Сямён Печанко

Пётр Рудкоўскі: «Не трэба ўпадаць у роспач, калі ў пратэстах здарыцца паўза»

У рамках спецпраекта «Што далей?» дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Пётр Рудкоўскі тлумачыць, што можа паскорыць або замарозіць наступленне пераменаў.

Фота belcollegium.by

— Цяпер, калі вулічныя пратэсты заўважна зменшыліся колькасна, загучалі галасы пра паразу. Маўляў, разлікі штабоў кандыдатаў былі празмерна аптымістычнымі, трэба прызнаць гэтую памылку і пачынаць думаць над іншымі варыянтамі. Як бы вы ахарактарызавалі тое, што мы маем сёння?

— Паразай гэта абсалютна немагчыма назваць. Адбыўся беспрэцэдэнтны ўздым. На піку колькасць пратэстоўцаў сягала 300 тысячаў, а па некаторых ацэнках і паўмільёна асобаў. Калі яшчэ ўлічыць тых, хто сігналіў з аўто, махаў сцягамі з балконаў, то гэтая колькасць істотна павялічваецца.

Я акурат гэтымі днямі вывучаю сабраную замежнымі даследчыкамі агромністую базу, што ахоплівае 622 выпадкі пратэстаў, якія адбываліся ці супраць аўтарытарных рэжымаў, ці супраць акупацыі.

Па глабальных стандартах, калі 3,5% насельніцтва краіны ўдзельнічае ў пратэстах, гэта, па-першае, даволі рэдкая з’ява, па-другое, у такіх выпадках запускаюцца незваротныя працэсы. Усё гэта надзвычай складана пасля адкруціць назад аўтарытарнаму ці акупацыйнаму рэжыму. Зазвычай гэта вяло да поспеху пратэстаў, да выканнання пастаўленых імі мэтаў.

Іншая справа, што гэта не робіцца цягам некалькіх тыдняў. Натуральна, здараліся выпадкі, калі перамены надыходзілі даволі хутка, але сярэдні час на дасягненне мэтаў — ад двух да пяці гадоў. У нашым выпадку ўсё можа адбыцца хутчэй, бо для гэтага ёсць дадатковыя перадпасылкі. Ёсць і негатыўныя, але і шмат пазітыўных.

— Што можа паскорыць перамены ў краіне? І якія фактары здольныя замарозіць сітуацыю?

— Трэба казаць пра два тыпы фактараў. Тыя, на каторыя мы не маем уплыву. І тыя, на якія мы можам уплываць як асобныя людзі, супольнасці ці арганізацыі.

Мы не маем асаблівага ўплыву на пазіцыю Крамля, міжнародную сітуацыю і, у значнай ступені, — на ковід.

Пазіцыя Расіі сёння грае ролю тормаза. Хоць няма адназначнасці ў тым, што Масква на сто працэнтаў упіраецца супраць пераменаў і хоча выключна кантраляванага працэсу.

Каронавірус грае хутчэй супраць рэжыму. Але пратэстоўцы на гэта амаль не маюць уплыву. Калі казаць пра міжнародную падрымку, то тут ковід супраць нас. Замежныя дзяржавы і іх урады ў першую чаргу засяроджаныя на пераадольванні наступстваў пандэміі. Яны занятыя выпрацоўкай дзеянняў, якія дапамогуць зберагчы іхнія грамадствы, а таксама ўласную рэпутацыю ў вачах сваіх выбарцаў.

І гэта, натуральна, адцягвае ўвагу ад Беларусі.

Гэта была гаворка пра тое, на што мы або не маем уплыву зусім, альбо можам уплываць мінімальна. Уплываць жа мы можам на тое, як далей будзе разгортвацца пратэстны рух.

Тое, што цяпер ён ідзе на спад, зразумела. Тут і той жа каронавірус уплывае, і наступленне халадоў, і пэўная стомленнасць. Калі здарыцца нейкая паўза, то гэта не азначае канец, не трэба з гэтай нагоды ўпадаць у роспач. Пры ўмове, што захаваем здаровы сэнс, усведамленне таго, што вынік не мусіць быць хуткім. Так рэдка бывае.

Маю спадзяванне і пераканнанне, што вясной ізноў адбудзецца пратэстны ўздым. Магчыма, у падобнай форме, магчыма — у іншай, бо крэатыўнасць ужо ў гэтым годзе паказала неймаверны ўзровень. У любым разе гэта дадасць новых рызыкаў рэжыму.

— У чым небяспека радыкалізацыі вуліцы? Як гэта можа змяніць расклад сілаў?

— Захаванне мірнага фармату — гэта надзвычай важна. І не толькі ў этычнай плоскасці, але і ў плане эфектыўнасці. Найперш важна зразумець, што ў такім разе істотна зменшыцца колькасць удзельнікаў пратэсту.

Тут падкрэслю, што пад гвалтоўным пратэстам падразумяваюцца такія рэчы, як свядомае забойства або калечанне праціўніка. Або ўзброены захоп будынкаў, выкраданне людзей, падкладванне бомбаў і г.д. Хоць прапаганда з лёгкасцю абвесціць тэрарыстычным актам і просты шчаўчок па касцы сілавіка.

Ізноў жа на базе досведу мінулага, калі абагульняльна сказаць, то колькасць гатовых выходзіць на вуліцы грамадзянаў змяншаецца прыкладна ў чатыры разы ў выпадку радыкалізацыі пратэстаў. Пры гэтым зніжаецца эфектыўнасць вулічных выступленняў.

Па-першае, многіх патэнцыйных удзельнікаў вуліцы гвалт адштурхоўвае па маральных прычынах. Па-другое, ёсць тыя, хто проста баіцца.

Калі казаць пра ўладныя эліты, то сёння мы назіраем пэўнае хістанне ў шэрагах, у тым ліку і ў сілавых структурах. Ёсць шмат ваганняў. Сыход з такіх структураў надзвычай рызыкоўная справа, нашмат больш рызыкоўная, чым для шараговых пратэстоўцаў.

Таму значная частка чыноўнікаў, калі сістэма пачне яшчэ больш хістацца, пяройдзе на бок прыхільнікаў пераменаў. У выпадку, калі пратэст прыме гвалтоўныя формы, то адбудзецца кансалідацыя ўладных элітаў — і кіроўнай групоўкі, і амаль усіх сілавых структураў.

А таксама ключавых бізнесаў, якія цяпер не з’яўляюцца адкрыта апазіцыйнымі, але могуць такімі стаць. У выпадку абвастрэння яны хутчэй за ўсё вернуцца да лаяльнасці рэжыму.

І нават калі б была здабытая перамога гвалтоўным чынам, паўстане пытанне: што далей? Існуе вялікая верагоднасць таго, што ў выніку найхутчэй паўстане новы аўтарытарны рэжым. Так часта было ў гісторыі. У выніку гвалтоўных дзеянняў нашмат радзей прыходзіла дэмакратыя.

Прычыны простыя: з’яўляецца звычка дзейнічаць сілай. І дзейнічаць давядзецца нашмат даўжэй, працэс можа расцягуцца. Калі мы кажам, што год ці тры — гэта вельмі шмат, то гвалт расцягвае працэс на дзесяцігоддзе. Удзельнікаў пратэстаў будзе мала, адпаведна, падзеі расцягнуцца на гады.

Ёсць яшчэ два моманты. Інфармацыйны. У адрозненне ад мірнага пратэсту ў такіх абставінах нашмат цяжэй інфармаваць, каардынаваць падзеі. Патрэбная канспірацыя, што непазбежна звужае ўдзельнікаў інфармацыйнага патоку.

Другі момант: радыкальныя дзеянні прывабліваюць авантурных асобаў, аматараў адрэналіну. Ідэйнага хрыбта ў іх няма, але яны будуць далучацца да пратэстаў праз дэфіцыт кадраў. Гэта прывядзе да маральнай і ідэйнай дэградацыі пратэстнага руху. Не кажучы ўжо пра прапагандысцкія козыры, якія ў такім выпадку атрымае рэжым.

— У расійскай прэсе ўсё больш гучыць крытыка ў адрас Святланы Ціханоўскай. Асаблівы акцэнт робіцца на яе міжнароднай дзейнасці. Як вы лічыце, ці даюць плён яе сустрэчы з еўрапейскімі лідарамі?

— Ізноў жа, тут мы ацэньваем у катэгорыях мастацтва магчымага. Я рэаліст, таму, калі казаць пра тое, што можна было зрабіць у дадзеных умовах, мой адказ будзе надзвычай ухвальны. З магчымага ў сённяшняй сітуацыі зроблена вельмі шмат.

Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце ў часе ўручэння прэміі імя Андрэя Сахарава, фота EU Parliament Photo

Сыходжу з таго, што ў Беларусі Ціханоўская не магла застацца і па маральных, і псіхалагічных, і нават палітычных прычынах. Што яна змагла зрабіць за мяжой? Дзясяткі сустрэч на найвышэйшым узроўні. Вельмі важны сам факт падтрымлівання беларускай павесткі ў цэнтры ўвагі заходніх лідараў і, што яшчэ больш важна, грамадскай думкі. Святлана Ціханоўская на Захадзе мае рэпутацыю медыйнай асобы, сёння гэта важны момант.

Таксама прымаем той факт, што многія беларускія ініцыятывы дзейнічаюць з-за мяжы дэцэнтралізавана. Напрыклад, цэнтры аказання дапамогі, якія былі заснаваныя без удзелу Ціханоўскай.

Але тое, што яна падтрымлівае з імі кантакты, сустракаецца з іх лідарамі, дадае пазітыўны імпульс для гэтых праектаў. Пры цяперашняй яе падтрымцы яны атрымліваюць пэўныя бонусы.

Заслуга каманды Ціханоўскай і ў тым, што паступаюць рознага роду дэкларацыі і абяцанні з боку заходніх дзяржаваў. Напрыклад, фонд дапамогі ў выпадку транзіту ўлады для падтрымкі эканомікі.

Канечне, гаворка не пра падпісанне нейкай канкрэтнай дамовы. І тут не выпадала б чакаць гэтага, але такія дэкларацыі маюць сваю моц.

І варта вярнуцца да таго, што Святлана Ціханоўская не прэтэндуе на ролю палітыка ў доўгатэрміновай перспектыве. Яна выразна дае зразумець, што выконвае гэтую місію, пакуль іншыя лідары сядзяць у турме.

Сяржук Бахун: «Ёсць адчуванне, што гэтым разам 25 сакавіка стане сапраўдным Днём Волі»

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:58)