Общество

Статкевіч ужо адседзеў столькі ж, колькі Салжаніцын – наглядна

Радыё Свабода параўнала тэрміны беларускіх палітвязьняў і сусьветна вядомых дысыдэнтаў.

6 верасьня Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака асудзілі на 11 і 10 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна. Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў. Найбольшы тэрмін у Дзяніса Ўрада з Генштабу — 18

Перасьлед з палітычных і рэлігійных матываў ня быў нечым незвычайным да самага заканчэньня Другой сусьветнай вайны і прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, якая наўпрост забараняла дыскрымінацыю па гэтых прыкметах.

У Расейскай імпэрыі, куды ўваходзіла і Беларусь, статус палітзьняволенага існаваў афіцыйна і быў замацаваны ў дакумэнтах, якія рэгулявалі прымяненьне крымінальнага права. Яго прыбралі адтуль толькі пасьля рэвалюцыі 1917 году.

Краіны, урады якіх падпісалі Дэклярацыю правоў чалавека, згодна з нормамі міжнароднага права абавязаныя яе выконваць.

У сучаснай Беларусі ў Крымінальным кодэксе няма тэрміна «палітычны зьняволены». Няма і артыкулаў, якія б наўпрост прадугледжвалі магчымасьць крымінальнага пакараньня за палітычную ці рэлігійную дзейнасьць. Гэты аргумэнт любяць прыводзіць беларускія ўлады і асабіста Лукашэнка, калі сьцьвярджаюць, што палітзьняволеных у Беларусі няма.

Ім пярэчаць міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і цэнтар «Вясна», паводле чыіх зьвестак у Беларусі па стане на 11 верасьня ў турмах і СІЗА трымаюць 667 палітзьняволеных.

Пры гэтым колькасьць палітвязьняў у Беларусі можа быць шматкроць большай. Праваабаронцы прызнаюць, што адпаведны статус зьняволенаму надаюць толькі зь яго ўласнай згоды або са згоды родных.

У сучаснай гісторыі Беларусі палітвязьні зьявіліся неўзабаве пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

Адным зь першых афіцыйна прызнаных міжнароднымі арганізацыямі палтвязьняў стаў былы прэм’ер Міхаіл Чыгір. У пазьнейшы час колькасьць палітвязьняў у Беларусі вагалася ад дзясяткаў да адзінак.

На пачатку траўня 2020 году праваабаронцы зь некаторымі агаворкамі называлі палітвязьнем толькі Міхаіла Жамчужнага. З канца траўня таго ж году колькасьць палітзьняволеных, якіх прызналі такімі праваабаронцы, у Беларусі пастаянна расьце. Да найбольшых тэрмінаў на дадзены момант асуджаныя:

Былы капітан Генштабу Дзяніс Урад — 18 гадоў пазбаўленьня волі.

Былы старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» і патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка — 14 гадоў.

Сябра Прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава — 11 гадоў.

Сябра Прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак — 10 гадоў.

Сустаршыня БХД Павал Севярынец — 7 гадоў (у 2006 і 2011 гадах ужо быў двойчы асуджаны да абмежаваньня волі, сумарна на 6 гадоў).

Працягваецца суд па справе Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Міколы Статкевіча, якім можа пагражаць нават да 15 гадоў пазбаўленьня волі і чые артыкулы абвінавачаньня пакуль ня цалкам вядомыя.

З канца 2020 году за кратамі Мікола Аўтуховіч, які ў першай палове 2010-х ужо адседзеў 5 гадоў і быў прызнаны палітзьняволеным. Новыя абвінавачаньні ў арганізацыі тэрарыстычнай групоўкі «цягнуць» на 15 гадоў пазбаўленьня волі. Пра пачатак суду па яго справе пакуль нічога невядома.

На дадзены момант з усіх беларускіх палітзьняволеных за кратамі найбольш часу правёў Мікола Статкевіч — 8 гадоў.

Параўноўваем турэмныя тэрміны, атрыманыя беларускімі палітвязьнямі, з тэрмінамі самых вядомых палітычных зьняволеных сьвету 20 стагодзьдзя.

Нэльсан Мандэла — 27 гадоў

Імя першага прэзыдэнта Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі Нэльсана Мандэлы сымбалізуе барацьбу з рэжымам апартэіду. За кратамі да свайго абраньня на пасаду Мандэла адседзеў 27 гадоў.

Упершыню Нэльсана Мандэлу арыштавалі ў 1956 годзе, яму было тады 38. Сьледзтва абвінаваціла будучага прэзыдэнта ў камунізьме і падрыхтоўцы да гвалтоўнай зьмены ўлады. Суд адбыўся толькі ў 1961 годзе і апраўдаў усіх абвінавачаных.

У тым жа 1961 годзе Мандэлу зноў арыштавалі, гэтым разам па абвінавачаньні ў арганізацыі збройнага супраціву. Вызвалілі будучага прэзыдэнта толькі ў 1990 годзе. Выхад Нэльсана Мандэлы з турмы трансьлявалі ў жывым эфіры многія тэлекампаніі з усяго сьвету. На той момант ён ужо быў сымбалем барацьбы з апартэідам.

Большую частку з адбытых за кратамі 27 гадоў Мандэла знаходзіўся ў камэры-адзіночцы. Яго, як і іншых палітзьняволеных, трымалі асобна ад крымінальнікаў. Дазвалялася толькі адно спатканьне з роднымі на працягу 6 месяцаў. Турэмная адміністрацыя таксама абмяжоўвала перапіску: лісты альбо зусім не даходзілі, альбо даходзілі моцна адцэнзураванымі і зь вялікім спазьненьнем.

Міхась Кукабака — 17 гадоў

Савецкі і беларускі дысыдэнт і праваабаронца. У 1968 годзе Кукабака адкрыта выступіў супраць увядзеньня савецкіх войскаў на тэрыторыю Чэхаславаччыны. Накіраваў ліст са словамі падтрымкі ў амбасаду ЧССР у Маскве. Неўзабаве КДБ паспрабаваў прапанаваць Кукабаку супрацоўніцтва. Ён адмовіўся, трапіў за гэта ў псыхіятрычную лячэбніцу і прабыў там больш за 6 гадоў.

Пасьля вызваленьня працаваў грузчыкам у Бабруйску. Аднак ужо ў 1976-м зноў трапіў у псыхбальніцу, пасьля таго як спрабаваў распаўсюдзіць тэкст Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Кукабака ставіў свае подпісы пад зваротамі ў абарону правоў чалавека на адрас савецкіх уладаў, удзельнічаў у стварэньні «Свабоднага прафсаюзу» (савецкі аналяг польскай «Салідарнасьці»). У 1984 годзе арыштаваны за «антысавецкую агітацыю», асуджаны на 6 гадоў калёніі і 4 гады высылкі. Вызвалены ў 1988 годзе, рэабілітаваны ў 1991-м рашэньнем Вярхоўнага суду БССР.

Махатма Гандзі — 4 гады

Ідэоляг і лідэр нацыянальна-вызвольнага руху ў Індыі сваю дзейнасьць па абароне правоў пачаў на тэрыторыі Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (пазьней яго прыкладам натхняўся Нэльсан Мандэла).

У Індыі брытанская адміністрацыя шматкроць затрымлівала і судзіла Гандзі разам з паплечнікамі і нават роднымі. За кратамі ён правёў толькі 4 гады — з 1920 па 1922 (тады Гандзі прыгаварылі да 6 гадоў зьняволеньня, аднак вызвалілі значна раней) і з 1942 па 1944.

Прычынай першага арышту быў заклік Гандзі байкатаваць брытанскія тэкстыльныя тавары, афіцыйна судзілі яго за арганізацыю паўстаньня. Акрамя крымінальнага перасьледу, Махатму Гандзі шмат разоў арыштоўвалі на непрацяглыя тэрміны, з чым ён змагаўся абвяшчэньнем галадовак. Самая працяглая зь іх ішла 21 дзень.

У некаторых выпадках брытанскія ўлады ішлі на саступкі індыйскаму лідэру і нават вызвалялі яго з-за кратаў, калі ён адмаўляўся ад ежы.

Палдэн Г’яца — 33 гады

Тыбэцкі будысцкі манах і актывіст трапіў пад перасьлед з боку кітайскіх уладаў пасьля акупацыі Тыбэту. Актыўна ўдзельнічаў у дэманстрацыях і пратэстах тыбэтцаў. Быў арыштаваны ў 1959 годзе, зьняволеньне адбываў у турмах, а таксама ў працоўных лягерах, сетку якіх стварылі ў КНР на ўзор савецкага ГУЛАГу.

Пасьля вызваленьня ў 1992 годзе Палдэн Г’яца зьехаў з Кітаю ў індыйскі горад Дхарамсалу, дзе меў сядзібу ўрад Тыбэту на выгнаньні, і працягнуў палітычную дзейнасьць.

У канцы 90-х былі апублікаваныя ўспаміны Г’яца пра кітайскія турмы, дзе ён падрабязна апісаў катаваньні, арганізаваныя турэмнай адміністрацыяй. 33-гадовы тэрмін Палдэна Г’яца, верагодна, адзін з самых працяглых для палітычнага зьняволенага.

Бэназір Бхута — 2 гады

Прэм’ер-міністарка Пакістану, першая жанчына — кіраўнік ураду ў краіне з мусульманскім насельніцтвам.

Бацька Бэназір Бхута — Зульфікар Алі Бхута быў прэзыдэнтам, а пасьля прэм’ер-міністрам Пакістану. Калі Бэназір Бхута споўнілася 24 гады, яна вярнулася з-за мяжы на радзіму і пачала працаваць памочніцай бацькі-прэм’ера.

Бэназір арыштавалі разам з бацькам, якога абвінавацілі ў арганізацыі палітычнага забойства, амаль адразу пасьля вяртаньня ў Пакістан. Сьледзтва па іх справе цягнулася два гады. Зульфікар Алі Бхута прызналі вінаватым і расстралялі, яго дачку зьмясьцілі пад хатні арышт, а ў 1984 годзе дазволілі ёй выехаць за мяжу.

«Летняя сьпякота ператварыла маю камэру ў распаленую печ, — апісвала сваё зьняволеньне Бхута ў пазьнейшай аўтабіяграфіі. — Мая скура трэскалася і злазіла з рук кавалкамі. Твар быў пакрыты вадырамі. У мяне пачалі выпадаць валасы. Полчышчы насякомых апанавалі маю камэру. Конікі, камары, мухі, пчолы і жукі праточваліся праз расколіны ў падлозе і краты. Вялікія чорныя мурашкі, прусакі, атрады малых чырвоных мурашак і павукоў. Я хавалася пад коўдрай з галавой, каб схавацца ад іх укусаў, і здымала яе, калі рабілася занадта цяжка дыхаць».

У Пакістан Бэназір Бхута вярнулася ў 1988 годзе. Яе партыя выйграла выбары і сфармавала ўрад. 35-гадовая Беназір Бхута стала прэм’ер-міністаркай. Адным зь першых яе распараджэньняў на пасадзе было вызваленьне з пакістанскіх турмаў больш як 1100 палітзьняволеных.

Аляксандар Салжаніцын — 8 гадоў

Савецкі пісьменьнік, грамадзкі і палітычны дзяяч. Быў арыштаваны незадоўга да завяршэньня Другой сусьветнай вайны, падчас службы ў савецкай арміі. Нягледзячы на забарону, падчас службы ён працягваў весьці дзёньнік, а таксама перапіску зь сябрамі.

У лістах, якія праходзілі цэнзуру, Салжаніцын згадваў пра «пахана» і неабходнасьць пасьля завяршэньня вайны стварыць арганізацыю, якая б спрыяла вяртаньню грамадзтва да «ленінскіх нормаў». 7 ліпеня 1945 году Салжаніцына прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўленьня волі з наступнай пажыцьцёвай высылкай.

З-за кратаў Аляксандра Салжаніцына вызвалілі 13 лютага 1953 году, пасьля адбыцьця поўнага тэрміну зьняволеньня. У Цэнтральную Расею ён змог вярнуцца толькі пасьля апраўдальнага рашэньня суду ў 1956 годзе. Рэабілітавалі Салжаніцына толькі праз год пасьля гэтага.

Адно з самых вядомых апавяданьняў Салжаніцына — «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» — было апублікаванае неўзабаве пасьля вызваленьня палітвязьня з асабістага дазволу Мікіты Хрушчова. Аднак да канца 60-х гадоў Салжаніцын фактычна ператварыўся ў дысыдэнта.

У КДБ СССР нават стварылі асобнае падразьдзяленьне, якое займалася распрацоўкай пісьменьніка. Пасьля публікацыі за мяжой кнігі «Архіпэляг ГУЛАГ» было склікана таемнае паседжаньне Палітбюро, на якім пастанавілі зноў арыштаваць Салжаніцына. Аднак старшыня КДБ змог пераканаць сход, што пісьменьніка варта выслаць з краіны, а не арыштоўваць. Празь месяц пасьля гэтага Салжаніцына затрымалі, абвінавацілі ў здрадзе радзіме і вывезьлі на самалёце на тэрыторыю ФРГ.

У Расеі «Архіпэляг ГУЛАГ» быў апублікаваны толькі ў 1990 годзе, кніга выйшла накладам больш за 3 мільёны экзэмпляраў. Вярнуўся на радзіму пісьменьнік праз чатыры гады пасьля гэтага. У 2007 годзе Салжаніцына ў ягоным доме асабіста наведаў Уладзімер Пуцін, які павіншаваў пісьменьніка з прысуджэньнем Дзяржаўнай прэміі.

Мустафа Джэмілеў — 15 гадоў

Лідэр крымскататарскага народу, савецкі і ўкраінскі праваабаронца.

Адзін з заснавальнікаў ініцыятыўнай групы па абароне правоў чалавека — першай незалежнай ад уладаў грамадзкай арганізацыі ў СССР, якая дзейнічала адкрыта. Джэмілеў таксама быў старшынёй Мэджлісу крымскататарскага народу з 1991 па 2013 год.

У СССР Мустафу Джэмілева судзілі сем разоў, першы раз ён трапіў на лаву падсудных у 24-гадовым узросьце. За кратамі Джэмілеў знаходзіўся ў пэрыяды 1966–1967, 1969–1972, 1974–1975, 1975–1976, 1983–1986 гадоў. У 1979–1982 быў на высылцы ў Якуціі. Першы тэрмін працягласьцю 1,5 года Мустафа Джэмілеў атрымаў за адмову служыць у савецкай арміі. Пазьней Джэмілева абвінавачвалі ў «складаньні і распаўсюдзе дакумэнтаў, якія ганяць савецкі дзяржаўны і грамадзкі лад», «распаўсюдзе сярод зьняволеных выдумак, якія ганьбяць савецкі дзяржаўны і грамадзкі лад», «адмове ад удзелу ў вайсковых зборах», «арганізацыі масавых беспарадкаў».

Падчас аднаго з турэмных тэрмінаў Джэмілеў абвясьціў галадоўку пратэсту, адміністрацыя калёніі на працягу 9 месяцаў гвалтоўна карміла палітвязьня праз зонд.

На тэрыторыю Крыму Мустафа Джэмілеў змог вярнуцца толькі ў 1990 годзе. Пасьля анэксіі Крыму Расеяй у 2014 годзе адмовіўся выступіць у падтрымку Крамля і заявіў, што Крым — частка Ўкраіны. Расейскія ўлады забаранілі яму наведваць паўвостраў.

Сярод іншых можна згадаць сынгапурца Ч’я Тай По (23 гады за кратамі), абвінавачанага ўладамі ў вядзеньні камуністычнай дзейнасьці, апазыцыянэра з Узбэкістану Мурода Юраева (21 год за кратамі), які памёр праз два гады пасьля вызваленьня, і арганізатара партызанскага руху супраць Кастра на Кубе Эўсэбіё Масора (28 гадоў за кратамі).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(18)