Рудкоўскі: Трэба быць асцярожней з выкрываннем «агентаў»

Палітолаг і філосаф Пётр Рудкоўскі адрэагаваў на ўзрастанне канфліктаў паміж прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў. І сфармуляваў некалькі карысных парадаў, як знізіць градус напружанасці.

— Што рабіць, калі хтось аўтэнтычна зацікаўлены ў зніжэнні градусу канфліктаў, варажнечы і анімозій? Нічога надзвычайнага, проста:

1. Не падлівай масла ў агонь. Не рэагуй на канфлікт звышэмацыйна. Не трэба лямантаваць, цынічнічаць, рагатаць паказушным рогатам. Нікому, у тым ліку і табе, гэта не паможа.

2. Студзі. Падчас спёкі ў ваду трэба кінуць пару кавалачкаў лёду і папіць. Падчас гарачага канфлікту трэба кідаць зерне рацыянальнай аргументацыі. Вы кажаце: якая аргументацыя, калі ўсе на эмоцыях? А вот якая. Акурат тады, калі «ўсе» на эмоцыях, зерне рацыянальнасці, кінутае спакойна і акуратна, вельмі дарэчы. Яно ставіць актараў перад выбарам: або псіхаваць і скампраметавацца, або вяртацца ў больш рацыянальнае рэчышча. Разумныя актары выберуць другое, а неразумныя... А якая нам розніца, як павядуць сябе неразумныя.

3. Не надзяляй канфлікт метафізічным значэннем. Выкінь са свайго дыскурсу такія выразы, як «беларусы вечна сварацца», «у апазіцыі заўсёды грызня» і пад. Паўсталыя канфлікты не з’яўляюцца метафізічным наканаваннем, а пабочным прадуктам непаразуменняў або/і заганаў.

Непаразуменні або/і заганы не мусяць весці да гарачых канфліктаў, але часам вядуць, нават нягледзячы на шчырае жаданне актараў пазбегнуць гэтага.

4. Асцярожней з выкрываннем «агентаў». Гэта, трэба прызнаць, складаны момант. З аднаго боку, імавернасць інфільтрацыі апазіцыйных колаў з боку лукашыстаў або рашыстаў высокая.

З другога боку, культываванне татальнай падазронасці можа быць больш разбуральным чым невыкрыццё сапраўднага агента. Адна справа — захоўваць разумныя меры асцярожнасці. Другая справа — клеіць направа і налева этыкеткі «агента рэжыма».

P.S. Нягледзячы на відавочна прыкрыя з’явы ўнутры дэмакратычнай апазіцыі, я надалей лічу, што яе патэнцыял даволі высокі. Канфлікты і ўзаемаабразы — прыкрая, канешне, рэч, але не трагічная.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(19)