Лица

«Рабіце што хочаце, я ў турму больш не пайду». Як лідэр Gods Tower уцёк ад «хіміі»

Свабода пагутарыла зь лідэрам гурту Gods Tower Уладзіславам «Lesley Knife» Наважылавым пра затрыманьне, крымінальную справу за камэнтар і ўцёкі з краіны праз балоты.

Упершыню Ўладзіслава Наважылава затрымалі 19 верасьня 2020 году разам з Аляксандрам Памідоравым, калі музыкі гралі на дваровым канцэрце.

«Мы адыгралі канцэрт, я зьбіраўся адвезьці Аляксандра назад, але на зваротным шляху нас спынілі гэтыя „таварышы“, замест машыны мы трапілі ў аўтазак. У РАУСе нам расказалі цікавыя гісторыі, што цяпер, калі людзі зьбіраюцца на вуліцы, — гэта ўжо масавае мерапрыемства. То бок проста вы стаіце, піва п’яце, і гэта ўжо незаконна. Спачатку сказалі, што мы да панядзелка пасядзім, потым нас адпусьцяць. Але нас адвезьлі на Акрэсьціна, і селі мы на 8 сутак. Праз пару дзён маю машыну забралі ДАІшнікі, адвезьлі на штраф-стаянку», — расказвае Ўладзіслаў Наважылаў.

Музыка кажа, што без прыніжэньняў і зьдзекаў не абышлося.

«Нават калі яны сябе прэзэнтуюць як „а мы ж нармальныя“, гэта ўсё роўна прыводзіць да таго, што ты ноч стаіш на расьцяжцы на вуліцы, і добра, што яшчэ не было вельмі холадна. Там няма нічога, што б табе гаварыла, што ты чалавек. Калі вас правяраюць, прымушаюць разьдзявацца, сеў-прысеў, на калені, вось гэты цырк, калі ты голы бегаеш, калі ставяць у „стакан“ 4 чалавекі... Першае ўражаньне, што цябе хочуць паставіць ніжэй, чым ты ёсьць. Я не магу нават слоў падабраць. Гэта не прыніжэньне, гэта нешта большае, грэбуюць яны людзьмі».

Уладзіслаў у турме падхапіў і каранавірус, на які цяжка хварэў і доўга рэабілітаваўся.

«Калі я дзяржаву і так ніколі не любіў, то цяпер не люблю вельмі актыўна. Калі хацелі мяне выхоўваць такім чынам, то нічога не атрымалася, эфэкт адваротны, мяне не напужалі, павагі да сябе ня страціў».

Уладзіслаў кажа, што ўжо тады разумеў, што яго не пакінуць у спакоі і рана ці позна прыйдуць. Праз тыдзень пасьля вызваленьня з музыкам зноў здарылася небясьпечная сытуацыя, калі ў нядзелю ён езьдзіў па цэнтры гораду на матацыкле.

«Я праехаўся і бачу, што далей можна толькі на паварот, які ўвесь застаўлены аўтазакамі і „аліўкамі“. Я толькі тыдзень пабыў дома, і зноў у турму ня вельмі хочацца. Я даў на разварот, але там стаяў ДАІшнік, пачаў мяне тармазіць, каб праверыць дакумэнты. У мяне заклініла наогул, і я думаю: „Не, хлопцы, ня пойдзе“. Я на газ цісну, паехаў наперад, і, вядома, за мной машына ДАІшнікаў. Я разумеў: усё, гамон, зараз дакладна пападу ў турму, дабром гэта ня скончыцца. Я спыняю матацыкл, злажу, рукі ўгору. Яны спыняюцца і кажуць мне: „Што вы робіце? Навошта вы паехалі ад нас?“. Прычым бяз мату, нармальна. Я кажу: „Хлопцы, рабіце што хочаце, я ў турму больш не пайду, зараз пад машыну кінуся, але ў турму не хачу, зь мяне хопіць“. Яны мне: „Ціха, ціха, мы хацелі проста праверыць дакумэнты“».

Уладзіслаў прызнаецца: такая рэакцыя была ад таго, што ён ужо ведаў выпадкі, калі сілавік у аліўкавай форме можа даць сыгнал ДАІ затрымаць чалавека.

«І так цікава было, што ДАІшнікі гэта разумелі і сказалі: „Мы вам выпішам штраф, а наогул ня ўсе мы такія, так што не пужайцеся“. Яны мяне адпусьцілі. Я пастаяў, да мяне гэта дайшло, я падумаў: „Ваў, прыкольна“. У той дзень я вярнуўся дадому».

«А за што я буду сядзець?»

Адчуваньне, што могуць у любы момант прыйсьці сілавікі, было пастаянна, кажа музыка. Але тое, што прыйдуць за камэнтар, стала нечаканасьцю. 21 красавіка да Ўладзіслава прыйшлі прадстаўнікі Сьледчага камітэту, забралі мабільны тэлефон як доказ злачынства. На музыку завялі справу за абразу прадстаўніка ўлады. Летась у час масавых пратэстаў Уладзіслаў Наважылаў пакінуў камэнтар на Youtube пад ролікам пра сустрэчу жыхароў Гомля і старшыні аблвыканкаму са словамі «крайне неразумный боров».

«Некалькі дзён мне тэлефанавалі з СК, але я не падымаю незнаёмыя нумары. І хтосьці званіў у хату, але я нікога не чакаю, дык навошта мне адчыняць? Тады яны прыйшлі да жонкі на працу і разам зь ёй прыехалі дамоў. Я сядзеў працаваў і не разумеў, чаго ад мяне хочуць. Калі яны пачалі расказваць пра Салаўя (старшыня Гомельскага аблвыканкаму. — РС), я думаў спачатку, што маецца на ўвазе пра Салаўёва, расейскага прапагандыста. Я наогул доўга ня мог уцяміць, пра што размова, якія такія абразы».

Музыка кажа, што быў зьдзіўлены, што выбралі менавіта такую нагоду, каб да яго прыйсьці.

«У Беларусі ўсё небясьпечна. Няма куды схавацца, ніякага панцыру ад іх, ні папер, дакумэнтаў. Пофігу ім увогуле. Сваволя поўная. Усё роўна ўсё адбываецца нечакана. Падрыхтавацца ты ня зможаш да гэтага моманту».

Ён кажа, што разьлічваў на штраф, у найгоршым выпадку — на «хатнюю хімію». Але 21 чэрвеня музыку прысудзілі тры гады «хіміі» з накіраваньнем у папраўчую ўстанову.

«У мяне былі зьмякчальныя акалічнасьці, бо ёсьць непаўналетнія дзеці, а я адзіны карміцель у сям’і. Гэта павінна было неяк прымацца пад увагу пры разглядзе справы, але нічога такога. Мне потым сказалі, што ніякіх зьмякчальных акалічнасьцяў. І таму на табе, хлопча, тры гады ў сьпіну. Тры гады, прычым у казарме. Гэта была шокавая інфармацыя, нечакана было, што будзе такі прысуд. Хоць можна было неяк дапусьціць, улічваючы, што ў судовай сыстэме адбываецца».

Адразу думкі зьехаць не было, прызнаецца музыка.

«Яна зьявілася ў сярэдзіне лета, бо я паглядзеў, што становішча вакол становіцца ўсё горшай, і нейкая надзея на тое, што будуць нармальна разглядаць маю скаргу і перагледзяць прысуд, паціху зьнікала, гарызонт станавіўся больш цёмны. Я зразумеў, што нічога не магу рабіць, бачыў ва ўсім толькі нэгатыў. У мяне пачалася дэпрэсія, і яна цягнулася. Што б ты ні рабіў, ты разумееш, што гэта дарма».

Вакаліст Gods Tower Уладзіслаў Наважылаў з жонкай Інай і катом

Таксама рашэньне ўцячы Ўладзіслаў прыняў праз сур’ёзныя праблемы са здароўем.

«Пасьля каранавірусу я вельмі доўга рэабілітаваўся, не магу хутка і доўга хадзіць, у мяне поўны набор групаў рызыкі. Увогуле той, хто перахварэў на карону, страчвае гадоў 20 у здароўі. Я вельмі тоўсты, так атрымалася, у мяне з цукрам праблемы. Калі ўявіць сабе, што я буду бегаць у казарме, то гэта дабром ня скончыцца. А калі лічыць, што ты адхварэў на карону, зараз мы цябе яшчэ ў турму адправім, то ўвогуле насельніцтва ня будзе, усе падохнуць. Мяне гэта стала ня проста трывожыць, а вельмі рэальна пужаць».

Уладзіслаў кажа, што зразумеў, што заставацца ў Беларусі ніяк ня можа.

«Самае галоўнае — а за што я буду сядзець? Гэта нейкае трызьненьне! Было б за што! Калі б я сапраўды нешта ўчыніў, сапраўды абразіў каго-небудзь, тады б я яшчэ падумаў... Я зразумеў, што гэта ня я перасьледую, а мяне, ня я зраблю нешта кепскае, калі буду ўцякаць. Я зьвязаўся з хлопцамі з фонду дапамогi, мы абмеркавалі лягістыку, паразмаўляў з роднымі, блізкімі, і наважыўся».

«Праз балоты ідзеш, і Вока за табой назірае»

Свой пераход мяжы Ўладзіслаў параўноўвае з «Уладаром пярсьцёнкаў».

«Гэты маршрут, калі ты ідзеш з кансьпіратыўнай кватэры і табе трэба ўжо рабіць пераход мяжы, гэта і ёсьць „Уладар пярсьцёнкаў“, бо там і праз балоты ідзеш, і Вока (Вока Саўрона — адзін з сымбаляў у кнізе „Ўладар пярсьцёнкаў“. — РС) за табой назірае. Я ішоў, і мне ўяўлялася, што я цяпер пярсьцёнак нясу, але трохі іншым маршрутам: ня ў Мордар, а з Мордару. Насамрэч я ж не турыст і ня надта спартовы чалавек, для мяне гэта моцны экстрым. Вельмі нэрвовы, вядома, сам пераход, бо трэба хутка бегчы. Наогул такая ўнікальная прыгода, якой я нікому не парэкамэндую, ня трэба гэтага. Але ў такой сытуацыі проста не было выбару».

Спачатку музыка апынуўся ва Ўкраіне, але потым вылецеў у Літву.

«Я пачаў вольна дыхаць, і мне ўжо ня страшна па вуліцы хадзіць»

Музыка прызнаецца, што адразу адчуў кантраст у стаўленьні міграцыйных і памежных службаў Літвы і Ўкраіны ў параўнаньні зь Беларусьсю.

«Ты размаўляеш з чалавекам у форме, і ты яго не баісься. Ты бачыш, што тут перамены адбыліся, ты адчуваеш, што ты ў іншай краіне не геаграфічна, а ў іншай мэнтальна. Калі ты разумееш розьніцу паміж мянтом і копам. У мянта „ўшытая“ ў галаве прэзумпцыя вінаватасьці, ён на цябе глядзіць, падыходзіць, пачынае нешта пытацца. А ў копа прэзумпцыя невінаватасьці, ён цябе наогул ня бачыць, пакуль ты не пачынаеш нешта вырабляць незаконнае. У Беларусі мянты, і іх трэба было баяцца, а тут копы, можна не баяцца. Проста нельга параўнаць атмасфэру, я пачаў яшчэ ва Ўкраіне вольна дыхаць, і мне ўжо ня страшна па вуліцы хадзіць, пасьвятлела ў галаве».

Уладзіслаў цяпер вельмі перажывае за сваіх родных і сяброў, што засталіся ў Беларусі. Таксама музыка пачаў працу над творчымі праектамі, якімі на радзіме ня мог займацца.

«Мне дапамаглі людзі знайсьці пакой у цэнтры гораду. На дваіх з хлопцам мы наймаем двухпакаёўку. Гэта мне абыходзіцца ў 200 эўра, і лічу, што гэта танна. Цяпер я прадумваю, апісваю свае творчыя актыўнасьці, і шмат у мяне заплянавана. Пакуль дакладна ёсьць дамоўленасьць з Андрэем Павуком, што я буду браць удзел у „Рудабельскай паказусе“. Ёсьць яшчэ некалькі праектаў, але я потым пра іх сам раскажу. Калі разьбяруся зь візай, пляную вярнуцца да працы».

Калі можна будзе вярнуцца дадому, музыка ня ведае.

«У нас атрымліваецца сытуацыя, падобная да „Ўладара пярсьцёнкаў“, канец першай кнігі, калі яны вяртаюцца ў Шыр, а там Саўрон усталяваў свой рэжым. Усе хобіты бяззбройныя супраць гэтых оркаў. Мне цяжка рабіць прагнозы, можна толькі спадзявацца. Кожны дзень ты чытаеш навіны і разумееш, што цяжка і творыцца нейкі дурхаўз, але гэта ня можа доўга цягнуцца».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(16)