Политика
Вольга Караткевіч

"Салідарнасьць" пачыналася са жменькі актывістаў"

Як да Свабоды прыходзілі суседзі беларусаў – палякі? У студыі – Кастусь Бандарук. (Караткевіч: ) "Нашыя слухачы часта цытуюць словы папы Яна Паўла ІІ, які сказаў палякам "Ня бойцеся" – гэта стала вялікім штуршком да мэханізму вяртаньня Свабоды. Раскажыце, ці гэта сапраўды было так, ці гэта міт, і як палякі ішлі да сваёй свабоды?" (Бандарук: ) "Вельмі дарэчы нашыя слухачы і Вы, Вольга, згадваеце гэтыя словы папы. Ён зьвярнуўсязь імі ня тое што да палякаў – упершыню ён зьвярнуўся з гэтымі словамі "Ня бойцеся" 22 кастрычніка 1978 году неўзабаве пасьля абраньня на сталіцу Пятрову.

Ён сказаў літаральна: "Ня бойцеся, адкрыйце насьцеж дзьверы Хрысту, адкрыйце дзьверы яго збаўчай уладзе, адкрыйце межы дзяржаваў, эканамічныя і палітычныя сыстэмы, шырокія прасторы культуры цывілізацыі разьвіцьця – ня бойцеся, Хрыстос ведае, што ўнутры чалавека. Сучасны чалавек вельмі часта паддаецца сумненьню, якое перарастае ў роспач, але памятайце, што Хрыстос з вамі".

І вось гэтыя словы "Ня бойцеся" папа Ян Павал ІІ паўтарыў 2 чэрвеня 1979 году, калі ўпершыню прыехаў у Польшчу са сваёй першай пілігрымкай. Гэта былі змрочныя часы камунізму. Не зважаючы на неэфэктыўнасьць эканамічнай сыстэмы, камунізм трымаўся надзвычай моцна. Ніхто ня чуў яшчэ пра Гарбачова ці пра нейкую адлігу. І вось тады, у 1979 годзе, папа зьвярнуўся да амаль двух мільёнаў чалавек. Былі сярод іх людзі, якіх толькі што выпусьцілі з-за кратаў, былі праваабаронцы, былі літаральна мільёны людзей, якія ў той момант адчулі, што папа зьвяртаецца да іх, што ў сьвеце нехта думае пра іх. А папа ім гаварыў – ня бойцеся, кіраўнікі прыходзяць і сыходзяць, будзьце моцныя духам, верай, надзеяй на лепшае. Будзьце лепшыя за тых, якія вамі кіруюць. Не паддавайцеся іхным мэтадам, ваюйце сілай духа. Вось так гаварыў папа".

(Караткевіч: ) "Кастусь, вось у нашым эфіры чора і сёньня гучаць выказваньні прадстаўнікоў культурнай і палітычнай эліты Беларусі. Наколькі ў Польшчы ў часы "Салідарнасьці" была сынхранізацыя мэтаў і падыходаў да палітычнай барацьбы паміж прадстаўнікамі палітыкі і культурнай элітай?"

(Бандарук: ) "Тады, у канцы 1970-х гг., сапраўды інтэлігенцыя была з рабочымі, і менавіта дысыдэнцкі рух быў запачаткаваны сярод інтэлігенцыі. Ужо існавалі так званыя клюбы каталіцкай інтэлігенцыі. Людзі, такія як сёньняшні галоўны рэдактар "Газэты Выборчай" Адам Міхнік, Караль Мазалеўскі, Яцак Курань, яны ў той час альбо сядзелі ў турме, альбо якраз на некаторы час выйшлі, і вось інтэлігенцыя заступалася за рабочых. І тая ж арганізацыя называлася "Камітэт абароны рабочых". Тады было вельмі выразнае спалучэньне высілкаў інтэлігенцыі і рабочых. Так што можна сказаць, што імпульс, ідэі выходзілі зьверху, ад інтэлігенцыі. Усё-ткі інтэлігенцыя была перадавой сілай і маторам усіх дзеяньняў".

(Караткевіч: ) "А ці можаце Вы прыгадаць нешта з Вашага асабістага жыцьця ці гісторыю Вашых знаёмых, хто ўдзельнічаў у гэтым руху супраціву?"

(Бандарук: ) "З маіх знаёмых самага блізкага атачэньня, са сваякоў, ніхто ня ўдзельнічаў у руху, але ёсьць мае знаёмыя, сябры, якія былі вельмі ў гэтым ангажаваныя. Вось хаця б прозьвішча, якое мне прыходзіць на памяць: добра вядомы Алег Латышонак. Гэты чалавек якраз быў вельмі актыўна ўцягнуты ў гэтую дзейнасьць, у дзейнасьць "Салідарнасьці". І тут, дарэчы, я павінен быў сказаць у самым пачатку, што менавіта гэтыя словы "Ня бойцеся", зь якіх мы пачалі нашую сёньняшнюю гутарку, словы выказаныя папам, сталі пачаткам "Салідарнасьці", гэтага вялізнага магутнага руху, які налічваў дакладна гэтулькі, колькі ўсё насельніцтва Беларусі – 10 мільёнаў. Памятайце, што ўсё гэта пачалося проста са жменькі актывістаў, прозьвішчы якіх я толькі што згадаў, а потым зь іскры разгарэўся агонь".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)