Лица

«Слова года для беларусаў — годнасць»

Выкладчык Наталля Дуліна — пра выпрабаванні і чаму не трэба здавацца.

Фота Радыё Свабода

Да 2020 года Наталля Дуліна была выкладчыкам у Мінскім лінгвістычным універсітэце. Яна падтрымала перамены ў Беларусі і сваіх студэнтаў, якія выказалі нязгоду з несправядлівымі выбарамі і гвалтам.

Інязаўцаў затрымлівалі наўпрост ва ўніверсітэце, ніхто не чакаў, што АМАП можа нахабна ўварвацца ў ВНУ. Пасля спробы забастоўкі з Дулінай хутка развіталіся, яна патрапіла на суткі, а яе сукамерніцы з гонарам расказвалі, што «сядзелі з такім чалавекам»! У размове з «Нашай Нівай» Наталля расказвае, што было самым складаным за гэты год і чаму беларусам не варта адчайвацца.

— Са жнівеньскіх падзей прайшоў год. На жаль ці на шчасце, але нейкія рэчы прытупляюцца. Калі чуеш пра чарговае забойства, гвалт ці прыклад несправядлівасці (калі чалавека называюць тэрарыстам або экстрэмістам), натуральна ў гэты момант сціскаецца сэрца. Але ў глыбіні душы разумееш, што гэта ўжо не навіна, гэтага варта было чакаць.

Таму, напэўна, не магу казаць пра боль, хутчэй — адчай ад бяссілля, ад немагчымасці нешта зрабіць. Калі працягнуць метафару, то ты нібыта спрабуеш ісці супраць хвалі, якая цябе захлёствае. Мне гэта не прыносіць боль, а вельмі злуе. Унутры расце вельмі моцнае, усёпаглынальнае пачуццё абурэння, якое можа проста «паглынуць».

Вельмі радуе, што людзі, якія аказваюцца ў складаных умовах — цярпяць гвалт (у тым ліку, псіхалагічны), жахлівае стаўленне, праходзяць турмы — не ламаюцца і застаюцца людзьмі.

Раней мне здавалася, што такія выпрабаванні могуць прайсці нямногія. А тут я бачу, што большасць людзей, трымаюцца вельмі годна. Дзякуючы ім я таксама стала мацней.

Калі б у мяне як у лінгвіста спыталі, якое слова можна назваць ключавым у гэтым годзе, якое слова ахарактарызавала Беларусь і беларусаў, я б выбрала «годнасць». Яно неадназначнае, у яго ёсць розныя бакі і адценні. Але дзякуючы яму можна ахарактарызаваць усё тое, што мы адкрылі ў сабе, адчуваем у адносінах адзін да аднаго, што нас радуе і што не.

Я гляджу на Святлану Ціханоўскую і проста дзіўлюся, колькі яна паспела зрабіць за гэты час. Дзіўна, як нягледзячы на перажыты стрэс — згадаем, як ёй пагражалі дзецьмі — яна працягнула сваю дзейнасць. Для мяне гэта вельмі нечаканы ўчынак. Не ведаю, ці магла б я ці хтосьці з нас вытрымаць тое, што Святлана.

Таксама мяне прыемна здзівіла, што мы з беларусамі глядзім у адзін бок, што побач — аднадумцы. Бо раней я больш скептычна ставілася да людзей. Спрацоўваў агульны стэрэатып.

Пасля жніўня маё сяброўскае і прафесійнае атачэнне не змянілася. Людзі, якія былі аднадумцамі, імі і засталіся. Так, некаторыя асобы адкрыліся не з лепшага боку. Але я не адчула нейкага расчаравання. З гісторыі вядома, на якія подласці здольны чалавек, таму нічога дзіўнага тут няма. Мяне больш здзіўляюць і ўзрушваюць станоўчыя прыклады, калі чалавек аказваецца моцным, годным, выяўляе салідарнасць.

Усёабдымная дапамога, жаданне дапамагчы, спроба акружыць клопатам можа больш прабіць мяне на слёзы, чым адмоўныя прыклады.

У сённяшнім кантэксце я не песіміст. Цудоўна разумею: нават калі Лукашэнка сыдзе, могуць знайсціся яго паплечнікі, які проста так не адмовяцца ад ўлады. Але ўсё ж такі думаю, што ўсё будзе добра. Мы не вернемся да таго, што было раней.

Наш народ перажывае вельмі траўматычны, але адначасова і каштоўны вопыт. Таму я рада, што зараз у Беларусі. Не хачу з’язджаць — тады б мне было вельмі журботна і некамфортна, мяне натхняе тое, што я тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)