Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў
Раней паведамлялася, што ён — з сям'і кадэбістаў. З дапамогай праекта Digital intelligence team Наша ніва праверыла факты з біяграфіі Павелкі.
Віктару Павелку 36 гадоў. Родам ён з Мінска. Адвучыўся ў школе, пасля паступіў ва ўніверсітэт у Варшаве.
Па звестках Digital intelligence team, бацькі Павелкі не датычныя да сілавых структур. Бацька кіруе салонам прыгажосці ў Мінску, там жа працуе і маці. Датычныя яны і да іншай фірмы, якая прадавала касметыку — там працаваў нейкі час і сам Віктар. Бацька таксама меў ІП, якое здавала нерухомасць у арэнду.
Брат Віктара таксама займаецца бізнэсам, прадае банкаўскае абсталяванне і лічыльнікі банкнотаў. Апошнім часам бізнэс, падобна, перажывае не найлепшыя часы — па звестках DIT, у яго было некалькі судоў з тымі, каму ён быў вінен грошаў.
Чым Віктар Павелка займаўся ў Польшчы, дакладна невядома, але запісаў пра яго працу ў Беларусі пасля 2014 года ў базах няма. Ёсць ускосныя сувязі з Расіяй — ён быў кліентам некалькіх банкаў там, на 2023 год ягоныя рахункі працавалі.
Нагадаем, імя Віктара Павелкі высветліла расійская «Медиазона». Выданне расказала, што яго асудзілі ў Польшчы па справе аб махлярстве і адмыванні грошай. Адной з 17 абвінавачаных тады стала вядомая ў Польшчы тэлевядучая Марцэліна Завадская, якую звязвалі з Павелкам рамантычныя стасункі.
Як расказвала польскае выданне Polityka, Павелка — сын афіцэра КДБ Беларусі, а ў Польшчы ён стварыў злачынную групу, якая прымушала людзей да махлярства. Сярод іх была і тэлевядучая Завадская.
Праўда, інфармацыя пра тое, што ён сын афіцэра КДБ не пацвердзілася, аніякіх сувязяў з сілавымі структурамі ў яго сілавікоў няма. Магчыма, ён сам выдумаў нешта пра сябе, каб прыдаць сабе вагі, ці гэтую інфармацыю дадумалі крыніцы польскіх журналістаў.
Яму далі 3 гады і 8 месяцаў калоніі, але на той момант Павелка ўжо правёў у СІЗА два гады, таму неўзабаве мусіў выйсці на волю.
Прозвішча Павелка аднойчы згадвае ў перапісцы юрыст Анатоль Бліноў, арыштаваны за арганізацыю нападу на Леаніда Волкава і іншых расійскіх апазіцыянераў.
«Ёсць навіна — ёсць кур'ер, які возіць залатыя манеты і грошы з Беларусі ў Швейцарыю і назад. Знаёмы майго нумізмата, — пісаў ён 1 снежня 2023 года. — Банкаўскі кур'ер — Павелка Уладзімір».
Пра каго менавіта тут ідзе гаворка, з перапіскі незразумела (не выключана, што Бліноў проста пераблытаў імя). Сярод блізкіх сваякоў Павелкі ніякіх Уладзіміраў няма.
У пракуратуры Польшчы «Медиазоне» паведамілі, што па справе аб нападах на расійскіх апазіцыянераў беларусу выстаўленыя тры абвінавачванні, сярод іх — арганізацыя нападу па палітычных матывах. Ён у СІЗА. Калі верыць лісту Блінова, Павелка супрацоўнічае са следствам і дае супраць яго паказанні.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное