Прагматычны падыход Ватыкана. Чаму Касьцёл маўчыць пра рэпрэсіі над сьвятарамі
Толькі ў 2023 годзе як мінімум дзесяць каталіцкіх сьвятароў зьведалі на сабе палітычны перасьлед. Дагэтуль ня дзейнічае Чырвоны касьцёл, улады забараняюць правядзеньне фэстываляў духоўнай музыкі.
Аднак афіцыйнай рэакцыі кіраўніцтва беларускага Касьцёлу і Ватыкану няма. Сваімі думкамі аб гэтым са Свабодай падзяліліся беларускія сьвятары і вернікі.
«Ціхае дамаўленьне з уладамі»
Каталіцкі вернік Павал* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхняй бясьпекі) мяркуе, што беларускія біскупы не выказваюцца пра палітычныя справы над сьвятарамі і рэпрэсіі ў дачыненьні да касьцёла, бо апублічваньне звычайна не дапамагае.
«Яны маюць досьвед апублічваньня, як усё выйшла з Чырвоным касьцёлам, праблемнымі справамі, зьвязанымі зь іншымі касьцёламі, вяртаньнем будынкаў у Бабруйску, Магілёве, калі біскупы выказваліся наконт новай рэдакцыі закону аб рэлігіях. Ці штосьці гэта дало? Нічога», — камэнтуе суразмоўца.
Павал думае, што вострыя справы, як у выпадку ксяндза Акалатовіча (30 сьнежня 2024 году 64-гадовага ксяндза Генрыка Акалатовіча асудзілі на 11 гадоў калёніі нібыта за «здраду дзяржаве»), вырашаюцца ў кулюарах.
«Гэта ня новае. Існавалі адносіны паміж Касьцёлам і ўладамі да 2020 году. Яны маюць досьвед, што ціхае закуліснае дамаўленьне з уладамі, пошук кампрамісаў працуе, і ўлады гэтага хочуць. Мы можам прыгадаць справу ксяндза Ўладзіслава Лазара. Касьцёл не выказваўся, не пратэставаў, Лазара ўрэшце выпусьцілі, ён працуе да сёньня», — зазначае Павал.
Суразмоўца адзначае, што грамадзкасьць ня ведае дэталяў, чаму адных сьвятароў арыштоўвалі ў адміністрацыйных справах, а іншых штрафавалі, чаму камусьці зь іх дазволілі выехаць за мяжу, а потым на некаторых завялі крымінальныя справы.
«Маглі не дазваляць. Мы ня ведаем, ці гэта была закулісная дамоўленасьць, ці не. Мы ня ведаем, я ўпэўнены, пра дзясяткі іншых выпадкаў, якіх ніколі не пабачыла грамадзкасьць», — разважае вернік.
Чарговая прычына маўчаць, на ягоную думку — гэта «магутны ціск».
«Думаю, біскупы адчуваюць, што цяпер трэба вытрываць ва ўмовах сыстэмы. Яны спрабуюць знайсьці ўмовы, у якіх можна далей функцыянаваць. Іх выклікаюць на прафіляктычныя гутаркі, праслухоўваюць іхныя размовы. Усялякія сыгналы біскупам пасылаюць.
Дастаткова адкрыць канал „Жоўтыя зьлівы“ і паглядзець стыль, у якім сілавікі намякаюць на інфармацыю, якую маюць пра сьвятароў. Гэтым яны шантажуюць», — кажа Павал.
Ён мяркуе, што празь ціск ярархі Касьцёла вымушаныя шукаць кампрамісаў і не заўсёды выказвацца, калі ад іх чакае грамадзтва.
«Касьцёл ідзе на супрацоўніцтва»
Яшчэ адзін суразмоўца Свабоды, ксёндз Ян, мяркуе, што Касьцёл маўчыць, бо запалоханы.
«[Сілавыя органы] маюць на некаторых святароў кампрамат. Усе ўсё ведаюць, але садзяць ня тых, на каго кампрамат маюць, а тых, на каго ня маюць. Таму і маўчаць, што тыя кіраўнікі Касьцёлу, якія сёньня ёсьць у Беларусі, на жаль, думаюць не пра дабро Касьцёлу, а пра сваё ўласнае дабро», — кажа сьвятар.
Адначасна ён мяркуе, што каталіцкія ярархі не маўчаць. Аднак яны выказваюцца толькі непублічна.
«Касьцёл выказваецца. Касьцёл ідзе на супрацоўніцтва. Касьцёл апраўдвае зло, называючы несправялівую сытуацыю свабодай веравызнаньня», — кажа ён пра біскупаў, якія цытуюць Лукашэнку або робяць выгляд, што ў Беларусі няма палітычных рэпрэсій.
Сьвятар перакананы, што справы ксяндзоў Генрыка Акалатовіча і Анджэя Юхневіча (яго абвінавачваюцца ў «пэдафеліі» – С.) палітычныя. Прыкметы гэтага, паводле яго, — мала інфармацыі аб справах, закрытыя суды, першапачатковае затрыманьне паводле палітычных артыкулаў.
«Каб гэтыя працэсы не былі палітычныя і справакаваныя толькі з мэтай запалохаць духавенства і грамадзтва, то яны мелі б у сабе склад злачынства, выглядалі б зусім інакш. Было б дакладна вядома, за што судзяць ксяндза Генрыха Акалатовіча. З аднаго боку, вядома, што ён нібыта прынёс Беларусі „матэрыяльнай шкоды“ на мільён даляраў. Усё падлічылі, але не агучылі, што ў Беларусі каштуе мільён», — разважае ён.
Справу сьвятара Юхневіча ксёндз Ян лічыць «сьмешнай».
«Яго паўгода трымаюць за кратамі, і пасьля мы даведваемся, што судзіць яго будуць за пэдафілію. Паўстае пытаньне: у які момант улады даведаліся, што было гэтае злачынства? На якой падставе, калі ёсьць пэдафіл, органы дазваляюць сабе затрымаць чалавека не паводле складу злачынства пэдафіліі, а ў адміністрацыйным працэсе? Гэта значыць, што рэжым пакрывае пэдафілаў. Рэжым — саўдзельнік», — кажа суразмоўца.
Ксёндз Ян разважае, што калі б ксёндз Юхневіч зьдзейсьніў злачынства, зьвязанае з пэдафіліяй, то ў такім выпадку пра гэта ўжо раней ведалі б сілавыя структуры.
«У Беларусі доўгі час кожны сьвятар знаходзіўся пад каўпаком. На кожнага зьбіралі кампрамат. Гэта занадта прывабная рэч для злачыннага рэжыму — пэдафілія — каб апублікаваць гэта, калі сьвятар маральны, прапаведуе слова Божае і выступае супраць гвалту, супраць беззаконьня, супраць вайны. Калі не было гэта апублічана раней, то значыць, на маю думку, няма ніякай справы», — перакананы суразмоўца.
Ксёндз Анджэй — манах-аблат. Ягонае манаскае кіраўніцтва знаходзіцца ў Польшчы. Але і польская манаская супольнасьць не выказвалася наконт гэтых абвінавачаньняў.
Прыкметай палітычнага перасьледу ксёндз Ян лічыць і тое, што пра справу ксяндза Юхневіча не выказваюцца ні беларускія біскупы, ні Ватыкан, хаця яны мусілі б адрэагаваць на закіды ў пэдафіліі духоўнай асобы. Ён дадае, што не вядома, каб Ватыкан заступіўся за гэтых беларускіх сьвятароў.
«Ватыкан займаецца палітычнай дзейнасьцю ў інтарэсах Ватыкану. Інтарэсы беларускія не прадугледжваюцца. Ватыкан гаворыць з тымі, хто мае сілу. Крэмль мае сілу. Яны будуць гаварыць з Крамлём пра нейкі дыялёг. Пра Беларусь ня будуць гаварыць, бо Беларусі няма для іх», — мяркуе сьвятар.
Суразмоўца дапускае, што ксяндза Юхневіча ня выпусьцілі, бо яго ня здолелі зламаць.
«А цяпер ты паспрабуй адмыцца, будучы за кратамі, калі цябе катавалі. Цяпер паспрабуй апраўдацца. Ніхто табе слова ня скажа добрага. Як убачылі, што няма за што прычапіцца, — пэдафіл, вось і ўсё», — разважае сьвятар пра наступствы такога абвінавачаньня, нават калі яно беспадстаўнае.
Маўчаньне пра палітыку
Яшчэ адзін суразмоўца Свабоды, ксёндз Андрэй, мае іншую думку. Паводле яго, біскупы не бароняць сваіх сьвятароў, бо гэта, магчыма, і не палітычныя справы. Ксёндз Андрэй успомніў пра выпадак, калі Касьцёл заступіўся за беларускага сьвятара. Гэта быў ксёндз Уладзіслаў Лазар, які тады кіраваў парафіяй у Барысаве.
Яго затрымалі ў 2013 годзе і абвінавацілі ў шпіянажы. Пасьля паўгода ўтрыманьня ў СІЗА КДБ сьвятара выпусьцілі, ягонай віны не даказалі.
«Тады Касьцёл у асобе нунцыя Гуджэроцьці (прадстаўнік папы Рымскага ў Беларусі ў той час) заступіўся. Дзякуючы яму ксяндза Ўладзіслава Лазара вызвалілі. Думаю, у асобе Антэ Ёзіча (прадстаўнік Ватыкану ў Беларусі з траўня 2020-га да чэрвеня 2024 году) ёсць нейкая абарона, заступніцтва за беларускіх святароў. Магчыма, Ватыкан нешта кажа, каб не было вельмі ўжо жорстка, праз Антэ Ёзіча», — думае сьвятар.
Ён успомніў, што цяперашні кіраўнік Касьцёлу ў Беларусі мітрапаліт Юзаф Станеўскі пасьля пратэстаў 2020 году папярэдзіў ксяндзоў на агульнай сустрэчы, каб яны не выказваліся на палітычныя тэмы, бо ён ня будзе іх бараніць.
Ніякіх абурэньняў
Яшчэ адзін каталіцкі сьвятар, які сам быў вымушаны выехаць зь Беларусі пасьля 2020 году, у размове са Свабодай не зьдзіўляецца, чаму прадстаўнікі Касьцёлу ніяк афіцыйна не рэагуюць на рэпрэсіі і не бароняць сваіх публічна.
«Мы бачым біскупаў каталіцкіх, якія ўжо спрабуюць публічна хваліць злачынную ўладу. Не адзін раз мітрапаліт Менскі цытаваў словы кіраўніка краіны, які незаконна трымае ўладу ў сваіх руках. Так што ня будзе ніякіх абурэньняў і зваротаў з боку Каталіцкай царквы. Таму што Ватыкан мае сваё бачаньне, ён увогуле пра Беларусь ня думае. Ён думае пра нейкі ілюзорны глябальны сьвет, і ў гэтай канфігурацыі сьвету для Беларусі проста няма месца», — кажа сьвятар.
Паводле ягоных слоў, Ватыкан у сваёй усходняй палітыцы, якую прасоўвае, пачынаючы ад Карыбскага крызісу, прагматычна падыходзіць да праблемных сытуацый і размаўляе толькі з тымі, хто мае сілу.
«Вось сёньня беларускі рэжым мае сілу — яны з гэтым рэжымам гавораць. А калі заўтра адбудзецца нейкая раптоўная перастаноўка, хтосьці іншы возьме ўладу, яны адразу пачнуць гаварыць з новай уладай. Але ў такой цяперашняй канфігурацыі Беларусь для Ватыкана ня мае ніякага інтарэсу. Для Ватыкану вельмі важна, каб усё было ціха і спакойна.
Яны разумеюць, што сёньня Беларусь акупаваная, і мы ж бачылі, як на аўдыенцыях з Лукашэнкам нунцыі ўсьміхаліся. Яны ўсе разумеюць, што гэта несур’ёзна, а сур’ёзны суразмоўца знаходзіцца ў Маскве і мае сілу ў сваіх руках. У такой сытуацыі не прадугледжана рэакцыя Ватыкану ў абароне мясцовага Касьцёлу», — разважае суразмоўца.
Сьвятар лічыць, што абавязавак мясцовых біскупаў — бараніць правы Касьцёлу. Але Ватыкан зараз прызначае ў Беларусь такіх біскупаў, якія праводзяць зручную для ўсіх палітыку.
«Галоўнае для Ватыкану — каб біскупы былі паслухмянымі і праводзілі агульнапрынятую лінію. Таму спадзявацца, што або Ватыкан штосьці скажа, або Касьцёл у Беларусі абароніць кагосьці са сьвятароў, не выпадае. Гэта немагчыма. Хтосьці выступіць у іх абарону: маўляў, біскупы ня могуць запярэчыць, бо ўсе ведаюць, які рэжым пануе ў Беларусі.
Так, біскупы не маглі пайсьці на прысуд Акалатовіча, бо ў іх быў страх за сваю шкуру, за сваё крэсла. Магчыма. Але які страх можа быць у сакратара папскай нунцыятуры, які афіцыйна працуе ў Беларусі?» — задае рытарычнае пытаньне сьвятар.
Суразмоўца мяркуе, што такі сымбалічны жэст з боку Ватыкану быў цалкам магчымы. Але яго не адбылося.
«І тут мы бачым прагматычны падыход Ватыкану. Гэта сьвядомы выбар — ня ўдзельнічаць у гэтых працэсах і дазваляць рэжыму зачышчаць Касьцёл ад тых элемэнтаў, так бы мовіць, якія рэжыму не падабаюцца», — перакананы сьвятар.
Читайте еще
Избранное