Политика

Шрайбман: Нельга ставіць крыж на незалежнасці Беларусі, нешта можна будзе адматаць

Радыё Рацыя паразмаўляла з палітолагам Арцёмам Шрайбманам пра тое, што чакаць ад пецярбургскай паездкі Лукашэнкі на нефармальную сустрэчу кіраўнікоў дзяржаў СНД, ці чытаў новы пасол ад Расеі Барыс Грызлоў праект Канстытуцыі Беларусі, і які эфект за гэтыя 30 год утварэння СНД атрымала Беларусь у выніку.

– Ці была ад СНД за апошнія 30-ць год хоць нейкая палітычная карысць для Беларусі?

– Мне здаецца, што СНД, з усіх постсавецкіх саюзаў, ён самы такі бясплённы. Ён пераўтварыўся ў дэкарацыю даволі хутка, калі стала зразумела, што краіны ўнутры яго мала што аб’ядноўвае, акрамя жадання ў нейкім выглядзе выбудоўваць нейкія адносіны з Расеяй. Усе гэтыя краіны, акаляючыя Расею, хутка знайшлі іншыя фарматы для гэтага.

Хтосьці ў вайсковай сферы, праз АДКБ, хтосьці ў эканамічнай сферы, праз ЕўрАзЭС, Мытны саюз, Еўразійскі саюз. Беларусь увогуле пабудавала такія асаблівыя адносіны з Расеяй. СНД хутка страціла нейкі практычны сэнс і даволі хутка стала пляцоўкай для сустрэч лідараў, гэта па сутнасці клуб і нічога больш.

Ніякіх сур’ёзных дасягненняў быць не можа, бо краіны зусім розныя, з рознымі інтарэсамі, а некаторыя проста адваліліся за гэты час, як Грузія ці Украіна. Мне здаецца, што за апошнія дваццаць гадоў мала што змянілася ў гэтым сэнсе.                                 

Напрыклад, рашэнне пра скасаванне СНД можа быць прыкметай палітычных рухаў?

– Я не думаю, што гэта адбудзецца. Гэта не праблема трымаць гэтую арганізацыю на плыву. Думаю, што нікому з удзельніц не асабліва будзе неяк выгадна перапыняць існаванне гэтай арганізацыі. Ім усё яшчэ хочацца перыядычна бачыцца з кіраўніцтвам Расеі, мець такую нагоду для сустрэч.

Двухбаковыя сустрэчы праходзяць не толькі Пуцін Лукашэнка, Пуцін сустракаецца і з іншымі лідарамі. Гэта проста не тое, пра што яны ўсе задумваюцца, пра тое, што яе трэба неяк рэфармаваць ці рэарганізоўваць, ёсць і ёсць, яна не перашкаджае.

Наколькі Беларусь зараз звязаная з Расеяй? Наколькі мы інтэграваліся?

– Відавочна, што залежнасць вырасла за апошнія паўтары гады, гэта прызнаюць абсалютна ўсе. Гэта было ў прынцыпе і запраграмавана, бо Лукашэнка разарваў усе сувязі з Захадам, якія нават да гэтага былі даволі сціплымі, яны то з’яўляліся, то сыходзілі, то зноў з’яўляліся.

Цяпер пры сённяшняй уладзе, мне падаецца, аднаўлення адносін з Захадам не будзе. Далей пытанне пра тое, як глыбока мы будзем паглыбляцца ў залежнасць ад Расеі, ці будзе магчымасць штосьці адматаць.

Па некаторых пазіцыях, мне здаецца, што можна. Можна і вучэбна-баявыя цэнтры ў тэорыі згарнуць калісьці, якія з’явіліся ў Беларусі. Можна лагістыку назад перабудаваць на балтыйскія краіны, калі з імі палепшацца адносіны, праўдападобна ўжо пасля Лукашэнкі, уключаючы латышскія і літоўскія парты.

На штосьці немагчыма адматаць, нейкая залежнасць здаецца ўжо доўгатэрміновай. Напрыклад, тое што прызналі анексію Крыму, гэта любой уладзе пасля Лукашэнкі будзе вельмі складана адмяніць. Спроба адмяніць гэтае рашэнне, адмовіцца ад прызнання Крыму, будзе мець вельмі сур’ёзную, варожую рэакцыю з боку Масквы.

Таму Лукашэнка ахвяруе фрагментамі незалежнасці Беларусі на карысць захавання сваёй улады. Я не магу сказаць, што гэта адбылося цяпер на беззваротнай аснове, што можна ставіць крыж на незалежнасці Беларусі. Усё ж такі і інстуцыянальна мала што змянілася.

То бок не ўзнікла новых наднацыянальных органаў, не ўзнікла новых саюзных мытных і падатковых кодэксаў. У вайсковай сферы ўсе гэтыя саступкі пакуль што выглядаюць не фатальнымі, вайсковая база не з’явілася. У нейкім выглядзе ён яшчэ гандлюецца, ён разумее, што калі краіна будзе ўключана ў склад Расеі, то ён больш не будзе патрэбны. Ён патрэбны, бо стрымлівае манеўр ці сыход Беларусі на Захад.

Калі ў Беларусі з’явяцца расейскія вайсковыя базы, прарасейскія партыі, Расея скупіць усю дзяржмаёмасць, то навошта патрэбны Лукашэнка ў такой канфігурацыі. Ён ужо нікому не будзе патрэбны, таму ён у нейкім сэнсе за гэта трымаецца. Чым далей, тым менш будзе прасторы для манеўра, гэта відавочна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.3(62)