Аналіз мовы Лукашэнкі крыху здымае страх. Ну і заўсёды прыемна з дыктатараў пасмяяцца — смех забірае пачуццё страху.
Руся: «Заўсёды прыемна з дыктатараў пасмяяцца — смех забірае пачуццё страху»
Спявачка і трэнер па вакале — пра тое, як маўленне раскрывае характар публічных асоб.
Беларуску Марыну Шукюраву многія ведаюць проста як Русю, салістку гурта SHUMA. Альбо не ведаюць, але чулі — як голас мінскага вакзала. А яшчэ яна трэнерка па вакале, якая вучыць іншых людзей па-майстэрску прэзентаваць сябе ў свет праз голас, і ведае, як маўленне сведчыць пра натуру і ўласцівасці чалавека.
Не так даўно яна рабіла аналіз манеры маўлення і голасу Лукашэнкі:
— Перадусім, безумоўна, гэта была спекуляцыя, каб падвысіць прагляды на маім канале, — расказвае Руся на канале Жизнь-Малина. — Але яшчэ была такая задумкаа: даць людзям імпульс, каб крыху дэсакралізаваць Лукашэнку. Зняць яго з п’едэсталу, перастаць яго баяцца, убачыць звычайнага мужыка, які мае свае псіхалагічныя праблемы і эмацыйныя, як ён будуе кантакт.
Бо мы ж прывучаныя баяцца, у нас прапаганда працуе так, што нават калі нічога дрэннага не адбывалася, гэта ўсё вельмі моцна раздувалася, да 2020 году. Цяпер наадварот — адбываецца жах, а медыі гэта прэзентуюць, нібыта нічога страшнага: ну, чарговага «экстрэміста» забралі, вось з турмы сюжэт — як у санаторыі…
Высновы я рабіла, не вывучаючы факты ягонай біяграфіі, а толькі гук. Паспрабавала прыкінуцца сама для сябе, што я вакальная тэрапеўтка, мне далі відэа нейкага кліента, скажам, блогера (самы свежы запіс выступлення на ВНС), і я мушу прааналізаваць гэта па пратаколу вакальнай тэрапіі.
Тут улічваецца, як чалавек гучыць, у якіх зонах вакальнага апарату ёсць заціскі? Бо кожны заціск мае перадгісторыю. Скажам, калі я не давяраю свету і мяне вучылі, што ты ў сябе сама адна, нікому не вер да канца — то ў мяне будзе ўключаная на мінімум, на адзін з дзесяці, праграма «бей-бяжы», заціснутая дыяфрагма.
У Лукашэнкі акурат заціснутая дыяфрагма — гэта недавер, вельмі сіпаты голас — гэта немагчымасць пражываць уласныя эмоцыі, кантактаваць з сабой. Гэта такі «порицающий отец», моцная карная рука. Які прыходзіць толькі ўвечары, маці дае грошы, сыну кухталь, «есці давай, мяса» — і сыходзіць. Хоць мажліва, унутры ён нейкі іншы, чым тое, якім паказвае сябе ў свет.
Я слухала ўважліва ягоныя запісы не адзін раз — ён працуе па сістэме Станіслаўскага, нягледзячы на нібыта «калгасную мову», абы-якую трасянку, шмат непавагі і таксічнасці ў камунікацыі, — але інтанацыйна, па паўзах, па рытміцы проста не дакалупацца. Усё, як працуюць акторы, ён ставіць лагічныя націскі, інтанацыя кропкі, правільныя паўзы, каб прыцягнуць увагу аўдыторыі. У мяне ёсць падазрэнне, што ўнутры там, можа быць, і чуллівы чалавек, але ён так ужо прырос да ролі дыктатара, што немагчыма ад яе адмовіцца.
Прааналізавала Руся і маўленне Уладзіміра Пуціна — паводле яе, правіцель Крамля мае вакальны архетып «Маг».
— Гэты архетып працуе наступным чынам: маг усяляк паказвае, што ён валодае нейкім таемным веданнем. «Я ведаю, як вас вывесці з цемры да святла», «давярайце мне, ідзіце за мной, я ведаю, што рабіць». Яшчэ маг — гэта стрыманая артыкуляцыя і эмацыйнасць у голасе.
У гаворцы Пуціна частыя кропкі — манера, калі чалавек падкрэслівае кожнае слова, спрабуючы сваю аўдыторыю паменшаць, размаўляць з суразмоўцам як з дзіцем, раздзімаючы сябе, а не на роўных: «Я вялікі, вы — ніхто».
А вось у Святланы Ціханоўскай, паводле аналізу Русі, — вакальны архетып матулі,
— Таму што ў матулі заўжды голас нізкі ці нізкаваты, што называецца, «клапатлівая альфа» — мяккі, спакойны. Праз які ты адчуваеш клопат: я дарослая, устойлівая, я цябе не дрэсірую і не крытыкую, ты можаш на мяне абаперціся.
Ва Уладзіміра Зяленскага, адзначае трэнерка, голас нізкі і грудны — так гучыць стабільнасць, кампетэнтнасць. Прычым закладваецца гэта ўспрыняцце не проста ў маленстве, а яшчэ да нараджэння кожнага чалавека — гістэрыку немаўля «не чуе», затое на прэнатальным узроўні літаральна скурай «запісвае» спакойны голас маці, які дае ўпэўненасць.
— Ці дапамагаюць Зяленскаму ягоны голас і артыстычныя здольнасці? Канечне. Уяўляеце, каб чалавек не мог сабой кіраваць — а тут такі тр**ц, вайна пачалася ў цябе ў краіне, у тваім доме. Было б вельмі цяжка без акторскіх ведаў: трэба ж голасам кіраваць, мімікай… Я не ведаю, як ён наогул гэта ўсё трымае.
А тая хрыпатца, якая з’явілася ў голасе Зяленскага за час вайны — думаю, таму, што ён тупа не спіць. Гэта стомленасць, таму і голас гучыць, як ператружаныя звязкі, вакальныя струны.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное