Экономика

«Што зьнялі Галаватага — для ўсіх нечакана». Што адбываецца зь «Беларуськаліем», дзе змянілі кіраўніка

4 лістапада Лукашэнка зьняў кіраўніка «Беларуськалію» Івана Галаватага, які кіраваў прадпрыемствам 10 гадоў. А таксама прапанаваў сумесна з Расеяй зьнізіць здабычу ўгнаеньняў, каб на іх падняліся цэны. Радыё Свабода распавядае, што зараз адбываецца зь «Беларуськаліем».

З 4 лістапада «Беларуськаліем» кіруе Аляксандар Рыбакоў, які раней узначальваў канцэрн «Белнафтахім». Лукашэнка адправіў у адстаўку ранейшага кіраўніка Івана Галаватага, ён кіраваў прадпрыемствам 10 гадоў.

Амаль пяць гадоў, зь лістапада 2019-га па красавік 2024-га, Іван Галаваты ўваходзіў у пастаянную камісію па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савету Рэспублікі. У новы склад ня трапіў.

Іван Галаваты кіраваў «Беларуськаліем» і на хвалі пратэстаў 2020 году. Тады на прадпрыемстве частка рабочых абвясьціла забастоўку, Кіраўніцтва ціснула на супрацоўнікаў, каб забастоўку спынілі.

З чэрвеня 2022 году «Беларуськалій», як і ягоны колішні кіраўнік Іван Галаваты, знаходзяцца пад санкцыямі Эўразьвязу. У верасьні гэтага году суд ЭЗ адхіліў пазоў аб зьняцьці санкцый, які ініцыявала кіраўніцтва «Беларуськалію». Лукашэнка прапанаваў адправіць Галаватага паслом у адну з краін СНД.

Сустрэча Лукашэнкі з Галаватым у верасьні 2023 году

Падчас прызначэньня новага кіраўніка прадпрыемства Лукашэнка прапанаваў па-новаму паглядзець на магчымасьці экспарту прадукцыі, папросту зьмяшаць угнаеньні — свае і іншага вытворцы.

«Ня буду называць гэтыя дзяржавы, якія кажуць: „Давайце разам зробім і будзем прадаваць комплексныя, зьмяшаныя ўгнаеньні“. Трэба на гэта ісьці: мы кудысьці паставім калій, стаіць там завод на мяжы недзе — зьмешваем угнаеньні і адразу за мяжу прадаём разам», — прапанаваў ён.

Яшчэ адна прапанова — зьнізіць здабычу, каб павысіліся цэны на прадукцыю.

«Можа, нам з расейцамі перагаварыць, параіцца і працэнтаў на 10, можа 11, зьнізіць здабычу калійных угнаеньняў. Ня тое што дэфіцыт на рынку зьявіцца, а ўсе зразумеюць, што гэта дарагая прадукцыя і за яе трэба плаціць адпаведныя сродкі», — сказаў Лукашэнка.

Новы дырэктар «Беларуськалію» Андрэй Рыбакоў да прызначэньня на пасаду кіраваў канцэрнам «Белнафтахім»

«Для ўсіх было нечакана, што зьнялі Галаватага, ёсьць асьцярогі»

Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці зь людзьмі, абазнанымі ў цяперашняй сытуацыі на «Беларуськаліі». Суразмоўцы кажуць, што для супрацоўнікаў звальненьне Івана Галаватага было «нечаканасьцю». Таксама ў іх ёсьць асьцярогі, што зараз могуць зьменшыць здабычу, а гэта непасрэдна паўплывае на іх даходы.

«Можа, Галаваты правініўся тым, што ня здолеў знайсьці новыя рынкі збыту ва ўмовах санкцый. Рыбакоў ужо кажа, што гатовы працаваць у такіх умовах», — адзначыў адзін з суразмоўцаў.

Яшчэ адзін суразмоўца мяркуе, што прыбытак прадпрыемства нізкі, бо дарагая лягістыка паставак у Кітай праз Расею.

Супрацоўнікі «Беларуськалію» на сабе адчуваюць паніжэньне даходаў прадпрыемства: і заробкі, і даплаты істотна зьменшыліся.

Што з рынкамі збыту

У 2020 годзе, да ўвядзеньня санкцый, асноўны топ пакупнікоў беларускага калію выглядаў наступным чынам:

  • Бразылія — 520,7 мільёна даляраў за год
  • Кітай — 319,7 мільёна даляраў за год
  • Індыя — 289,7 мільёна даляраў за год
  • Краіны ЭЗ — 195,7 мільёна даляраў за год
  • Інданэзія — 139,8 мільёна даляраў за год

Тады Беларусь прадала за год калійных угнаеньняў на 2,4 мільярда даляраў па сярэдняй цане 337 даляраў за тону.

Цяпер адзін з асноўных пакупнікоў беларускага калію — Кітай. Аднак і туды прадукцыі сталі пастаўляць менш. За 9 месяцаў гэтага году — на 670,9 мільёна даляраў.

А летась за такі ж пэрыяд угнаеньняў прадалі на 1,248 мільярда даляраў. Падзеньне ў 1,9 раза. Гэта вынікае з дадзеных кітайскай статыстыкі, беларуская не публікуецца з 2021 году.

Яшчэ адзін буйны раней пакупнік беларускага калію, Бразылія, набыў сёлета са студзеня па ліпень беларускіх хімічных угнаеньняў, у тым ліку калійных, на 44,7 мільёна даляраў.

Індыя, згодна з статыстыкай гэтай краіны, са студзеня па жнівень закупіла ў Беларусі тавараў (любых агулам) на 8,7 мільёна даляраў.

Пры гэтым у Расеі, якая канкуруе зь Беларусьсю ў экспарце калійных угнаеньняў, заяўляюць пра рост продажу гэтага тавару за мяжу. Нарасьцілі там і здабычу калійных угнаеньняў.

Расейскія калійныя ўгнаеньні, у адрозьненьне ад беларускіх, ня трапілі пад санкцыі.

«Раней цэны былі яшчэ ніжэйшыя»

У 2022–2023 годзе Беларусь імкнулася аднавіць аб’ёмы пастаўкі калійных угнаеньняў, заўважае старшая экспэртка дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна. Раней Беларусь была адным з асноўных пастаўшчыкоў калійных угнаеньняў у Індыю. А цяпер з прычыны санкцый Індыя скараціла закупкі калію зь Беларусі.

«У 2023 годзе асноўным пакупніком стаў Кітай, які таксама мае свае калійныя ўгнаеньні. Чыноўнікі кажуць пра нізкія цэны, аднак гэта не зусім так. У 2022 годзе цэны былі высокія, бо гэта былі постпандэмійныя цэны. У 2023 годзе цана была 383 даляры за тону. А ў 2024 годзе — 278 даляраў за тону на кастрычнік, паводле дадзеных Усясьветнага банку. Возьмем ранейшыя пэрыяды. У 2015-м 296 даляраў каштавала тона, у 2017-м — 218 даляраў, праз год — 216 даляраў. І ніхто не крычаў, што з гэтым трэба нешта рабіць», — кажа экспэртка.

Анастасія Лузгіна зьвяртае ўвагу на тое, што для Беларусі павысіліся і выдаткі на лягістыку, а санкцыі ствараюць рызыкі для пакупнікоў беларускага калію, таму яго могуць прадаваць са зьніжкай. Расейскія экспэрты ня пішуць пра неабходнасьць зьніжаць цэны на калійныя ўгнаеньні, зважае экспэртка.

«Штучна зьніжаць здабычу — пытаньне, ці пойдуць на гэта расейскія кампаніі», — дадае Лузгіна.

Па яе словах, у ідэале для Беларусі было б добра, каб цэны на калійныя ўгнаеньні вырасьлі, але па прагнозах яны, наадварот, яшчэ могуць зьніжацца. Бо калі нават Беларусь з партнэрамі зьнізяць здабычу, то іншыя экспартэры, такія як Канада, могуць яе нарасьціць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(12)