Кірыл Іваноў

Саламея Русецкая: жанчына, у якой было не «заечае сэрца»

Працягваем расказваць пра беларусак, якія апярэдзілі свой час. 

Злева партрэт Саламеі Русецкай, зроблены мастаком Яўгенам Куліком у 1989-м. Фота museum.by

Саламея Русецкая — жанчына-легенда, яе жыццё і лёс настолькі неверагодныя, што ў некаторых даследчыкаў ёсць сумневы, ці існавала яна ўвогуле.

Зрэшты, гэта і не дзіўна, бо ці не адзінай крыніцай ведаў пра Саламею з’яўляюцца яе мемуары, што апісваюць бясконцыя падарожжы — ад Стамбула да Вены. Паспрабуем сцісла пераказаць найбольш важныя эпізоды з жыцця знакамітай суайчынніцы, якую лічаць ці не першай жанчынай-лекаркай у Рэчы Паспалітай.

Нарадзілася Саламея ў 1718 годзе на Навагрудчыне ў сям’і збяднелага шляхціча Яўхіма Русецкага. З дзяцінства была навучаная абыходжанню са зброяй, што ў наступныя гады не раз ратавала ёй жыццё.

Першая старонка падарожных нататак Саламеі Русецкай. Фота nlb.by

«У маладым веку маім выдалі мяне мае бацькі (Яўхім Русецкі) замуж з Літвы, ваяводства наваградскага, за лекара Якуба Гальпіра, з якім я гэтага ж года паехала ў Стамбул, і адразу прынятыя мы былі ў прыстойных людзей, бо ён быў надзвычай добры лекар медыцыны, і Пан Бог нас блаславіў, і да нас павярнулася Фартуна».

Гэта першыя радкі мемуараў Саламеі, на момант вяселля з Гальпірам ёй было 14 гадоў. Так пачаліся яе падарожжы, апісаныя ў кнізе-дзённіку пад сімвалічнай назвай «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў…» Гэты дзённік варты серыяла не на адзін сезон.

У Стамбуле Саламею не задаволіла ціхае жыццё хатняй гаспадыні. Яна стала вучыцца ў мужа-лекара, а таксама ў палоннага італьянца, які навучыў яе лекаванню хваробаў вачэй. Вывучыла турэцкую мову, засвоіла майстэства выпісвання рэцэптаў і неўзабаве атрымала афіцыйны дазвол на самастойную лекарскую практыку.

Наша гераіня была хрысціянкай, у тагачасным Стамбуле гэта адкрывала перад маладой лекаркай вялізныя перпектывы. У той час лекары-мужчыны не мелі права лячыць жанчын. Прававерныя мусульманкі былі пазбаўленыя права лячыць мужчын. Саламея не мела такіх абмежаванняў і хутка займела вядомасць.

«Я таму карысталася поспехам у людзей, што па-чалавечы абыходзілася з імі, і вельмі імкнулася, каб дасканала сваё рамяство ведаць», — тлумачыла яна сваю папулярнасць у дзённіку.

Ізноў у дарогу

У сямейным жыцці лекаркі ўсё было не так гладка. Праз нейкі час муж пакінуў яе з маленькай дачкой і з’ехаў у Боснію, хоць і меў у Стамбуле добры заробак, бо лячыў пераважна мясцовую шляхту.  Саламея выправілася за ім услед. Па дарозе маладую жанчыну чакалі прыгоды, якія ледзь не каштавалі ёй жыцця. У гарах на Балканах банда рабаўнікоў перабіла ўсіх, хто суправаджаў яе караван. Саламею выратавала яе слава. Атаман рабаўнікоў Сары-Хусэйн адвёз яе да хворага сваяка. Лекарка падняла таго на ногі ды яшчэ і атаману падлячыла вочы. Той шчодра аддзячыў лекарцы, а ў дарогу выправіў з ёй ахову — каб аберагчы ад сваіх канкурэнтаў.

Тут варта прыпыніцца, каб расказаць пра асаблівасці характару Саламеі. У яе ад прыроды была не толькі нязгасная прага да новых ведаў, але і прадпрымальніцкі талент. А таксама здольнасць заводзіць важныя і карысныя сувязі між выпадковых людзей. Дзе б яна ні была, паўсюль напоўніцу карысталася сваімі здольнасцямі, прыроджанымі і набытымі. Не была Саламеі чужой і простая чалавечнасць — беднякоў і іх дзяцей яна заўсёды лячыла бясплатна.

Яшчэ адна рыса характару — адважнасць на мяжы авантурнасці. Даследчыкі кажуць, што Саламея любіла апранацца ў мужчынскія строі, хаваючы ў кішэні пісталеты. Былі моманты, калі іх даводзілася наводзіць на крыўдзіцеляў, каб давесці, што ў яе зусім не «заечае сэрца».

Была Гальпірова, стала Пільштынова

У Сафіі жанчына сустрэла мужа, але радасць ад спаткання была нядоўгай. Неўзабаве Якуб Гальпір адышоў у лепшы свет, пакінуўшы маладой жонцы багатую спадчыну.

У Балгарыі Саламею заспела вайна Турцыі з Расіяй, у якую ўмяшалася і Аўстрыя. Гэта быў час, які моцна паўплываў на яе лёс. У балгарскім Відзіне яна выкупіла з палону групу аўстрыйцаў, каб за грошы вярнуць іх на радзіму. Сярод іх быў прапаршчык Фартунат-Ёзэф дэ Пільштын. Саламея не дачакалася грошай ад ягонай сям’і, неўзабаве яны ажаніліся па вяртанні на радзіму лекаркі. У Нясвіжы абое атрымалі працу пры двары вялікага гетмана літоўскага Міхала Радзівіла Рыбанькі.

Карта падарожжаў Русецкай. З кнігі «Авантуры майго жыцця»

Штопраўда, доўга Саламея ў Нясвіжы не затрымалася. Пакінула дачку ў манашак-бенедыктынак і накіравался ў Пецярбург, каб вызваліць з рускага палону турэцкіх афіцэраў. Гэтым разам яе здольнасць заводзіць карысныя сувязі не прынесла плёну.

Вызваленне палонных без прыёму ў імператрыцы было немагчымае, але ні рэкамендацыі новых знаёмцаў, блізкіх да імператарскага двара, ні лекаванне мясцовых саноўнікаў не дапамаглі. Выратаваў выпадак: Саламея вылечыла катаракту ў простай дзяўчыны. Чуткі пра цудадзейнае вяртанне зроку хутка абляцелі горад. Лекарку запрасілі да імператыцы Ганны Іванаўны.

Неўзабаве Саламея Пільштынова заваявала яе прыхільнасць і стала прыдворнай лекаркай. Урэшце імператрыца вызваліла палонных, і Саламея рушыла дамоў.

На радзіме яе чакала прыкрая неспадзяванка. Муж-вайсковец растраціў яе грошы і маёмасць, да таго ж пайшлі чуткі пра ягоныя амурныя прыгоды. Лекарка накіравалася ў Вену, каб атрымаць грошы ў бацькоў мужа, выдаткаваныя ёй за вызваленне з палону.

З гэтай задачай яна справілася часткова. Бацькі аддалі ёй толькі траціну неабходнага. Няўдачай скончылася і спроба вярнуць грошы праз дзяржаўную казну. Саламея не разгубілася і звярнулася да турэцкага пасла з прапановай лячыць супрацоўнікаў пасольства. Да новай працы яна добра пасавала, бо ведала мову.

У хуткім часе слава пра новую лекарку выйшла за межы турэцкага пасольства, да Саламеі пачалі прыходзіць і жыхары Вены.

Незайздросны сямейны лёс

У Аўстрыі адбылася яшчэ адна важная падзея. У чарговую дарогу няўрымслівая вандроўніца выправілася цяжарнай. У Вене ў яе нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Францішкам-Ксаверыем. У яго быў незайздросны лёс — у дзевяцігадовым узросце ён загінуў, зачынены ў склепе чарговым каханкам сваёй маці.

Адзначым, што і іншыя дзеці Саламеі не былі шчаслівыя праз яе бясконцыя падарожжы. Дачка Канстанцыя шторазу заставался ў чужых людзей, часцей за ўсё ў манашак. Малодшы сын Станіслаў, народжаны ў часе чарговага падарожжа ў Бухарэсце, таксама рэдка бачыў маці. У апошнія вядомыя гады яе жыцця адмовіўся жыць з ёй. 

Турцыя была ці не адзіным месцам, дзе Саламея затрымлівалася найдаўжэй. Яе дзённік абрываецца на апісанні планаў, прысвечаных чарговай вандроўцы — гэтым разам у Іерусалім. Дагэтуль невядома, ці атрымался ёй наваедаць яго. Дзённік абрываецца на звестках пра працу ў гарэме пры двары турэцкага султана Мустафы. Па розных звестках жыццё лекаркі з-пад Наваградка скончылася не раней за 1763 год.

Насценны каляндар у гонар 300-годдзя з дня нараджэння Саламеі Русецкай

У нашы дні Саламеі Русецкай прысвечана не адна кніга. Яе жыццёвую гісторыю даследвалі гісторык Валянцін Грыцкевіч («Адысея наваградскай лекаркі: Саламея Русецкая»), Дзмітрый Кашавар («Беларускія жанчыны, якія апярэдзілі час»), Адам Мальдзіс («Авантуры» Пільштыновай) і многія іншыя.

Віктар Шніп і Раіса Баравікова прысвяцілі ёй свае балады і вершы.

Паводле п’есы Сяргея Кавалёва «Чатыры гісторыі Саламеі» ставіліся спектаклі ў Брэсце і Маладзечне, у Купалаўскім Саламею грала Зоя Белахвосцік.

Арыгінал мемуараў Русецкай захоўваецца ў Кракаве. У Польшчы ён быў апублікаваны ў 1957 годзе, у Беларусі — у 1993-м у перакладзе Міколы Хаўстовіча. Дзённік унікальны і тым, што яго аўтарка падрабязна апісвала не толькі падзеі з асабістага жыцця, але і побыт, культурныя асаблівасці і традыцыі тых мясцінаў, дзе ёй пашчасціла быць цягам амаль трыццацігадовага падарожжа.

Святкаванне 300-годдзя з дня нараджэння Саламеі Русецкай унесена ў Спіс памятных датаў ЮНЕСКА ў 2018 годзе.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.7 (оценок:15)