«Прыйшоў маёр і пытае, як будзе «сковорода» па-беларуску? А потым: «Іспыт здадзены. Хто казаў, што ён не валодае беларускай мовай?»
Былы палітзняволены Алег Кулеша расправёў, як да беларускай мовы ставяцца ў зняволенні і прывёў некалькі смешных (насамрэч — не) прыкладаў.
— Да 2020 года я карыстаўся рускай мовай, а трапіўшы ў Берасцейскае ІЧУ перайшоў на сваю родную мову. Калі я выйшаў, болей не сказаў слова па-руску, — распавядае Кулеша ў праграме Мова нанова.
Па словах былога палітвязня, асуджаныя добра ведаюць беларускую мову, хаця і не размаўляюць.
— А вось «вертухаі», вайскоўцы, міліцыянты цалкам не валодаюць беларускай мовай.
Мужчына ўспамінае, што на сваю беларускую мову таксама атрымліваў адказы на беларускай ад іншых зняволеных. І распавядае, як за некалькі месяцаў на беларускай загаварыў іншаземец.
— Чатыры месяцы я сядзеў у адной камеры з чачэнцам, час ад часу ён знаходзіўся ў ШЫЗА, потым павяртаўся. Ён сам, па свайму жаданню хацеў далучыцца да беларускай мовы і нават пачаў яе вывучаць.
«Вертухаі» звыкліся, што ён падчас справаздачы раніцай казаў то па-чачэнску, то маўчаў. Але вось падчас чарговай справаздачы ён пачаў казаць па-беларуску.
У СІЗА, кажа былы вязень, з ім здараліся смешныя выпадкі праз беларускую мову.
— Калі я замаўляў нешта ў краме, заўсёды пісаў па-беларуску. Пішу: папера для прыбіральні. Мне прыносяць тэчку з кнопкамі. Відаць, таму што па-руску «папера» і «папка» — гэта штосьці падобнае.
Калі пісаў папяровы ручнік, прыносілі дзве асадкі, не ведаю чаму. Можа, асацыяцыя «ручнік» і «ручка»?
Кулеша прыгадвае, што быў не адзіным вязнем у СІЗА, які размаўляў па-беларуску.
— Напрыклад, калі мяне вялі на допыт, я чуў, як нейкі чалавек казаў: «Калі вы мяне не разумееце, купіце сабе тлумачальнік».
У калоніі праз беларускую мову можна было сутыкнуцца с цяжкасцямі.
— Мяне цягалі на размовы з «хазяйкай» — гэта чалавек, які ўзначальвае калонію, не абавязкова жанчына, але гэта пасада называлася менавіта «хазяйка». Вось бабруйская «хазяйка» скончыў беларускамоўную школу і яму было прыемна са мной паразмаўляць.
Але для мяне гэта быў таксама і пакутны шлях, бо гэтыя спатканні я перажываў па раз-два ў месяц.
Наогул з-за таго, што ты беларускамоўны, да цябе будуць асабістыя ўмовы. І я ведаю, што беларускамоўныя людзі дзеля таго, каб выжыць, у калоніі вымушаны карыстацца рускай мовай.
Я дакладна ведаю, што беларускамоўны чалавек заехаў у калонію, але яму адразу па сківіцы далі, каб даць зразумець, на якой мове трэба разумець.
У мяне, мажліва з-за таго, што ў 2020 годзе бабруйская калонія паўстала, былі трошкі іншыя ўмовы. Напрыклад, прыйшоў маёр і пытае: «Як будзе «сковорода» па-беларуску?». Адказваю: «Патэльня». І ён тады: «Іспыт здадзены. Хто казаў, што ён не валодае беларускай мовай?». Гэта было выпрабаванне, ці сапраўды я беларускамоўны.
Вязень прызнаецца: сіл за кратамі яму надавалі беларускія песні, а таксама вершы, якія ён пачаў пісаць у СІЗА. Доўгі час ад Кулешы не выходзілі лісты на волю — гэта тлумачылася тым, што турэмны перакладчык на беларускую мову захварэў.
— Наша мова — гэта наша першая зброя, сродак камунікацыі, а яшчэ і наша матуля.
Для мяне беларуская мова — гэта вось як на ганачку ў вёсцы сядзіць старэнькая бабця, лушпіну перабірае, і павяртаецца дзіця, якое нашкодзіла, пакінула свой дом, недзе шлёндралася па свеце, потым знайшло сябе і павярнулася да матулі.
Што робіць матуля? Падгінае падол, андаракам вочы працірае, абдымае і кажа: «Хадзем, сыночак, я цябе вывяду на сапраўдны трып». Прыкладна так будзе і з нашым народам.
Читайте еще
Избранное