Рашэнне пра незалежнасць БНР было прынята за некалькі дзён да 25 сакавіка
Чаму абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі было прадвызначана на закрытым сходзе яшчэ да паседжання Рады БНР 25 сакавіка 1918 года? Хто канкрэтна «праціснуў» рашэнне аб незалежнасці, хаця супраць яго выступаў нават аўтар гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»? Каб адказаць на гэтыя ды іншыя пытанні, «Салідарнасць» падрыхтавала рэтраспектыву падзей 22-25 сакавіка 1918 года.
Пра тое, як разгортваліся падзеі ў тыя дні, распавядае гісторык Анатоль Сідарэвіч.
Перад тым, як абвясціць незалежнасць, Рада БНР спрачалася 12 гадзін
Канец сакавіка 1918 года. Прайшоў месяц, як Мінск пакінулі бальшавікі і сюды ўступілі кайзераўскія войскі. Немцы гвалтам адабралі ў Народнага Сакратарыята (урада БНР) касу (пра гэта ніжэй), але працаваць далей не перашкаджалі.На гістарычнае паседжанне Рада БНР сабралася ў нядзелю, 24 сакавіка, у 6 гадзін вечара па мясцовым часе. Чым было выклікана рашэнне сяброў парламента БНР прыйсці ў дом па вуліцы Серпухаўская, 9 (цяпер Валадарскага, 9) у выходны дзень, ды яшчэ і вечарам? Анатоль Сідарэвіч тлумачыць: дзейнасць у Радзе БНР не аплочвалася, яе сябры працавалі – у гімназіі, рэдакцыі газеты і г.д. Значыць, і сабрацца яны маглі разам толькі па вечарах альбо выходных. У нядзелю ж раніцай 24 сакавіка сустрэцца таксама было праблематычна – хто пайшоў у царкву, хто да касцёла.
У той час Рада БНР, што чэрпала сваю легітымнасць ад Усебеларускага з’езда 1917 года, налічвала каля 80 чалавек, сярод якіх былі прадстаўнікі Беларускай Сацыялістычнай Грамады і партый нацыянальных меншасцяў (яўрэяў, рускіх, палякаў) – члены Бунду, эсэры, польскія сацыялісты. Сказаць, колькі дакладна чалавек прыйшло на паседжанне 24 сакавіка, сёння, на жаль, немагчыма – пратаколы Рады БНР 1918 года згублены.
Вядома, што паседжанне Рады БНР цягнулася ўсю ноч і праходзіла ў гарачых спрэчках.
– Супраць абвяшчэння незалежнасці выступілі палякі, расійцы і яўрэі. Антон Луцкевіч ва ўспамінах збянтэжана пісаў, як польскі патрыёт нечакана выступіў з палымянай прапановай аб абароне «единства Матушки-России», – расказвае Анатоль Сідарэвіч.
Як адзначае гісторык, сябраў Рады БНР, якія пачуваліся на сходзе, як француз на Бярэзіне, і галасавалі супраць, можна было зразумець. Габрэі, напрыклад, аб’ектыўна не былі зацікаўлены ў новых незалежных дзяржавах, бо для іх гэта азначала разрыў сувязяў паміж габрэямі ўсёй Расійскай імперыі і перашкоды для хаджэння габрэйскага капітала.
І ўсё ж пасля 12-гадзіннага марафону спрэчак каля 6 гадзін раніцы 25 сакавіка сябры Рады БНР прынялі гістарычны дакумент. Ён складаўся усяго з аднаго сказа: Рада пастанаўляе абвясціць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі і прыняць Устаўную грамату.
Калі верыць успамінам удзельнікаў таго паседжання, адразу ж пасля прыняцця рашэння аб абвяшчэнні незалежнасці БНР, у сэрцах дзвярыма бразнуў прадстаўнік расійскай нацыянальнай меншасці Павел Злобін (дарэчы, гэта яго сын Сцяпан пасля напіша раман «Степан Разин»)...
Дом, дзе была абвешчана незалежнасць БНР (Валадарскага, 9)
Сёння на трэцім паверсе будынка, дзе праводзіла гістарычнае паседжанне Рады БНР, працуе Мінскі абласны саюз спажывецкіх таварыстваў
Незалежнасць вырашылі абвясціць, каб атрымаць крэдыт
За тры дні да абвяшчэння незалежнасці БНР, 22 сакавіка, з цягніка на мінскім вакзале выйшлі пяць чалавек. Іх з’яўленне ў горадзе стала вялікім штуршком да развіцця палітычных падзей у наступныя месяцы.
Прадстаўнікоў Віленскай Беларускай Рады на чале з братамі Луцкевічамі ў гэты дзень цёпла вітаюць на паседжанні Народнага Сакратарыята БНР. На паседжанні абмяркоўваецца пытанне аб звароце наконт дзяржаўнай пазыкі да Украіны.
Месяц таму, калі кайзераўскія войскі ўварваліся ў Мінск, немцы сілай захапілі касу ўрада БНР – больш за 300 тысяч царскіх рублёў. Наколькі гэта сума грошай была вялікай, можна меркаваць па такім прыкладзе Анатоля Сідарэвіча: на той час добрага пародзістага жарабца можна было набыць за 120 рублёў...
Такім чынам, урад БНР сядзеў як рак «на мелі» і адчуваў вострую неабходнасць у грашовай пазыцы. І вось тут беларусы з Вільні пачалі выкладваць свае казыры на карысць абвяшчэння незалежнасці.
– Антон Луцкевіч задаў лагічнае пытанне: няўжо вы чакаеце, што Украіна, якая ўжо стала дзяржавай, дасць вам, частцы Расіі, пазыку? Дзе гэта чутна, каб нейкая дзяржава давала пазыку адміністрацыйнай адзінцы ў складзе іншай дзяржавы? – расказвае Анатоль Сідарэвіч. – Справа ў тым, што ў Другой Устаўной грамаце, якую прынялі 9 сакавіка, нічога не было сказана пра тое, ці застаецца БНР у складзе Расіі, ці робіцца самастойнай. Каб атрымаць крэдыт, трэба было абвясціць незалежнасць.
Другі казыр быў вядомы: Беларусь не можа заставацца ў складзе Расіі, бо тая здала нашу тэрыторыю. Згодна з Брэсцкім мірам, падпісаным 3 сакавіка, Заходнюю Беларусь аддалі немцам.
Назаўтра, 23 сакавіка, у прыхільнікаў незалежнасці з’яўляецца трэці казыр: прыходзіць паведамленне, што кайзер Вільгельм ІІ прызнаў незалежнасць Літвы! Між тым Літва прэтэндавала на беларускія землі – Віленскі край, Наваградак, Беласток і возера Нарач.
У кожнай справе галоўнае – зазiрнуць наперад. У гэты ж дзень на свой сход сабралася фракцыя Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў Радзе БНР, сябры якой мусілі абмеркаваць – як галасаваць па пытанні абвяшчэння незалежнасці на паседжанні 24 сакавіка?
– Не думайце, што па пытанні абвяшчэння незалежнасці там усё было просценька і лёгенька. Напрыклад, аўтар славутага ваяцкага марша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі...» Макар Краўцоў выступаў супраць абвяшчэння незалежнасці, – адзначае Анатоль Сідарэвіч.
Але паводле правіл палітычнай культуры фракцыі павінны галасаваць салідарна, таму раніцай 25 сакавіка ўсе сябры БСГ аддалі галасы за незалежнасць БНР.
-- У Радзе БНР на той час налічвалася каля 80 сяброў, з іх 50 былі беларусамі. Такім чынам, як бы ні галасавалі астатнія, беларусамі ўсё ўжо было прадвырашана, – расказаў Анатоль Сідарэвіч. – Але ў ноч з 24 на 25 сакавіка ўсім было дадзена права выказацца. Дэмакратычная працэдура была захавана.
Антон Луцкевіч
Пакуль прымалі «акт 25 сакавіка», Мінск адпачываў
Вернемся да раніцы 25 сакавіка. Рашэнне аб абвяшчэнні незалежнасці БНР прынята, але ІІІ Устаўная грамата, цяпер вядомая як «акт 25 сакавіка», яшчэ не зацверджана. Куды ж накіроўваюцца сябры Рады БНР пасля 12 гадзін паседжання – спаць?
– Хто як. – мяркуе Анатоль Сідарэвіч. – 25 сакавіка 1918 адзначалася вялікае свята – Дабравешчанне, яго ў Расійскай імперыі праваслаўныя і каталікі адзначалі адначасна. Быў выхадны, і зноў жа многія ўдзельнікі паседжання маглі пайсці на царкоўныя службы.
Але ўжо ў 12.00 Рада БНР збіраецца зноў, каб абмеркаваць праект III Устаноўнай граматы, які падрыхтаваў Антон Луцкевіч. Ці прысутнічалі на гэтым другім паседжанні прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў, не вядома. Тэкст жа граматы, верагодна, быў зацверджаны за пару гадзін.
З улікам таго, што 25 сакавіка адзначалася царкоўнае свята, а значыць, не працавалі многія ўстановы, у тым ліку рэдакцыі і друкарні, жыхары Мінска і Беларусі пра абвяшчэнне незалежнасці БНР даведаліся хутчэй за ўсё толькі назаўтра. Вядома толькі, што тэкст ІІІ Устаўной граматы быў надрукаваны ў выглядзе «афішкі» па-беларуску і па-польску і расклеены на тумбах у горадзе.
Беларусы былі толькі на пачатку доўгага і цяжкага шляху да сапраўднай незалежнасці...
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное