«Сапраўдная незалежнасць пачынаецца з кожнага з нас. Як толькі мы прымаем адказнасць за свой лёс»

27 ліпеня прадэмакратычная частка беларусаў адзначае Дзень незалежнасці. «Салідарнасць» сабрала віншаванні, якімі дзеляцца лідары думак і беларускія супольнасці.

Мінск, Купалаўскі сквер, 27 ліпеня 1995 года, фота Уладзіміра Сапагова, vytoki.net

— 34 гады таму была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Гэтага свята няма ў календары, нагадвае лiдарка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская. — Але, на мой погляд, тое, што адбылося 27 ліпеня 1990 года — адзін з ключавых этапаў у гісторыі краіны.

Бо рашэнне, якое было ўхваленае ў Мінску, афіцыйна аформіла наша імкненне да свабоды і незалежнасці.

Шлях да мары быў доўгім і поўным выпрабаванняў. Мы памятаем Кастуся Каліноўскага, які аддаў жыццё за нашую свабоду, і ўдзельнікаў Слуцкага паўстання, што ахвяравалі сабой, каб абараніць незалежнасць БНР.

Шануем тых, хто не даў знішчыць нашую самабытнасць і гісторыю ў 30-х гадах ХХ стагоддзя — нягледзячы на няспынныя рэпрэсіі і гвалт.

Мы распавядаем дзецям пра тых, хто не дазволіў згаснуць беларускім культуры і мове — пра Купалу, Коласа, Багдановіча, Чарота, Караткевіча, Быкава...

Нам важна не даць гэтым імёнам знікнуць са старонак падручнікаў, з людской памяці – гэта таксама пра штодзённую барацьбу за незалежнасць.

А яшчэ незалежнасць — гэта:

  • пра свабоду думак, выказванняў і самавыяўлення, а не толькі пра афіцыйныя паперы і законы;
  • пра нашае імкненне жыць у гармоніі з сабой і навакольным светам, паважаць годнасць і правы адно аднаго;
  • пра магчымасць самастойна абіраць свой, незалежны шлях, і жыць у добрых адносінах з суседзямі.

Але самае галоўнае ў тым, што сапраўдная незалежнасць пачынаецца з кожнага з нас. Як толькі мы прымаем адказнасць за свой лёс, абіраем быць адкрытымі і справядлівымі. Калі разумеем, што нашая будучыня — гэта пэўныя ўчынкі і штодзённыя рашэнні, а не старонкі падручнікаў гісторыі.

І зараз гэтыя ўчынкі трэба рабіць нам, і нам – прымаць гэтыя рашэнні. Як Алесь Бяляцкі ці Марфа Рабкова, якія абралі шлях абароны правоў і свабод беларусаў. Альбо як Кацярына Андрэева, што даносіла да людзей праўду, нягледзячы на ўвесь супраціў прапаганды.  

Я ўпэўненая, што нашыя рашэнні будуць правільнымі, бо ў нас ёсць пэўная мэта і цудоўныя прыклады. Гэта абавязкова прывядзе да таго, што сённяшні дзень стане сапраўдным нацыянальным святам.

Віншую вас, дарагія беларусы!

Публіцыст і дэпутат Незалежнасці Сяргей Навумчык апублікаваў архіўныя здымкі:

— Шэсьце БНФ 27 ліпеня 1992, у другую гадавіну прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, якая была важным крокам да Незалежнасьці. І нягледзячы ні на што — Жыве Беларусь!

— Са святам Беларусь! Са святам, сябры! — віншуе суайчыннікаў палітык Анатоль Лябедзька. — 27 ліпеня 1990 года, Вярхоўны Савет 12 склікання прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце Беларусі. З 1991 па 1996 гады 27 ліпеня адзначаўся, як Дзень незалежнасці Беларусі.

Мінула 34 гады. Рэжым спрабуе не заўважаць гэты дзень, зарэтушаваць абыякавасцю, замазаць маўчаннем. Марна, бо ён напісаны гісторыяй, якая у памяці мільёнаў беларусаў. Мы ведаем! Мы памятаем! Мы вернем!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(29)