Рада БНР: Паводле новай дамовы з Масквой беларускія салдаты і афіцэры стануць «гарматным мясам»
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі апублікавала адмысловую заяву з нагоды падпісаных у Мінску пагадненняў.
— Лукашэнка і Пуцін падпісаньнем чарговага небясьпечнага для лёсу беларускага народу пагадненьня адзначылі юбілей стварэньня гэтак званай «саюзнай дзяржавы».
Нягледзячы на тое, што гэтая «дзяржава» мае фіктыўны характар, яна, тым ня менш, была падставай для далейшай паўзучай анэксіі Беларусі Расеяй, пазбаўленьня краіны ўсё большых элемэнтаў дзяржаўнасьці.
У заяве нагадваецца, што ў 1999 годзе Рада БНР выступіла супраць той дамовы, якую Васіль Быкаў у дзень яе падпісаньня назваў «злачынствам стагодзьдзя», і заявіла, што Лукашэнка ня меў ніякага легітымнага права выступаць ад імя беларускага народу – пасьля таго, як у 1995-96 зьдзейсьніў антыканстытуцыйны пераварот.
Ад 2020-га Лукашэнка не прызнаецца большасьцю беларускага народу і дэмакратычнымі дзяржавамі сьвету як асоба, якая легітымна займае пасаду прэзыдэнта Беларусі, падкрэсліваюць у Радзе БНР.
Тым ня менш, «застаючыся ўзурпатарам, Лукашэнка ў працяг адыходу ад зафіксаванага ў Канстытуцыі 1994 імкненьня да нэўтральнага статусу Беларусі, разам з Пуціным днямі ў Менску падпісаў пагадненьне, якое яшчэ больш замацоўвае краіну ў арбіце вайсковых інтарэсаў Масквы».
Гэтая дамова, акрамя іншага, абавязвае Беларусь падтрымліваць Расею ў тым ліку і вайсковымі спосабамі, як тэхнікай, гэтак і жыцьцямі вайскоўцаў зь Беларусі, нагадваецца ў заяве:
— Нават у выпадку сьмерці Лукашэнкі альбо ягонага адхіленьня ад улады Масква, паводле дамовы, мае магчымасьць патрабаваць ад Менску накіраваньня беларусаў ва ўсе тыя месцы, дзе яна ажыцьцяўляе агрэсію. Беларускія салдаты і афіцэры стануць «гарматным мясам».
Разьмяшчэньне ж на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі аўтаматычна робіць краіну мішэньню з боку тых, сурапць каго можа быць накіраваныая гэтая зброя, нагадваюць аўтары заявы і падкрэсліваюць:
— Гэта — плата беларусаў за імкненьне Лукашэнкі з дапамогай Масквы захаваць уладу.
Рада БНР падкрэсьлівае, што Лукашэнка ня мае юрыдычнага права падпісваць ніякія дакумэнты ад імя беларускай дзяржавы, і нагадвае заяўленае ў Віленскім Мэмарандуме 2012 году, які быў ініцыяваны Радай БНР і падпісаны прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі:
— Аляксандар Лукашэнка і дзяржаўныя органы пад ягоным кантролем, пры адсутнасьці дэмакратычнай легітымнасьці, ня ёсьць правамоцным і дзеяздольным прадстаўніцтвам Беларусі, асабліва у разе прыняцьця ад імя Беларусі абавязкаў і пагадненьняў з наступствамі, якія абмяжоўваюць ці абцяжарваюць яе сувэрэнітэт або датычаць распродажу дзяржаўнай маёмасьці.
Гэткія пагадненьні ня будуць абавязковыя для дэмакратычнай беларускай дзяржавы ў будучыні, а стануць прадметам перагляду і магчымага скасаваньня або карэкцыі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное