Общество

«Сабрала сьвяточную перадачу, а тут такое». Лосіка этапавалі ў Гомель перад днём народзінаў

Дата пачатку суду ў ягонай справе па-ранейшаму невядомая. За кратамі Ігар Лосік ужо 329 дзён, піша Свабода.

20 траўня стала вядома, што кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка этапавалі са сьледчай турмы № 8 Жодзіна ў СІЗА № 3 Гомля. Пра гэта Свабодзе расказала жонка палітвязьня Дар’я Лосік.

«Прыехала зь перадачай Ігару, і мне сказалі, што ён этапаваны, — гаворыць Дар’я Лосік. — Усе прыехалі ў Жодзіна і, як высьветлілася, дарэмна. Калі яго вывезьлі, я ня ведаю. Нам не сказалі».

Зараз Дар’я яшчэ разважае над тым, што ёй рабіць далей. Сёньня ў Ігара дзень народзінаў, яму спаўняецца 29 гадоў. Дар’я падрыхтавала для мужа адмысловую перадачу, але яе не прынялі.

«У Гомель я дабяруся неяк, даеду, справа ня ў гэтым, — кажа Дар’я Лосік. — Далёка, але што рабіць. У Ігара дзень народзінаў, я зьвязваю этапаваньне акурат з гэтым. Вырашылі так „прыгожанька“ ўсё зрабіць, мая асабістая думка такая. Я сабрала Ігару сьвяточную перадачу, а тут такая нечаканасьць непрыемная. Цукеркі любімыя Ігара, мясныя прадукты падбірала, яго любімае печыва. Шмат чаго. Канвэрты прасіў яму перадаць. Нятанна гэта каштавала, шчыра прызнаюся. А цяпер вось так».

Як жыве сямʼя Ігара Лосіка, глядзіце ў відэа Свабоды.

Дарʼя Лосік між іншага расказвае:

«Дачка бачыць на вуліцы якое-небудзь дзіця з мамай і татам і кажа: „Зірні, там з татам ідуць“, і пачынае пытаць, дзе наш тата».

«Амаль год Ігар у зьняволеньні, а дачка навучылася сьвядома размаўляць, камэнтуе мульцікі, есьць самастойна відэльцам, лыжкай, п’е з кубка. Ігар прапусьціў, напэўна, адзін з самых цікавых пэрыядаў яе жыцьця. Я здымаю практычна ўсё, што з Паўлінай адбываецца».

«У лісьце і ў перадачы можна перадаць максымум дзьве фатаграфіі, я даволі часта кладу яму туды здымкі з дачкой. Але быў адзін пэрыяд, калі Ігар папрасіў не ўкладаць яму ў канвэрт здымкі Паўліны, бо сказаў: „Калі я бачу яе фота, я плачу“».

«Ігар хацеў менавіта дачку. І вось яна ёсьць, а ён ня можа зь ёй быць цяпер. Яна стопрацэнтная копія Ігара. Ён ёй малюе, лепіць стыкеры, і яна яму малюе, я пазначаю ў лісьце „Не выкідаць, малявала дачка!“, каб цэнзар ня выкінуў».

«Я працягваю зьвяртацца да псыхатэрапэўта. Упершыню зьвярнулася праз паўтара месяца пасьля затрыманьня Ігара. Зразумела, што ўжо немагчыма так. Пачыналіся ўжо гукавыя амарокі. Мне далі тэсты, і па іх выніках лекар сказала, што неабходна мэдыкамэнтознае лячэньне, іначай я сама хутка ня вылезу з гэтай сытуацыі. Антыдэпрэсанты прысутнічаюць у маім жыцьці».

«Ігар ніколі ня еў у сырым выглядзе цыбулі і часныку. А тут неяк узяў і папрасіў мяне прывезьці ў СІЗА менавіта цыбулю і менавіта часнык. Гэта было для мяне нечакана».

«Адна перадача вагаецца ад 50 да 80 рублёў, без мэдыкамэнтаў. За месяц 480 рублёў ідзе толькі на перадачы, бэнзін з Баранавічаў да Жодзіна і назад каля 70 рублёў, за месяц 560».

«Таксама Ігар прасіў мяне выпісаць паболей газэт, каб хоць на нешта там адцягвацца. Хоць дзяржаўных самых „дурацкіх“, але хоць нешта чытаць. Выпісвала яму „Новы час“, „Нашу гісторыю“, „Intex-press“, але цяпер, як разумею, незалежных друкаваных выданьняў у нас зусім не засталося. То выпісала „Комсомольскую правду“, „Прессбол“, дэтэктыўныя расьсьледаваньні, сканворды, „Вечерний Гродно“, „Вечерний Минск“, туды ўсё запар ідзе».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.2(9)