Руся: «У Беларусі ёсць КДБ-анёлы — фанаты артыстаў, якія прытрымліваюць інфармацыю»
Спявачка і трэнер па вакале Марына Шукюрава, больш вядомая як Руся, салістка гурта SHUMA, распавяла, чаму лічыць сябе беларускай і як яе папярэдзіў пра небяспеку заставацца ў Беларусі «КДБ-анёл».
Спявачка распавяла, што з'ехала з Беларусі ў 2020 годзе. Пра пагрозу турмы жанчыну папярэдзіў нехта з КДБ.
— Я была псіхаэмацыянальна высмактана падчас шэсцяў 2020 года, перажыванняў, — кажа Руся ў інтэрв’ю DW Беларусь. — Жыццё падзялялася на дзве плыні: раз на тры дні я была маці, два дні хадзіла на рэвалюцыі. Для псіхікі гэта было занадта: я адчувала, што яшчэ крыху, і з’еду з глузду. Але неяк трымалася.
Пазней пачаліся вобшукі ў офісе Бабарыкі, а я трэніравала людзей, якія збіралі подпісы. Былі запісы зум-сесій, я напужалася, што мне будзе пагражаць турма, калі гэта дойдзе да ўладаў. А я сола-мама, мне трэба быць побач са сваім дзіцём.
Дарэчы, у Беларусі ёсць так званыя КДБ-анёлы. Гэта папросту фанаты нейкіх артыстаў, якія прытрымліваюць інфармацыю. І вось адзін з такіх КДБ-анёлаў патэлефанаваў мне і сказаў: «Руся, калі ты хочаш з’язджаць, то вось 24 гадзіны. Я табе перадаю».
Я нават не ведала, хто тэлефануе, гэта быў ананімны нумар. Але ён называўся Сашам. Ён мне і раней час ад часу тэлефанаваў, казаў, што вось на гэты фестываль лепей не ехаць ці трэба пачакаць некалькі дзён і не перасякаць мяжу.
«Для мяне ідэнтычнасць — не тое, што належыць мне па крыві, а кантэкст, які мяне выхаваў і стварыў як асобу»
Руся ўспрымае сябе беларускай, таму што нарадзілася ў беларускім кантэксце.
— Гэты наратыў складае маю ідэнтычнасць, гэта калыска маёй асобы: я жыла на гэтай зямлі, слухала гэтыя спевы, ела бульбу з хлебам. Як можа быць інакш?
Для мяне ідэнтычнасць — не тое, што належыць мне па крыві, а кантэкст, які мяне выхаваў і стварыў як асобу. У мяне ёсць іранская, азербайджанская, расейская, габрэйская, украінская кроў, а беларускай няма, але я лічу сябе беларускай.
Я адчуваю, што іранскі вектар надае мне шмат энергіі, гарачага сонца ўнутры — мне карціць нешта рабіць для культуры, радзімы, для нашай беларускай ідэнтычнасці.
Часткай сваёй ідэнтычнасці Руся таксама лічыць беларускую мову.
— Я люблю казаць, што калі я размаўляю па-руску, я гучу для сябе востранька. Такая дыстанцыйная, халодная я. Калі я гавару па-беларуску, у мяне нават язык і вусны рухаюцца па-іншаму. Для мяне гэта вельмі салодкая мова.
Я люблю і шаную беларускую мову не толькі таму, што гэта мова продкаў і мая сувязь з беларускасцю — для мяне гэта прыемная фішка. Я люблю ў сябе здольнасць пераключацца паміж рознымі мовамі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное