Политика
Анастасiя ЗЕЛЯНКОВА

Польскi сіндром

19 лютага карэспандэнту “Gazety Wyborczaj” Вацлава Радзівіновіча не дазволілі ўехаць у Беларусь. Пасля праверкі дакументаў гродзенскія памежнікі, нягледзячы на наяўнасць у польскага журналіста сапраўднага пашпарту, візы і акрэдытацыі Мінстэрства замежных спраў Беларусі, адправілі яго назад у Варшаву.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі Вацлаў Радзівіновіч мае праблемы на беларускай мяжы — звычайна справа заканчвалася затрыманнем і вобыскам, як тое было ў жніўні мінулага года, калі Радзівіновіч ехаў асвячаць паўторны шосты з’езд Саюза палякаў. Цяпер карэспандэнту “Gazety Wyborczaj” патлумачылі, што ўезд у Беларусь яму ўвогуле забаронены. У выпадку супраціўлення супрацоўнікі беларускіх службаў прыгразілі Радзівіновічу выклікаць міліцыю.

У Дзяржакамітэтце памежных войск сітуацыю з дэпартацыяй польскага карэспандэнта пракаментавалі “Салідарнасці” наступным чынам:

— Радзівіновіч быў адпраўлены назад у Варшаву, паколькі яму абмежаваны ўезд у Рэспубліку Беларусь. Мы не кампетэнтныя даваць тлумачэнні. Хто можа пракаментаваць?.. Тыя асобы, якія абмежавалі ўезд журналіста...

Паводле паведамленняў некаторых інфармацыйных агенцтваў, Вацлаў Радзівіновіч накіроўваўся ў Мінск з тым, каб узяць інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі. Аднак, як стала вядома, сам кіраўнік дзяржавы на гэтае інэрв’ю згоды не даваў. Як заявіў Радыё Свабода намеснік галоўнага рэдактара “Gazety Wyborczaj” Пётр Стасінскі, спробы дамовіцца на размову з Лукашэнкам ніякага плёну не прынеслі. “Замест таго, каб адмовіць нашаму журналісту ў інтэрв’ю, прэзідэнт вырашыў не пусціць яго ў Беларусь”, — адзначыў ён. Пётр Стасінскі таксама паведаміў, што ягоная газета будзе актыўна пратэставаць супраць выдалення свайго карэспандэнта і зробіць усё, каб напярэдадні і ў часе прэзідэнцкіх выбараў мець свайго журналіста ў Беларусі.

Адзначым, што за дзень да інцэдэнта з Радзівіновічам праблемы на мяжы ўзніклі ў рэдактара польскамоўнай газеты Glos znad Niemna Анджэя Пісальніка, які вяртаўся з Савета па справах палякоў замежжа пры спікеры Сейма. Падчас мытнага дагляду ў яго былі канфіскаваныя матэрыялы пасяджэння, часопіс, які выдае нацыянальна-культурнае аб’яднанне палякаў Латвіі, а таксама пашпарт. Без пашпатру пасля мытнага дагляду засталася і старшыня непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, якая вярталася з Польшчы пасля ўдзелу ў пасяджэнні Савета Палоніі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)