«Практыка замоўчваньня стварыла «белыя плямы» ва ўспрыманьні нядаўняй мінуўшчыны нават у нацыянальна сьвядомых асобаў»

Публіцыст Сяргей Навумчык – пра тое, якім насамрэч быў для Беларусі пачатак 1990-х.

– Паглядзеў «Жыцьцё-маліна» Мікіты Мелказёрава з нью-ёрскім інвэстарам Ігарам Маханьком. Цікавая, як звычайна ў Мелказёрава, гутарка, асабліва як для мяне, чалавека бясконца далёкага ў роўнай ступені што да айці, што да інвэстмэнту, – піша Навумчык. – Адзначу і беларускую мову шаноўнага Ігара Маханька (што вельмі рэдка для беларускіх бізнэсоўцаў, на вялікі жаль).

Нельга не пагадзіцца з Маханьком, дзе ён кажа, што вельмі шмат было супраць беларусаў (і, дадам, ня толькі ў ХХ стагодзьдзі, але і ў папярэднія).

Але вось адна ягоная канстатацыя зьдзівіла: «90-я проста прыбілі ўсё нацыянальнае Адраджэньне».

Сяргей Навумчык

У нечым гэта, канешне, унікальная заява – бо афіцыйная прапаганда якраз падае пачатак 90-х як актыўнасьць «нацыяналістаў», разумеючы пад імі «нашчадкаў нацысцкіх акупантаў», а нацыянальна сьвядомыя, сумленныя гісторыкі, наадварот, адзначаюць гэты пэрыяд як вяршыню беларускага Адраджэньня ў ХХ стагодзьдзі.

Калі Ігар Маханёк сапраўды ня бачыць розьніцы паміж пэрыядам да прыходу Лукашэнкі ў 1994 годзе і пасьля, дык ягонае нэгатыўнае ўспрыманьне 90-х ён нічым не адрозьніваецца ад таго, што дзесяцігодзьдзямі насаджае ў сьвядомасьць беларусаў лукашэнкаўская прапаганда пра «лихие девяностые».

Цяпер па Беларусі нават фотавыставу пра пачатак 90-х возяць – з выявамі чэргаў  ля прадуктовых крамаў, талонамі на тавары першай неабходнасьці і г.д., што павінна стварыць у новага пакалентьня ўражаньне сацыяльнага апакаліпсісу.  Які ледзь не ў апошні момант перад канчатковым падзеньнем у бездань спыніў Лукашэнка.

Пры гэтым, заўважу, прапаганда бессаромна прадтасоўвае факты. Так, дыфіцыт прадуктаў і тавараў сапраўды быў, але ў апошнія гады існаваньня СССР. А ўжо з пачатку 1992-га рынак (і ў прамым, і ў пераносным сэнсах) пачаў насычацца, у 1993-м вы маглі свабодна набыць усё, што заўгодна; была іншая праблема – у людзей не хапала грошай.

Так, эканамічныя і сацыяльныя праблемы былі, і вельмі вострыя – але праз іх у пэрыяд трансфармацыі прайшлі ўсе без выключэньня постсацыялістычныя краіны былога «сацлягеру» і былыя  рэспублікі СССР. 

Розьніца ў тым, што Чэхія і Польшча, Эстіонія і Літва ня збочылі са шляху рынкавых рэформаў.

Але ў сэнсе нацыянальнага Адраджэньня паячатак 90-х быў па-сапраўднаму «залатым часам» (праўда, даваўся ён штодзённымі высілкамі тысяч актывістаў БНФ і ТБМ, дэпутатаў Апазыцыі БНФ у ВС-12, членаў Камісіі ВС па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны).

У пачатку 90-х адукацыйныя ўстановы пераходзілі на беларускую мову (1 верасьня 1993 ў беларускамоўныя класы пайшлі 80% школьнікаў), выдаваліся раней забароненыя творы рэпрэсаваных літаратараў, выходзілі навуковыя манаграфіі і папулярныя кнігі, у якіх упершыню раскрываліся тыя падзеі нацыянальнай гісторыі, якія замоўчваліся дзесяцігодзьдзямі.

Зьяўляліся новыя літаратурныя і гістарычныя часопісы, ладзіліся выставы мастакоў (дастаткова ўзгадаць суполку «Пагоня»), на сцэнах тэатраў ставіліся спэктаклі па пьесах,  пра якое маё пакаленьне школьнікаў 70-х нававт ня ведалі (напрыклад, «Тутэйшыя» Купалы).   

Якое ж тут «90-я проста прыбілі ўсё нацыянальнае адраджэнне»?

Нарэшце, калі б ня рух нацыянальнага Адраджэньня, вяршыняй якога было авбвяшчэньне Незалежнасьці Беларусі 25 жніўня 1991 – у пакаленьня Ігара Маханька былі б усе шанцы вырасьці ў Расейскай Фэдэрацыі і пазьней быць мабілізаваным пад які-небудзь Ваўчанск.

Ігару Маханьку, чыё школьніцтва, як я разумею, прыпала на канец 90-х — пачатак нулявых, гэтага ўжо не давялося засьпець. Ён, пэўна, ужо і вучыўся па іншых падручніках (тыя, выдадзеныя ў пачатку 90-х з бел-чырвона-белай вокладкай школьныя падручнікі па гісторыі, былі зьнішчаныя пасьля «рэфэрэндуму» 1995 г.).

Гэта прыклад, як практыка замоўчваньня – і ў адукацыі, і ў дзяржаўных СМІ – стварыла «белыя плямы» ва ўспрыманьні зусім нядаўняй мінуўшчыны нават у нацыянальна сьвядомых асобаў.

У нулявыя яшчэ хоць нешта заставалася ад пачатку 90-х, цяпер жа, калі ў Беларусі і адукацыя, і дзяржаўная прапаганда пракітычна ўжо цалкам пераведзеная на рэйкі «русского мира», мы атрымаем пакаленьне, якое (у большасьці сваім) будзе цалкам арыентаванае на Маскву.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(27)