склалася і ў Баранавічах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)