Я ж кажу, якое афіцыйнае сьвята ні вазьмі, за кепска змайстраванымі дэкарацыямі будзе хавацца фэйк, абсурд, дурасьць і нагода падняць чарку тым, каму ўсё адно, у гонар чаго гэтую чарку падымаць.
«Сапраўднае Сьвята, якое асьвятляе, сагравае і яднае нацыю!»
З нагоды 106-й гадавіны абвяшчэння БНР на Budzma.org Лявон Вольскі піша пра адно з самых значных нацыянальных сьвятаў — Дзень Волі.
Ёсьць розныя сьвяты. Ёсьць афіцыйныя — «чырвоныя дні календара», а ёсьць сапраўдныя. Народныя. Іх афіцыёз ці то замоўчвае, ці палівае брудам паводле сваёй хваравітай звычкі. І ці ня самае зь іх галоўнае — Дзень Волі.
Толькі паглядзіце! — вясна, абуджаецца прырода, усё больш упэўнена сьпяваюць птушкі, навакольле прачынаецца пасьля халадоў-сьнягоў-маразоў — нават сам час гэтага сьвята стваральны ды натхняльны!
Ёміста гучыць — «Беларуская Народная Рэспубліка»
106 гадоў таму гэтымі веснавымі днямі найлепшыя людзі Беларусі сабраліся, каб абвясьціць стварэньне новай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі. Вельмі сур’ёзна, ёміста гучыць — «Беларуская Народная Рэспубліка». І абрэвіятура выдатная — «БНР»! Значна лепшая за якуюсьці там «БССР», якая паўзе грамучай зьмяёю — бразгоча сваім «р» і шыпіць сваімі «эсэс».
Лепшая за куртатую, нібыта нешта ампутавалі, «ЛітБел» і за «ССРБ» (тая ж грымучая зьмяя, толькі тут яна паўзла, шыпела сваімі «эсэс», бразгатала сваім «р», але зьнянацку ўдарылася галавою аб камень «б»).
Даруйце мне, але лепей і за невыразную й бляклую «Рэспубліку Беларусь», якая працягвае адзначаць свае невыразныя й бляклыя афіцыйныя сьвяты. І вось парадокс — сьвяты невыразныя і бляклыя, а адзначаюць іх аж на зашкале стылю «кіч» — выбухамі чырвона-зялёнага, шашлыкамі, смажанкамі, беляшамі, гарэлкай і выступамі дзяржаўных артыстаў.
Фэйкавыя святы
Насамрэч якое з гэтых сьвятаў ні вазьмі — усё нейкая лухта, фэйк і абы-што.
Дзень народнага адзінства — ганебны падзел Польшчы паміж Сталіным і Гітлерам.
Дзень незалежнасьці — 3 ліпеня — насамрэч гэта дзень уваходу ў Менск Чырвонае арміі. Пры чым тут Незалежнасьць?
7 лістапада — выходны дзень! — сьвята кастрычніцкага перавароту ў Пецярбургу. Тое, што дзень Кастрычніцкае рэвалюцыі сьвяткуецца ў лістападзе — ужо само па сабе абсурд і ідыятызм.
Што там яшчэ? 23 лютага — дзень утварэньня ў Расеі Чырвонага войска, сарамліва перафарматаваны ў «дзень мужчынаў».
8 сакавіка — у сапраўднасьці — дзень барадзьбы жанчынаў за свае правы, але ў цяперашняй Беларусі — адзіны дзень у годзе, калі «слабы пол» ня мые посуд (падлогу, бялізну), не прасуе, не прыбірае і прымае кветкі й падарункі. То бок, гэты адзіны дзень у годзе і ёсьць плёнам змаганьня жанчынаў за свае правы. Цікава, як бы да гэтага паставіліся Роза Люксэмбург з Кларай Цэткін?
Добра, што ўлада не настолькі разумная, каб скарыстаць наш Дзень Волі ў сваіх мэтах, прысабечыць яго, пераназваць у нейкае «Сьвята незалежнасьці» і спахабіць шашлыкамі, смажанкамі, беляшамі, гарэлкай і выступамі дзяржаўных артыстаў...
Такія розныя Дні Волі
Розныя былі гэтыя Дні Волі. У кароткі пэрыяд дэмакратыі (безумоўна, гэта была не зусім дэмакратыя, але, калі параўноўваць зь сёньняшнім днём, дык зусім) сьвяткавалі на афіцыйным узроўні — з рок-канцэртам у Опэрным (ці то ля Опэрнага), са сьвяточным мітынгам, бел-чырвона-белымі сьцягамі, Пагонямі і ўсёй неабходнай атрыбутыкай, за якую сёньня можна атрымаць пару гадоў зьняволеньня. Мейсца сьвяткаваньня ахоўвала міліцыя (эх, у «паліцыю» не пасьпелі пераназваць!) з Пагонямі на кукардах і зь бел-чырвона-белымі шаўронамі.
Потым Дзень Волі зрабіўся нагодай для пратэснага мітынгу, шэсьця і нязгоды з рэжымам. Я памятаю сьвяткаваньне ў 1996-м, калі ля таго ж Опэрнага стаялі 50 000 чалавек і зьбіраліся йсьці на захоп тэлевізіі, але арганізатары іх адгаварылі (незразумела, навошта).
Памятаю Дзень Волі-2006 — пасьля плошчы Каліноўскага, пасьля разгрому намётавага мястэчка, пасьля рэкаў дэзінфармацыі ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Тады на мітынг рызыкнула заявіцца здымачная група БТ (ці нейкага іншага дзяржаўнага АНТ) і спрабавала рабіць зьедлівы рэпартаж. Пасьля ўсіх папярэдніх падзеяў людзі былі ня надта памяркоўныя, прапагандыстаў закідалі сьнежкамі (зіма тады доўга не хацела сыходзіць), і гэтыя «дзяржаўныя журналісты» ганебна пакінулі мейсца сьвяткаваньня.
Розныя былі Дні Волі. Было паўафіцыйнае сьвята «БНР-100», калі ўлады літасьціва дазволілі канцэрт і сьвяткаваньне ў «адмыслова адведзеным для гэтага мейсцы».
Былі сьвяткаваньні за мяжою (я граў калісьці на сьвятах у Злучаных Штатах і яшчэ шмат дзе), былі прымеркаваныя да гэтае даты польска-беларускія акцыі «Solidarni z Białorusią», якія зьбіралі дзясяткі тысячаў людзей у цэнтры Варшавы і іншых гарадоў...
Сапраўднае народнае сьвята
З багатай гісторыяй, з сапраўднай сымболікай, атрыбутыкай, ідэалёгіяй. Дзякуй Богу, што мы, беларусы, маем такі выбітны дзень — Дзень Волі! Ня гэтыя, савецка-дзяржаўныя, высмактаныя з пальца, створаныя на пустым мейсцы з мыльных бурбалак і падручных сродкаў, не! Сапраўднае Сьвята, якое асьвятляе, сагравае і яднае нацыю!
Жыве Беларусь!
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное