Политика
Радыё Свабода

Пракуратура: Казуліна зьневажалі законна

Пракуратура Заводзкага раёну Менску прызнала законнымі дзеяньні супрацоўнікаў “Алмазу” датычна Аляксандра Казуліна падчас падзеяў 25 сакавіка. Абарона былога кандыдата на прэзыдэнта заяўляе, што будзе абскарджваць рашэньне пракуратуры.

Пракуратура Заводзкага раёну Менску лічыць правамоцным тое, як на Дзень Волі абышліся з Аляксандрам Казуліным супрацоўнікі міліцыі. Нагадаю, 25 сакавіка былы кандыдат на прэзыдэнта быў затрыманы й дастаўлены спачатку ў Заводзкае ўпраўленьне міліцыі, потым у Жодзінскую турму. Сам палітык у скарзе ў пракуратуру заявіў, што, калі яго везьлі ў турму, то траўмавалі рукі кайданкамі і ўвогуле абыходзіліся зьневажальна. Палітык прасіў пракуратуру Заводзкага раёну разабрацца й пакараць вінаватых. У дакумэнце, які атрымалі спадар Казулін і ягоныя адвакаты з Заводзкай пракуратуры Менску, прызнана, што Казуліна 25 сакавіка затрымлівалі супрацоўнікі адмысловага аддзелу ў барацьбе з тэрарызмам “Алмаз”. Аднак парушэньняў закону ў іхных дзеяньнях пракуратура не знайшла.

Адвакат Ігар Рынкевіч з гэтым ня згодны. Адвакат спасылаецца на судова-мэдычную экспэртызу здароўя Аляксандра Казуліна, якая была праведзеная неўзабаве пасьля затрыманьня. Паводле адваката, экспэрты прызналі факт нанясеньня кайданкамі траўмы Аляксандру Казуліну.

(Рынкевіч: ) “Такім чынам, з аднаго боку дактары прызнаюць, што гэта было. У той жа час пракуратура нам паведамляе, што нічога не было, закон ня быў парушаны. Між тым, Казуліна спрабавалі паставіць на калені, парвалі яму адзеньне. І гэта, паводле пракуратуры, не падпадае пад крымінальную адказнасьць? Таму абарона будзе гэтае рашэньне абскарджваць”.

Гэта ужо другі афіцыйна прызнаны факт дзеяньняў супраць кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна супрацоўнікаў антытэрарыстычнага аддзелу “Алмаз”. Нагадаю, 2 сакавіка алмазаўцы затрымалі спадара Казуліна ў Палацы культуры чыгуначнікаў падчас рэгістрацыі ўдзельнікаў Усебеларускага народнага сходу. Казулін сьцьвярджаў, што яго пры гэтым зьбілі. Дзеяньнямі алмазаўцаў тады кіраваў камандзір аддзелу Мікалай Карпянкоў. Паводле Казуліна, яго зьбіваў і камандзір брыгады спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў Зьміцер Паўлічэнка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)