«Расійскае грамадства знаходзіцца ў ілюзіі, але ў прапаганды няма шанцаў доўга яе падтрымліваць»

Акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі – пра адсутнасць «крымскага эфекту».

– Як мінімум тры апытанні грамадскай думкі у Расіі былі праведзены з моманту агрэсіі супраць Украіны (якая пад прымусам Крамля маскіруецца ў СМІ труслівай фармулёўкай «ваенная аперацыя па дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Украіны»), – піша Рудкоўскі. – Падтрымка для так званай аперацыі вар’іруецца, у залежнасці ад апытання, паміж 59% і 70%.

Праціўнікаў — паміж 22% і 34%. Сярод маладых (да 30 гадоў) колькасць праціўнікаў сягае 50%.

Так, падтрымка пакуль што немалая, але ўжо цяпер ясна, што пра «крымскі эффект» няма і блізка гаворкі (тады колькасць падрымліваючых «вяртанне» Крыма зашкальвала за 90%, а праціўнікаў было што кот наплакаў – 4%).

Цяперашнія цыфры адлюстроўваюць сітуацыю, калі большасць грамадства прабывае ў ілюзіі пра «высокоточные удары по военным объектам», пра тое, што сярод расійскіх ваенных няма або амаль няма ахвяраў і пра тое, што санкцыі Захада, як і раней – драбяза, ну-и-что, ха-ха-ха.

Але ў прапаганды няма шанцаў цягам доўгага часу падтрымліваць гэту ілюзію. Смерці расійскіх ваенных – гэта адно. Але смерці сваякоў, родных і сяброў, якіх у расіян ва Украіне мноства – гэта таксама тэма, якая будзе распаўсюджвацца незалежна ад блакіроўкі сайтаў і закрыцця радыёстанцый. Гэтага не схаваеш.

Расійскія палонныя ў Мікалаеве

Не схаваеш таксама факту падваення стаўкі за крэдыты, інфляцыі, знікнення шэрагу тавараў, немагчымасці выехаць у заходнія краіны, выключэння з Еўрабачання і многага іншага.

Пакуль што эўфарыя ад ілюзорных поспехаў трывае, але нават цяпер яна зусім не паўсюдная і не дужа моцная. А гэтая эўфарыя хутка ападзе. І расійскае грамадства сутыкнецца з жудаснай праўдай і ўсведамленнем жудасных наступстваў ад гэтага «эпахальнага дзейства».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(42)