Экономика

Што за дапамогу ад МВФ на $900 мільёнаў атрымалі ўлады Беларусі?

Выканаўчая дырэктарка Міжнароднага валютнага фонду Крысталіна Георгіева абвясьціла пра найбуйнейшыя ў гісторыі Спэцыяльныя правы запазычваньня (СПЗ) з боку МВФ, піша Радыё Свабода.

Агулам іх сума складзе каля 650 мільярдаў даляраў і яны ўступаюць у дзеяньне сёньня. Паводле папярэдняй інфармацыі, Беларусь мае атрымаць правы на больш чым 900 мільёнаў даляраў.

Радыё Свабода зьвярнулася да прэсавай службы МВФ па камэнтар датычна выдзяленьня СПЗ і атрымала наступны адказ:

«Як і заўсёды, МВФ дзейнічае пад кіраўніцтвам міжнароднай супольнасьці, якая працягвае мець справы зь цяперашняй адміністрацыяй як з урадам Беларусі.

Як і астатнія краіны МВФ, Беларусь атрымае сваю долю СПЗ у прапорцыі да сваёй квоты акцый».

Што такое СПЗ?

Гэта рэзэрвовы і плацёжны сродак, які выпускае Міжнародны валютны фонд. СПЗ маюць толькі безнаяўную форму ў выглядзе запісаў на банкаўскіх рахунках.

СПЗ былі створаны Міжнародным валютным фондам у 1969 годзе як дадатак да іншых рэзэрвовых актываў краін-членаў. Гэта ня грошы ў чыстым выглядзе. СПЗ могуць выкарыстоўвацца для разьлікаў паміж Фондам і яго членамі. Таксама іх выкарыстоўваюць міжнародныя арганізацыі.

Для чаго гэта робіцца?

У заяве выканаўчай дырэктаркі МВФ, у прыватнасьці, гаворыцца:

Выдзяленьне СПЗ забясьпечыць дадатковую ліквіднасьць у глябальную эканамічную сыстэму – у дадатак да валютных рэзэрваў краін, і зьменшыць іх залежнасьць ад даражэйшых унутраных і вонкавых пазыкаў. Краіны змогуць скарыстаць прастору, забясьпечаную СПЗ, каб падтрымаць свае эканомікі і ўзмацніць змаганьне з крызісам.

Гэтае выдзяленьне СПЗ – крытычны кампанэнт шырэйшых намаганьняў МВФ падтрымаць краіны ў часы пандэміі.

Чаму такая сума?

У заяве пра разьмеркаваньне Спэцыяльных правоў запазычваньня гаворыцца так:

СПЗ разьмяркоўваюцца паміж краінамі ў прапорцыі да іх квоты акцыяў у МВФ. Гэта значыць, што каля 275 мільярдаў даляраў пойдзе разьвіваным краінам, з чаго прыблізна 21 мільярд даляраў пойдзе найбяднейшым краінам – у некаторых выпадках гэта эквівалент да 6 працэнтаў ад іх ВУП.

Ці ўсе краіны атрымалі СПЗ?

Не. Да прыкладу, Афганістан, Вэнэсуэла ці М'янма, чые ўрады не прызнаюцца значнай часткай краін, якія ўваходзяць у МВФ, пазбаўленыя доступу да СПЗ.

Сьвятлана Ціханоўская раней адправіла кіраўніцы МВФ Крысталіне Георгіевай і міністарцы фінансаў ЗША Джанэт Елен ліст з просьбай не выдаваць Беларусі СПЗ. Ціханоўская лічыць, што ўрад Лукашэнкі будзе выкарыстоўваць сродкі МВФ для «працягу рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(18)