Общество

Праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская: «Свабода немагчымая без уласнай ахвяры»

Чаму адны баяцца выказваць грамадзянскую пазыцыю, а іншыя — не? Што фармуе і падтрымлівае ўнутраную свабоду чалавека? Ці варта ўсё гэта таго, каб трываць нягоды? У праекце «Што робіць мяне свабодным» Радыё Свабода слова людзям, чые ўчынкі прыцягнулі да сябе ўвагу пасьля жніўня 2020 году.

Хто такая Тацяна Гацура-Яворская?

Тацяна Гацура-Яворская — праваабаронца, арганізатарка Міжнароднага фэстывалю дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs Belarus, кіраўніца грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно». Мае сям’ю, чацьвёра дзяцей.

«Зьвяно» стала партнэрам Міжнароднага камітэту расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі. Валянтэры арганізацыі зь першых дзён дапамагалі пацярпелым ад гвалту, наведвалі іх у лякарнях, дакумэнтавалі іхныя гісторыі.

30 сакавіка «Зьвяно» адкрыла выставу, прысьвечаную мэдыкам, якія супрацьстаяць пандэміі і палітызацыі сыстэмы аховы здароўя. Сярод іншага на выставе былі паказаныя запіскі пацыентаў, якія знаходзіліся на ШВЛ і не маглі гаварыць. Адна такая запіска і дала назву выставе: «Машына дыхае, а я не». Для многіх гэта стала мэтафарай сёньняшняга становішча ў краіне. Выстава правісела толькі два дні і закрылася, бо памяшканьне прызналі не адпаведным санітарным і пажарным нормам.

5 красавіка Тацяну і яшчэ чатырох чалавек, якія мелі дачыненьне да ГА «Зьвяно», затрымалі праз падазрэньне ў злачынстве паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Пазьней іх таксама прызналі вінаватымі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам праваахоўных органаў, яны адбылі адміністрацыйныя арышты.

Тацяну Гацуру-Яворскую пратрымалі 3 дні ў ІЧУ і 7 дзён у СІЗА-1. 15 красавіка яе вызвалілі з-пад варты без прад’яўленьня абвінавачаньня, але выезд з краіны ёй забаронены. Зь СІЗА яна вярнулася ў пусты дом — яе муж, праваабаронца Ўладзімер Яворскі, і малы сын выехалі з краіны на патрабаваньне сьледчых. Яворскаму забаранілі вяртацца ў Беларусь 10 гадоў.

«Новым стаў маштаб парушэньня правоў і сэксуальны гвалт над затрыманымі»

— Што вымусіла вас публічна выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю?

— Я даўно займаюся грамадзкай дзейнасьцю і абаронай правоў чалавека. Катаваньні, біцьцё дэманстрантаў, актывістаў былі заўсёды, таксама як і беззаконьне ў судах у «палітычных» справах. Таму ў мяне не «адкрыліся вочы», як у многіх. Усе гэта адбывалася раней. Але ў жніўні 2020 году прынцыпова новым стала масавасьць парушэньняў. Машына запрацавала на ўсю моц.

Таксама асабіста для мяне новым і шакуючым стаў сэксуальны гвалт над затрыманымі. Раней у сваёй праваабарончай прафэсійнай дзейнасьці я такіх выпадкаў не сустракала. Хлопца, чыю гісторыю пра згвалтаваньне дубінкай расказалі СМІ і які цяпер зьехаў з краіны, я знайшла ў першыя дні пасьля выбараў у лякарні хуткай дапамогі. Я асабіста чула ягоны аповед. Апроч гэтага, былі сьведчаньні іншых людзей аб прэзэрватывах на падлозе аўтазакаў і на Акрэсьціна.

Калі мы пачалі дакумэнтаваць гісторыі, то пачулі пра бясконцае біцьцё пры затрыманьнях і ў аўтазаках людзей, якія не чынілі ніякага супраціву. Тады я таксама не разумела, для чаго праваахоўнікі гэта рабілі. Сёньня, праз 9 месяцаў, я тлумачу гэта тым, што, калі ня браць асобных садыстаў, большасьць былі моцна дэзынфармаваныя.

Яны сапраўды лічылі мірных беларусаў злачынцамі, якімі маніпулююць «лялькаводы»; сапраўды верылі, што ратуюць краіну ад пагроз. Невядома, і ў якім фізычным стане яны былі. Я чула, што ў 2010 годзе АМАП спэцыяльна не кармілі ў дзень Плошчы, каб байцы былі галодныя і хацелі хутчэй пабіць усіх ворагаў. Тыя ж прыёмы, мабыць, выкарыстоўвалі і сёлета. Таму была такая агрэсія.

Расьсьледаваньне сапраўдных прычын масавага гвалту, высьвятленьне імёнаў злачынцаў, прыцягненьне іх да адказнасьці — гэта вялікая праца, і не на адзін год. Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў, іншыя праваабарончыя ініцыятывы дакумэнтаваньня гісторый пацярпелых ужо шмат зрабілі. Я рада, што нашу працу падтрымалі на міжнародным узроўні. І веру, што суды адбудуцца і мы даведаемся, што адбывалася насамрэч.

Што тычыцца выставы «Машына дыхае, а я не» — то гэта быў жэст удзячнасьці мэдыкам, на якіх у 2020-м легла калясальная нагрузка. З аднаго боку, яны знаходзіліся пад ціскам пандэміі, з другога — пад ціскам уладаў. А потым дадалася яшчэ і сытуацыя з масавым гвалтам. У жніўні я сама вывозіла некалькі параненых, перадавала іх «хуткім» і добра памятаю сьлёзы на вачах тых фэльчараў.

Мэдыкам зноў давялося трымаць удар і зноў жа цярпець ціск з боку ўладаў — пачаліся звальненьні, «суткі». Ніякіх саступак і дыялёгу. Таму вельмі хацелася падзякаваць лекарам, што ў такіх выпрабаваньнях яны не саступілі сваім прынцыпам.

Ці знаходзіцца нашая краіна сёньня «на ШВЛ», ці ўжо папраўляецца і самастойна дыхае? Думаю, што на ШВЛ цяпер дакладна не грамадзтва, а ўлада. Яна штучна спрабуе зрабіць карцінку, што крызіс пераадолены.

Ня ведаю, што будзе з уладай далей: ці ажыве яна, ці сканае, але ад гэтага ўжо мала што залежыць, бо ў грамадзтве запушчаныя здаровыя працэсы — аб’яднаньне, калясальны ўзровень падтрымкі адзін аднаго, людзі ўжо дакладна ведаюць, што рабіць, каб разьвіваць і паляпшаць краіну. Я ўпэўнена, што калі ўлада памяняецца, гэты новы досьвед проста выбухне. Таму я гляджу на працэс з аптымізмам.

«Ня я біла мужа, ня я выслала сына з краіны. Гэта не мая адказнасьць»

— Што вы страцілі праз сваю актыўнасьць?

— Умоўна можна сказаць, што я страціла сям’ю. Майго мужа і малодшага сына дэпартавалі. Фактычна я засталася адна, бо старэйшыя дзеці ўжо дарослыя і маёй падтрымкай былі менавіта муж і малодшы сын. Я яшчэ ў працэсе перажываньня гэтай падзеі. Такое сур’ёзнае наступства ў маім жыцьці ўпершыню. Трэба навучыцца жыць пакуль так. Мой сын тэарэтычна можа прыехаць. Але ніхто ня дасьць гарантыі, што, калі ён будзе тут, мяне зноў не «закрыюць». Я высьвятляла, ці можна аформіць апеку на бабулю на такі выпадак, але загадзя такое нельга зрабіць. А паколькі мужу і мне былі прамыя пагрозы, што сына забяруць у прытулак, я пакуль не зьбіраюся так рызыкаваць.

У мяне была магчымасьць і час зьехаць, бо першага чалавека зь Міжнароднага камітэту расьсьледаваньня катаваньняў арыштавалі яшчэ на пачатку сакавіка. Але я сьвядома вырашыла застацца, бо я не рабіла нічога супрацьзаконнага. Мая дзейнасьць накіраваная не на разбурэньне ўлады, а на абарону правоў чалавека. Да таго ж я лічу, што працаваць у краіне больш эфэктыўна, чым дапамагаць з-за мяжы.

Незадоўга да ператрусу і арышту я запытала свайго мужа, ці ня крыўдзіцца ён на тое, што я не хачу зьяжджаць. І ён адказаў, што, безумоўна, не, ён мяне разумее.

Мне цяпер вельмі цяжка і адзінока, але я ні пра што не шкадую. Праўда, я не чакала, што будзе настолькі жорстка з мужам — яго дапытвалі і білі.

Некаторыя мае знаёмыя і нават родныя лічаць, што тут ёсьць мая віна, маўляў, ня трэба сёньня займацца такой небясьпечнай дзейнасьцю. Але я не зьбіраюся браць на сябе адказнасьць за іншых людзей. Ня я біла майго мужа, ня я рабіла супрацьзаконныя дзеяньні. Тое рабілі іншыя людзі, і гэта іхная адказнасьць. Я раблю сваю прафэсійную работу выключна законна. І калі гэта камусьці так не падабаецца, што яны гатовыя ўжываць гвалт і лічаць гэта апраўданым, то гэта не мая адказнасьць.

Ці разумею я цяпер аргумэнтацыю тых, хто баіцца дзейнічаць, «бо ў нас жа дзеці, сям’я»? У большасьці дарослых ёсьць дзеці. І што, усім ім ня думаць пра будучыню, а проста хавацца ад праблем? Мне здаецца, трэба разумець, што калі мы хочам іншую краіну для сваіх дзяцей, то трэба нечым ахвяраваць.

Што тычыцца майго першага досьведу знаходжаньня ў ІЧУ і СІЗА... Гэта непрыемна, балюча, крыўдна, несправядліва, але тысячы прайшлі праз ІЧУ, сотні празь СІЗА — і выйшлі з высока паднятай галавой. Значыць, і я змагу. Гэтая думка не дала мне запанікаваць тады і вымушае не баяцца цяпер.

— Што вы набылі праз актыўнасьць?

— Па-першае, я набыла сэнс жыцьця — рабіць нешта для іншых. Па-другое, цудоўных людзей, зь якімі знаёмлюся ўвесь час і рэалізую сумесныя ідэі. Гэта вялікае задавальненьне — сустракаць аднадумцаў і нешта рабіць разам. Мае здабыткі — сэнс жыцьця, добрыя людзі і задавальненьне ад працы.

— Ці было гэта таго варта?

— Вядома. Нават калі браць разлуку зь сям’ёй. Гэта ж часова. І ня проста так. Гэта цаглінка ў агульную справу. А як інакш? Гэтая хлусьня існавала ў краіне 26 гадоў, няўжо ж магчыма памяняць сытуацыю без асабістых страт?

Ня трэба быць рамантыкамі і думаць, што яно само неяк адбудзецца. Не, гэта адбудзецца толькі праз ахвяры пэўных людзей. Хтосьці ахвяруе свабодай, хтосьці сям’ёй, хтосьці грашыма. Кожны сам вызначае, колькі ён можа аддаць. І гэта нармальная сытуацыя, калі мы нечым ахвяруем.

І калі гаворыць дакладна, то я не лічу, што ахвяравала сям’ёй. Я ахвяравала часам, які б магла бавіць зь імі. Мой малодшы сын, якога я нарадзіла пасьля 30 гадоў, — вялікая крыніца натхненьня для мяне. Мы разам ходзім у сплавы па рэках, у паходы. Мне сумна, што нейкі час мы не пражывём разам гэтыя эмоцыі, будзем паасобку. Але такое жыцьцё, такая дыктатура. Сын ведае, што яго з бацькам прымусілі выехаць з краіны, і прымусіла ня я.

«Праз кнігі заклалася, што дабро заўсёды павінна перамагчы зло»

— Што фармавала вашу ўнутраную свабоду? Назавіце тры галоўныя фактары.

— Першае — гэта вольнае дзяцінства. Я расла ў 80-я. У маёй вёсцы не было гурткоў, і мяне ніхто асабліва не кантраляваў — выйшла з хаты і рабі што хочаш. Адзіныя ўмовы — памыць посуд ды прапалоць цыбулю.

Для сучасных дарослых гэта дзіка, што дзеці маглі самастойна хадзіць за 5 кілямэтраў ад дома, купацца там, дзе глыбока, і гэтак далей. Мне самой было б страшна, калі б мае дзеці такое чынілі. Але то была сапраўдная свабода, якая, безумоўна, паўплывала на мае фармаваньне.

Другі фактар — кніжкі. У нас іх было многа, і мы зь сястрой шмат чыталі. Добра памятаю сваю любімую кнігу — «Піянэры-героі». Вельмі любіла Рэмарка, захаплялася Грынам, Дзюма — «Граф Монтэ-Крыста», дзе няшчасныя героі нарэшце перамагалі. Пэўна, праз кнігі ўва мне заклалася, што дабро заўсёды павінна перамагчы зло.

Трэці фактар — людзі. Мне вельмі пашанцавала з настаўнікамі. Зь некаторымі я дагэтуль падтрымліваю кантакт. З 8 па 11 клясы я вучылася ў Стоўпцах. І там былі цудоўныя настаўніцы па рускай літаратуры, гісторыі, біялёгіі. Інга Яраславаўна, якая вяла гісторыю і грамадазнаўства, будавала навучаньне на абмеркаваньнях.

З настаўніцай па рускай літаратуры Жаннай Мікалаеўнай мы таксама вельмі шмат аналізавалі творы з розных бакоў: для яе было значна не фармальнае прачытаньне, а як мы зразумелі матывы герояў, якую вынесьлі мараль. Настаўніца па біялёгіі Вольга Георгіеўна, акрамя падручнікаў, выкарыстоўвала шмат інфармацыі зь іншых крыніц, і так выкладала, што біялёгію любілі ўсе, нават двоечнікі вучыліся добра.

А калі я прыйшла ў праваабарончую дзейнасьць, то сустрэла неверагодных людзей з розных краін, сэнс жыцьця якіх — у дапамозе іншым і ва ўсталяваньні справядлівасьці. Гэта былі і дысыдэнты савецкага часу, і актывісты Ўсходняй Нямеччыны. Яны натхнялі працягваць іх справу.

І такія годныя людзі не заканчваюцца ў маім жыцьці. Тыя ж самыя лекары. Гэта ж героі! Глядзіш на іх — і хочацца працаваць, хочацца, каб яны былі бачныя, каб ім не перашкаджалі рабіць сваю справу.

— Пра што б вы папярэдзілі цяпер саму сябе?

— Складана сказаць, пра што можна сябе папярэдзіць, калі ты ня робіш нічога дрэннага, але па цябе ўсё роўна прыйдуць. Атрымліваецца, трэба нічога не рабіць і схавацца. Але тады ты проста губляеш сябе. Таму ў мяне няма папярэджваньняў — трэба заставацца сабой і рабіць сваю справу мірнымі сродкамі.

Што я магу параіць сёньня тым, хто балюча перажывае сытуацыю татальнай несправядлівасьці ў краіне і ня ведае, што рабіць? Самае лепшае — зрабіць маленькі крок. Асобны чалавек ня можа зьмяніць усё, але можа працягнуць руку таму, з кім здарылася несправядлівасьць (любая, не абавязкова «палітычная»). Кожны, хто пакутуе, павінен знайсьці хаця б аднаго чалавека, які яго падтрымае. І так мы выкараскаемся. Вось такі плян.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(12)