Польскі аналітык: «Еўропа зараз падыходзіць да Беларусі цынічна-прагматычна»

Аналітык «Rzeczpospolita» — пра ўмовы для перамен.

— Перамены ў Беларусі хутка не наступяць, — выказаў меркаванне Руслан Шошын на Рацыі. — І праблема тут не толькі ў Лукашэнку.

Руслан Шошын

Не адзін ён адказвае за тую жудасную сітуацыю ў краіне. Там ёсць цэлы апарат людзей, якія зацікаўлены, каб быў дыктатар. Ёсць спецслужбы, прыкормленыя бізнесмены, так званыя палітыкі на ўсіх узроўнях.

Яны ведаюць, што пасля ўсіх падзей, якія адбываліся з 2020 года, катавання людзей у турмах, наўрад ці ў Новай Беларусі гэта засталося б без ніякага адказу, юрыдычнай ацэнкі і прыцягнення тых, хто ўдзельнічае ў жудасных рэпрэсіях, да адказнасці.

Інстынкт самазахавання падказвае ім, каб дыктатура ўсё ж такі трывала. Да таго ж вядома, што ў Беларусі сотні тысяч людзей у пагонах.

Гэта смутная рэчаіснасць нагадвае Паўночную Карэю, толькі без дынастый. Розніца ў тым, што ў Беларусі людзі не ходзяць галодныя ды худыя, то бок яшчэ не такі трагічны эканамічны стан.

Але з пункту гледжання рэпрэсій, канешне, падабенства напрошваюцца. І, на жаль, я не бачу на сённяшні дзень унутры краіны нейкіх рухаў ці перадумоў, каб вярнуліся масавыя пратэсты і забастоўкі на прадпрыемствах.

Усё ж такі рэжыму гэта мадэль абыходжання санкцый і расійская кармушка дазваляе своечасова выплачваць пенсіі і заробкі. Калі б адбыўся эканамічны крызіс, шансы на тое, што людзі зноў выйдуць на вуліцы, з’явіліся б.

А так, калі размаўляеш з людзьмі ў краіне, асабліва ніхто не хоча закранаць тэму палітыкі. Многія павыдалялі свае акаўнты з інтэрнэту, у большасці пануе атмасфера страху.

Істотнай дапамогі беларусам у краіне, на думку аналітыка, не змогуць аказаць і дэмакратычныя сілы. Не спрыяе гэтаму іх знаходжанне па-за мяжой і час.

— Адзінае, што сёння маюць дэмакратычныя сілы — гэта сама Святлана Ціханоўская, якая без усялякіх сумневаў была лідарам гэтай палітычнай гонкі, сімвалам пратэснай Беларусі і выйграла выбары, калі б дыктатура не забрала гэтую магчымасць у беларусаў.

Калі казаць пра перамены ўнутры Беларусі, то я не ведаю прыкладаў, калі створаныя за мяжой структуры прыязджаюць і пераймаюць уладу цалкам.

Да таго ў беларускага дэмакратычнага руху няма часу. Ён заканчваецца. Прыклад — Венесуэла і Гуайдо. Напачатку з ім усе сустракаліся, рабілі фотаздымкі, падтрымлівалі, нават парламенты іншых краін прызнавалі яго прэзідэнтам Венесуэлы.

Усё было яшчэ на больш вышэйшым узроўні, чым у сітуацыі са Святланай Ціханоўскай. Але пасля ў апазіцыі прайшла ўнутраная турбуленцыя, усё пачало развальвацца, і ўрэшце Захад вярнуўся да стасункаў з Мадура і венесуэльскімі ўладамі.

Так, там ёсць нафта, таму крыху іншая сітуацыя. Лукашэнка не такі прываблівы. Але ўсё ж такі сёння для Захаду няма стратэгіі нават па Украіне. Нельга сабе ўявіць, што ён прыме рашэнне правесці нейкія рэвалюцыйныя дзеянні ў Беларусі, калі ўнутры самой краіны нічога не будзе адбывацца.

Еўропа зараз падыходзіць да гэтага цынічна-прагматычна — каб не было горш, каб не з’явілася новага канфлікту на мяжы з Еўразвязам, каб не было нейкай новай вайны, у якую трэба будзе ўкладваць грошы.

І пакуль на Захадзе сядзяць ціха і чакаюць, пакуль не скончыцца нейкі фармат расійскай агрэсіі ва Украіне, Беларусь застаецца дзесьці збоку.

Таму, падкрэсліваю, перамены ў краіне без беларусаў унутры краіны нерэальныя. Нейкая частка беларусаў сапраўды махнула рукой, мусіць, добра як ёсць, толькі каб не было вайны.

Але таксама ёсць людзі, якія хочуць перамен, нават не баяцца, хоць і пануе атмасфера страху. І гэта пытанне, ці дойдзе беларускае грамадства да таго, каб у нейкі момант самім захацець зрынуць Лукашэнкку, каб паўтарыўся 2020 год, — разважае Шошын.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(17)