Политика

Рэзалюцыя Еўрапарламента: вызваліць палітвязняў, спыніць гвалт і рэпрэсіі

За рэзалюцыю прагаласавалі 626 дэпутатаў, 16 былі супраць, 36 устрымаліся. Дакумент зьяўляецца толькі рэкамэндацыйнай для кіраўніцтва Эўразьвязу, паведамляе Радыё Свабода.

Сярод іншага, у праекце ўтрымліваюцца наступныя пункты:

Інцыдэнт з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Беларусі называюць «жахлівым актам», які парушае міжнародныя законы, і «актам дзяржаўнага тэрарызму».

Заклікаюць неадкладна і без умоваў вызваліць Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу, а таксама іншых журналістаў і палітычных вязьняў у Беларусі.

Заклікаюць расьсьледаваць інцыдэнт, у тым ліку магчымую ролю Расеі ў «тэрарыстычных актах, якія ўчыняе беларускі рэжым». Пры гэтым любы грамадзянін Расеі які наўпрост ці ўскосна ў гэтым удзельнічаў, мае трапіць пад санкцыі Эўразьвязу.

Зноў пацьвярджаюць непрызнаньне Аляксандра Лукашэнкі і называюць ягоны рэжым «нелегітымным, незаконным і злачынным».

Патрабуюць неадкладна спыніць гвалт і рэпрэсіі — у прыватнасьці, незаконныя затрыманьні, катаваньні і крымінальны перасьлед мірных грамадзян, «якія ад часу скрадзеных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году вымусілі больш за 14 тысяч беларусаў пакінуць краіну.

Асуджаюць перасьлед незалежных мэдыя і журналістаў і падкрэсьліваюць права народу Беларусі на бесьперашкодны доступ да інфармацыі

Асуджаюць рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў польскай меншасьці і варожыя дзеяньні супраць польскамоўнай адукацыі ў Беларусі

Далучаюцца да закліку запрасіць прадстаўнікоў Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады і Нацыянальнага антыкрызіснага кіраваньня на саміт «Вялікай сямёркі» і саміт Усходняга партнэрства, а таксама стварыць групы, прысьвечаныя Беларусі, у парлямэнтах усіх краін ЭЗ.

Заклікаюць кіраўніцтва Эўразьвязу як найхутчэй прыняць чацьвёрты пакет санкцый супраць адказных за выбарчыя фальсыфікацыі і рэпрэсіі, і пачаць працу над наступным пакетам санкцый.

Заклікаюць, каб санкцыі былі пашыраныя на адказных за інцыдэнт з самалётам Ryanair, а таксама на тых хто працуе на прапаганду, дэзынфармацыю і мову нянавісьці рэжыму, у прыватнасьці на Марата Маркава, чыю гутарку са зьняволеным Раманам Пратасевічам паказалі на дзяржаўным канале АНТ.

Заклікаюць кіраўніцтва і ўсе краіны Эўразьвязу адмовіцца ад любой фінансавай падтрымкі рэжыму і таму адмовіць у любых новых крэдытных лініях беларускім банкам і спыніць любыя інвэстыцыі ў праекты ў Беларусі.

Заклікаюць Эўракамісію зрабіць немагчымай пакупку эўрапейскімі фінансавымі інстытутамі бондаў ці іншых фінансавых інструмэнтаў беларускага ўраду

Нагадваюць усім прыватным бізнэсам з краінаў Эўразьвязу, якія дзейнічаюць у Беларусі, каб тыя памяталі пра свой абавязак паважаць правы чалавека, і заклікаюць іх устрымацца ад новых інвэстыцый і публічна пратэставаць супраць рэпрэсій з боку ўладаў у Беларусі

Заклікаюць да санкцый супраць тых беларускіх кампаній, якія падтрымліваюць рэжым ці звальняюць сваіх супрацоўнікаў за ўдзел у страйках ці пратэстах.

Заклікаюць да сэктаральных санкцый супраць нафтаперапрацоўчай і калійнай галіны, вытворчасьці сталі і дрэваапрацоўчай галіны.

Заклікаюць спыніць супрацоўніцтва зь беларускімі банкамі ў дзяржаўнай уласнасьці і абмежаваць крэдытныя лініі міжнародных банкаў сваім даччыным банкам у Беларусі

Заклікаюць разгледзець магчымасьць часова адключыць Беларусь ад плацёжнай сыстэмы SWIFT.

Заклікаюць эўрапейскія кампаніі, у прыватнасьці Siemens AG, адмовіцца ад супрацоўніцтва з уладамі Беларусі.

Заклікаюць краіны ЭЗ узмацніць намаганьні супраць кантрабанды цыгарэтаў зь Беларусі ў Эўразьвяз.

Заклікаюць прыпыніць беларускіх фэдэрацый у міжнародных спартовых арганізацыях і спартовых мерапрыемствах, у тым ліку ў эўрапейскіх чэмпіянатах, чэмпіянатах сьвету і ў Алімпійскіх гульнях у Токіё.

Заклікаюць УЭФА забраць правы на трансьляцыю футбольнага чэмпіянату Эўропы ў Бельдзяржтэлерадыёкампаніі і бясплатна перадаць іх тэлеканалу Белсат.

Заклікаюць правесьці канфэрэнцыю высокага ўзроўню «Будучыня дэмакратычнай Беларусі».

4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.

У заяве Эўрапейскай рады тлумачылася, што гэтае рашэньне вынікае з ранейшых высноваў, калі кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ЭЗ «жорстка асудзілі незаконнае прымусовае прызямленьне 23 траўня ў Менску рэйсу Ryanair, што паставіла пад пагрозу авіяцыйную бясьпеку».

У высновах таксама асуджалася затрыманьне журналіста Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі, якія ляцелі гэтым рэйсам.

***

Першы пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі Эўразьвяз увёў 2 кастрычніка 2020 году.

Пасьля сьпіс асобаў, якія падпадаюць пад іх дзеяньне, быў пашыраны другім і трэцім пакетамі 6 лістапада і 17 сьнежня адпаведна.

Адметнасьцю трэцяга пакету стала тое, што, акрамя пэрсаналій, у яго ўключылі арганізацыі.

Абмежавальныя меры прадугледжваюць забарону на паездкі ў Эўразьвяз і замарозку актываў асоб з санкцыйнага сьпісу, які цяпер налічвае 88 чалавек, уключна з Лукашэнкам, а таксама замарозку актываў сямі арганізацый.

Акрамя таго, фізычным і юрыдычным асобам — прадстаўнікам ЭЗ — забаронена наўпрост ці ўскосна даваць сродкі асобам з санкцыйнага сьпісу.

Латвія, Літва і Эстонія 25 сакавіка ўвялі новыя нацыянальныя санкцыі ў дачыненьні да 118 беларускіх супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і юстыцыі, а таксама мясцовых органаў улады.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(23)